Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва

Беларускія эміграцыйныя калекцыі

Дадатак да альманаху "Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва" (№36. Нью-Ёрк – Менск, 2013)

Мультымэдыйнае выданьне Укладальнік: Натальля Гардзіенка

Да калекцыіНа галоўную

Паштоўкі

Паштоўкі — асобы від паштовых адпраўленьняў з поўнафарматнай выявай з аднаго боку, прызначаны для адкрытага ліста (без капэрты). Іх беларуская гісторыя пачынаецца ад канца ХІХ ст. Паштоўкі зьяўляюцца ня толькі адмысловым відам мастацтва, але й каштоўнымі гістарычнымі крыніцамі. У эміграцыйных зборах захаваліся сотні беларускіх паштовак ад пачатку ХХ ст. да сучаснасьці. Найвялікшыя іх калекцыі можна знайсьці ў Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лёндане й Беларускім інстытуце навукі й мастацтва, дзе яны адмыслова зьбіраліся. У прыватных фондах беларускіх эміграцыйных дзеячаў сярод разнастайнай карэспандэнцыі таксама захоўваюцца паштоўкі.

Гісторыя беларускіх паштовак наогул і эміграцыйных у прыватнасьці дасёньня маладасьледаваная. Ёсьць шэраг публікацыяў і альбомаў [1], згадкі пра канкрэтныя паштоўкі ці сэрыі [2]. Першай і, бадай, адзінай спробай сыстэматызацыі зьвестак пра эміграцыйныя паштоўкі зьяўляецца тэкст Юрыя Гарбінскага, заснаваны на асобных пазыцыях “Бібліяграфіі беларускага друку на Захадзе” Зоры й Вітаўта Кіпеляў, а таксама вывучэньні некаторых прыватных збораў эмігрантаў. Аўтар разгледзеў асноўныя жанравыя асаблівасьці паштовак, падаў зьвесткі пра сэрыі й мастакоў, якія мелі да іх дачыненьне, пра наклады й тэхнічныя асаблівасьці друку, асобна вылучыў рэлігійныя паштоўкі [3]. Разам з тым, сур’ёзнае вывучэньне эміграцыйных паштовак, як і беларускіх паштовак наогул, яшчэ наперадзе.

У створанай намі базе, аснову якой склалі зборы БІНіМу й Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны, больш за дзьве сотні картак. Аднак ня ўсе іх, на жаль, магчыма дакладна лякалізаваць паводле месца й часу выданьня.

Найбольш раньнія беларускія паштоўкі, што захаваліся ў БІНіМе, паходзяць з пачатку ХХ ст. Гэта выявы беларускіх гарадоў: Пінску, Віцебску, Брэсту ды інш. Першая з дакладна датаваных адлюстроўвае Віцебскую вуліцу й Мікалаеўскі сабор у Полацку (1904). Акрамя часоў Расейскай імпэрыі ёсьць яшчэ нямецкія паштоўкі з выявамі гарадоў, выдадзеныя ў часы Першай сусьветнай вайны. Захаваліся таксама пазьнейшыя беларускія, прыкладам, выдадзеныя Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа. Некаторыя паштоўкі з выявамі беларускіх гарадоў пачатку ХХ ст. перадаў у БІНіМ вядомы калекцыянэр з Латвіі Вячка Целеш. Цікавая паштовая картка з выявай беларускіх хлопчыка й дзяўчынкі ды надпісам “Белоруссы” выйшла на пачатку ХХ ст. у Парыжы. Абставіны яе выданьня пакуль нявысьветленыя, аднак само месца зьяўленьня ў зьвязку з тэматыкай робіць гэты друк унікальным.

