Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва

Беларускія эміграцыйныя калекцыі

Дадатак да альманаху "Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва" (№36. Нью-Ёрк – Менск, 2013)

Мультымэдыйнае выданьне Укладальнік: Натальля Гардзіенка

Да калекцыіНа галоўную

Рэчы й іншае

Апынуўшыся на эміграцыі беларусы стваралі свой сьвет ня толькі дзякуючы друкарскаму станку. Яны аздаблялі прастору й сябе разнастайнымі рэчамі зь беларускай сымболікай. Натуральная частка штодзённага жыцьця — тыя рэчы ў некаторых сем’ях рабіліся элемэнтамі сямейнага побыту й гісторыі, перахоўваліся дзесяцігодзьдзямі. Менавіта дзякуючы гэткаму ашчаднаму стаўленьню захаваліся матэрыяльныя сьведкі эміграцыйнага існаваньня розных часоў. Пры гэтым вялікая калекцыя рэчаў, што паходзілі як з эміграцыі, гэтак яшчэ й з даваеннага жыцьця ў Беларусі, мэтанакіравана зьбіралася й захоўваецца ў музэі Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны. Ягоныя зборы, багатыя й каштоўныя, ужо рабіліся аб’ектам калі не спэцыяльнага вывучэньня, дык хоць павярхоўнага апісаньня [1]. А вось калекцыя рэчаў, што захоўваюцца ў БІНіМе, дасюль яшчэ не трапляла ў поле зроку дасьледнікаў. Таму менавіта на ёй мы спынімся ў гэтым аповедзе.

Як і творы мастацтва, рэчы ў Інстытуце зьбіраліся спарадычна. Зьвярталася ўвага на ўсё беларускае паводле паходжаньня й зьместу. Найбольш каштоўная рэч у калекцыі паходзіць не з эміграцыі, але зьбераглася менавіта дзякуючы ёй — гэта легендарны кніжны нож Янкі Купалы, якім, паводле адной з вэрсіяў, пісьменьнік рабіў спробу самагубства.

Уласна эміграцыйныя рарытэты паходзяць найперш з часоў лягераў DP. Дбайнасьцю сем’яў Савёнкаў—Кіпеляў захаваліся самаробныя карты ды шахматы, вырабленыя Лявонам Савёнкам, у якія гулялі ўцекачы ў паваеннай Нямеччыне. Унікальнымі сьведчаньнямі часу зьяўляюцца й скаўцкія рэчы — сьвісток, пілётка, разнастайныя нашыўкі, а таксама вялікі нож з адпаведнай беларускай скаўцкай сымболікай, што належаў беларусу Дзьмітрыю Сямёнаву.

Асобную групу рэчаў складае нацыянальнае адзеньне. Яго шылі беларускі ў розных краінах эміграцыі для сябе, мужоў, дзяцей. Гэткае адзеньне было неад’емнай часткай нацыянальных мерапрыемстваў. У калекцыі БІНіМу ёсьць жаночыя й мужчынская кашулі, спадніца, камізэлька, фартух, паясы, перададзеныя Раісай Жук-Грышкевіч з Канады. Ёсьць таксама вышываная жаночая сукенка й мужчынская кашуля ды паясы, перададзеныя матушкай Вольгай Бурнос з Аўстраліі.

Захоўваецца ў БІНіМе таксама пярсьцёнак з выявай Пагоні ад Антона Маркевіча з Канады ды бірулька аўтарства Жоржа Навумчыка з ЗША. Варта згадаць, што эмігранты выраблялі сапраўды розныя рэчы для пазначэньня прасторы навокал як беларускай. Вядомыя ня толькі адмысловыя налепкі з Пагоняю, але й нумары для аўтамабіляў зь беларускімі надпісамі, а таксама падстаўкі пад піва з назваю Беларуска-амэрыканскага грамадзкага цэнтру ў Саўт-Рывэры.

Некаторыя рэчы былі зьвязаныя зь мерапрыемствамі, што ладзілі эміграцыйныя арганізацыі. Так, з нагоды шостай Сустрэчы беларусаў Аўстраліі зьявіўся адмысловы кубак з сымболікай і надпісам. На Беларускіх фэстывалях у Нью-Джэрзі ў 1976, 1977 і 1979 гг., якія наведвалі да 5 тысяч чалавек, працавалі адмысловыя сувэнірныя камітэты, адказныя за выраб і продаж прадукцыі зь беларускай сымболікай [2]. Дзеля фэстываляў і іншых мерапрыемстваў адмыслова вырабляліся беларускія лялькі, кніжныя закладкі, шпількі й кулоны, кубкі й абрусы зь беларускім арнамэнтам, цішоткі з Пагоняй, мапай Беларусі, асадкі зь беларускімі надпісамі ды шмат-шмат іншага. Памятная талерка з выявай царквы Сьв. Еўфрасіньні Полацкай была вырабленая ў 1988 г. у амэрыканскім Саўт-Рывэры. Акрамя таго, у сувязі са значнымі падзеямі ў жыцьці эміграцыйнай супольнасьці зьяўляліся спэцыяльныя стужкі. У калекцыі БІНіМу іх каля дзясятка, прысьвечаныя сустрэчам беларусаў Паўночнай Амэрыкі, угодкам Абвяшчэньня незалежнасьці БНР, Першай сусьветнай сустрэчы вэтэранаў, высьвячэньню царквы ў Дэтройце ды інш. Стужкі найчасьцей былі белага колеру з чырвонымі літарамі, аднак часам зьяўляліся й іншыя варыянты дызайну.

Безумоўна, прадстаўленыя ў БІНіМе рэчы — гэта невялікая частка вырабленага эмігрантамі. Але й тое, што ёсьць, зьяўляецца сьведчаньнем разнастайнасьці й шматграннасьці матэрыяльнай спадчыны беларускай эміграцыі. Пры гэтым БІНіМ ня толькі зьбірае беларусіку матэрыяльную, але і ў меру магчымасьці дае экспанаты ў іншыя музэі, каб рэгістраваць беларускую прысутнасьць у ЗША. Так, Музэю гораду Ньюарк (Нью-Джэрзі) былі падараваныя беларускія лялькі. У Скаўцкі музэй у Тэхасе перададзеная беларуская скаўцкая адзнака, выразаная з дрэва лінейка. Лялькі былі таксама падараваныя ў іншыя музэі. У Фэдэральным музэі Эліс-Айлэнду дзякуючы БІНіМу прадстаўленая карціна “Беларускія эмігранты” Пётры Мірановіча.

Акрамя згаданага ў зборах Інстытуту захоўваюцца й некалькі паўнавартасных альбомаў-калекцыяў. Першы зь іх, створаны сябрам Украінскай філятэлістычнай асацыяцыі ў ЗША Ўолтэрам Трэмбіцкім у Нью-Ёрку ў 1959 г., утрымлівае ўнікальную калекцыю беларускіх марак. Зьмест другога — вялікі збор запалкавых этыкетак, вырабленых рознымі прадпрыемствамі ў БССР. Каштоўнасьць гэтых калекцыяў складана пераацаніць.

[1] Гл. напрыклад: Гардзіенка, Натальля. Беларусы ў Вялікабрытаніі. Мінск, 2010. С. 448—449.

[2] Zaprudnik, Jan. Belarusian Festivals and Exhibitions in New Jersey: Political Information Through the Language of Art (1948—2011) = Беларускія фэстывалі й выстаўкі ў Нью Джэрзі: Палітычная інфармацыя моваю мастацтва (1948—2011). New York: Belarusian Institute of Arts and Sciences, 2013. С. 110, 116.

КАЛЕКЦЫІ