Аснову эміграцыйных калекцыяў, безумоўна, складаюць паштоўкі, выдадзеныя па-за межамі сучаснай Беларусі рознымі нацыянальнымі грамадзкімі арганізацыямі. Тут зьвяртаюць на сябе ўвагу друкі, зьвязаныя зь дзейнасьцю ўраду БНР, як, прыкладам, фотапаштоўка са здымкам Першага складу кіраўніцтва беларускай дзяржавы, бэрлінская паштоўка з гербамі беларускіх гарадоў, паштоўкі з выявамі беларускіх дзеячаў (Алеся Гаруна, Цёткі, Івана Луцкевіча й інш.). Варта згадаць і выдадзеныя ў Коўне Беларускім таварыствам імя Ф. Скарыны паштоўкі з Нацыянальным беларускім штандарам. У Вільні выходзілі беларускія паштоўкі і ў 1930-х. У БІНіМе ёсьць друкі 1939 г. з творамі беларускіх мастакоў, у прыватнасьці, Пётры Мірановіча.

Выдаваліся ў міжваенны час паштоўкі й беларусамі Латвіі, як, напрыклад, паштовая картка з мапай, на якой адлюстраваны стан беларускай меншасьці ў Латгаліі. Ад 1920-х гг. зьяўляліся беларускія паштоўкі і ў Чэхаславаччыне. Адна з найбольш раньніх у калекцыі БІНіМу — “Беларускі сакол” з надпісам “Жылі раней і будзем жыць заўсёды” — належыць да праскага выдавецтва. Варта згадаць, што ў часы Другой сусьветнай вайны ў Празе была выдадзеная цэлая сэрыя з 15 паштовак “Краявіды Беларусі” з выкарыстаньнем здымкаў, зробленых Янам Булгакам [4]. Некаторыя зь іх, як “Двор у Наве каля Баранавіч” або “Замкавы канал у Нясьвіжы”, таксама захаваліся ў зборах БІНіМу.

Нягледзячы на адносна шырокую геаграфію, у міжваенны й ваенны час беларускія паштоўкі на эміграцыі зьяўляліся даволі спарадычна, а справа іх зьбіраньня і ўліку ўскладняецца ня толькі фрагмэнтарнасьцю іх захаваньня, але й даволі абмежаванай інфармацыяй пра самі выданьні. Тыя міжваенныя й ваенныя паштоўкі выконвалі найчасьцей менавіта рэпрэзэнтацыйную функцыю, прадстаўляючы навакольнаму грамадзтву Беларусь і беларусаў.

Больш шырока паштоўкавыдавецкая дзейнасьць разгарнулася адразу пасьля Другой сусьветнай вайны, калі значная колькасьць беларускіх эмігрантаў апынулася на тэрыторыі саюзьніцкіх акупацыйных зонаў Нямеччыны. Ад гэтага часу паштоўкі выразна выконвалі некалькі найважнейшых функцыяў. Па-першае, яны былі сродкам камунікацыі паміж “сваімі”, іх скарыстоўвалі ня толькі для віншаваньняў з тым ці іншым сьвятам (хоць сьвяточных паштовак было багата), але й для пісаньняў кароткіх лістоў-паведамленьняў. У часы, калі ў лягерах DP узьнікалі праблемы з паперай або ў карэспандэнтаў не было дастаткова часу, для невялікіх пасланьняў скарыстоўвалі менавіта блянкі паштовак. Па-другое, паштоўкі, як і ў міжваенны час, былі знакамі беларускай прысутнасьці ў шматнацыянальным моры эмігрантаў, яны рэпрэзэнтавалі беларусаў, што абумовіла зьяўленьне адметнай колькасьці паштовак зь беларускімі краявідамі, з выявамі нацыянальных дзеячаў і сымбаляў, з эмблемамі нацыянальных арганізацыяў.

Выданьне паштовак у першыя пасьляваенныя часы было справай даволі складанай. З аднаго боку існавалі абмежаваньні на выдавецкую дзейнасьць у лягерах DP, зь іншага — часам не было мастакоў і сродкаў для якаснага друку, таму абыходзіліся наяўнымі сіламі, у тым ліку й мастацкімі здольнасьцямі навучэнцаў гімназій.

Вялікай актыўнасьцю ў выданьні паштовак у паваеннай Нямеччыне адзначыліся скаўцкія арганізацыі. У зборах БІНіМу ёсьць асобныя паштоўкі й сэрыі, выдадзеныя Першым сьцягам Згуртаваньня беларускіх скаўтаў на чужыне ў Ватэнштэце. Сярод іх паштоўкі, прысьвечаныя другой гадавіне існаваньня самога Згуртаваньня (1945—1947), шэраг паштовак з выявамі скаўцкай дзейнасьці, віншавальныя паштоўкі “Вясёлых сьвятаў”. Аўтарам ватэнштэцкіх скаўцкіх паштовак быў Алег Махнюк [5]. Захаваліся таксама выданьні Скаўцкага штандару “Гарц”, напрыклад, паштоўка ў гонар Кастуся Каліноўскага, а таксама скаўцкага выдавецтва “Крыніца”, дзе выходзілі сэрыі паштовак зь беларускімі краявідамі, з выявамі нацыянальных дзеячаў [6].

Яшчэ у 1946 г. у лягеры Ватэнштэт арганізаваў сваё выдавецтва Янка Сурвіла. Ён выдаў сэрыю паштовак зь беларускімі краявідамі, у тым ліку з выкарыстаньнем карцін мастака Пётры Мірановіча (у калекцыі БІНіМу захоўваецца 10 паштовак з гэтай сэрыі), а таксама паасобныя паштоўкі, прыкладам, “Жыве Беларусь!”.

Розныя выдавецтвы й выдаўцы ў паваеннай Нямеччыне працягвалі традыцыю друкаваньня паштовак з выявамі беларускіх дзеячаў, што была запачаткаваная яшчэ ў міжваенны час. Так, у другой палове 1940-х гг. пабачылі сьвет паштоўкі-партрэты Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы [7], Кастуся Каліноўскага, а таксама з своеасаблівымі галерэямі выяваў дзеячаў беларускага адраджэньня й Рады БНР.

Асобную групу нямецкіх беларускіх выданьняў складаюць разнастайныя віншавальныя паштоўкі, найперш велікодныя й калядныя. Яны значна адрозьніваюцца паводле якасьці. Ёсьць прыклады даволі простых малюнкаў з адпаведнымі надпісамі, а ёсьць і выкшталцоная сэрыя зь дзевяці калядных паштовак зь зімовымі краявідамі й вершаванымі радкамі, што пабачыла сьвет у выдавецтве газэты “Бацькаўшчына” ў Мюнхэне ў 1955 г. [8]. Ініцыятарам-адміністратарам выданьня быў Янка Запруднік.

Варта адзначыць і адмысловыя тры рэлігійныя паштоўкі з сэрыі, прысьвечанай беларускім цэрквам у Рэгенсбургу й Віндышбэргердорфе, выдадзеныя ў 1948 г. Жыровіцкім брацтвам Беларускай праваслаўнай царквы. Гэтыя паштоўкі суправаджаліся ёмістым апісаньнем выявы, зробленым лацінкаю на адваротным баку. Іншая сэрыя большага фармату, прысьвечаная выявам Божай Маці, была выдадзеная тады ж тым самым выдавецтвам.

Можна сьцьвярджаць, што ў паваеннай Нямеччыне ў выданьні паштовак прысутнічала ці не найбольшая жанравая разнастайнасьць. Пазьнейшыя выдавецкія ініцыятывы ў іншых краінах беларускай эміграцыі мелі больш спэцыялізаваны характар. Разам з тым, на новых месцах сталага жыхарства з разьвіцьцём тэхналёгіяў відавочна палепшылася якасьць саміх паштовак.

Што праўда, апошняе мала датычыць паштовак, якія выходзілі ў Аўстраліі. Тут асабліва актыўнае іх выданьне было зьвязанае зь дзейнасьцю беларускага асяродку ў Брысбэне й ягонага лідэра Даната Яцкевіча. На пачатку 1950-х гг. ён ад імя Згуртаваньня беларускіх вэтэранаў выдрукаваў некалькі сэрыяў паштовак: віншавальную велікодную, з выявамі князя Вітаўта (у розных колерах), з выявамі беларускіх краявідаў, а таксама дзьве вялікія паштоўкі: “Сьв. Прадслава Эўфрасіньня — Асьветніца Беларусі” ды “Жыровіцкая Божая Маці — апякунка беларускага народу”. Пасьля спыненьня існаваньня беларускага асяродку ў Брысбэне ў Аўстраліі да канца 1980-х гг. не выходзілі беларускія паштоўкі. А тады ў 1988 г. пабачыла сьвет паштоўка, зьвязаная з асобай беларускага дысыдэнта Міхася Кукабакі. Апошнім жа на сёньня паштовым выданьнем беларускай тэматыкі ў Аўстраліі можна лічыць картку з выявай беларускага стэнду ў этнічным музэі Адэляйды. Аднак яе выдалі ў 1990-х гг. не самі беларусы, а музэй.

Іншым цікавым рэгіёнам паштоўкавыдавецкай дзейнасьці беларусаў стаў Мадрыд 1960-х гг. Менавіта ў час, калі тут дзейнічала беларуская служба гішпанскага радыё, былі выдадзеныя некалькі сэрыяў паштовак зь беларускімі краявідамі, што рэпрадукавалі карціны адной з супрацоўніц згаданага радыё Івонкі Шыманец-Сурвілы. У БІНіМаўскай калекцыі захоўваюцца паштоўкі, выдадзеныя аўтаркай у 1966 г., а ў Скарынаўскай бібліятэцы захаваліся прыклады й паштовак 1962 г. Варта адзначыць, што выкарыстаньне сваіх карцін для непрамысловай вытворчасьці паштовак аўтарка працягнула й пазьней у Канадзе.

Калі ж зьвярнуцца да канадыйскага вопыту выданьня паштовак, дык ён мае свае асаблівасьці. Тут, па-за згаданымі вышэй выявамі краявідаў аўтарства Івонкі Сурвілы, больш за ўсё выдавалася паштовак з нацыянальна-грамадзянскай тэматыкай. Адной зь першых была выдадзеная ў 1952 г. паштоўка Згуртаваньня беларусаў Канады з малюнкам мастака Пётры Мірановіча “Уздымем яго высока — або ён пакрые нас!” (З прысягі беларускіх партызанаў)”. Свае спэцыфічныя калядныя віншавальныя паштоўкі выдаваў у Таронта Сяргей Хмара (іх можна знайсьці як у зборах Скарынаўкі й БІНіМу, гэтак і ў беларускіх фондах Бібліятэкі й архіву Канады). Некаторыя паштоўкі з выявай “Пагоні”, што друкаваліся ў 1970—1980-х гг., выкарыстоўваліся канадыйскімі беларусамі адначасова й як запрашальнікі на нацыянальныя імпрэзы. Пры канцы 1980-х гг. пабачыла таксама сьвет адмысловая паштоўка-здымак Крыжа-помніка тысячагодзьдзя хрысьціянства на Беларусі, пастаўленага беларусамі ў сьвятыні пакутнікаў у Мідлэндзе (наклад паштоўкі складаў 5000 асобнікаў). У 1990-х гг. у Канадзе сталі зьяўляцца паштоўкі мясцовага беларускага Чарнобыльскага фонду, што прыцягвалі ўвагу да праблемы неабходнасьці дапамогі дзецям з пацярпелых ад аварыі раёнаў.

Пераважна рэлігійныя матывы першапачаткова дамінавалі на паштоўках беларусаў у Вялікабрытаніі. Гэта было вынікам выдавецкай актыўнасьці двух цэнтраў: Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду ды Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Першая ўжо каля 1954 г. выдала сэрыю з 6 паштовак, якія адлюстроўвалі выявы з іканастасу капліцы ў лёнданскім Марыян Хаўзе. Пазьней зьявіліся таксама калядныя паштоўкі з выявамі старонак скарынаўскага выданьня й сьвяточным віншаваньнем унутры. Выдавецкім жа цэнтрам БАПЦ у Вялікабрытаніі стаў Брадфард, дзе намаганьнямі беларускага дзеяча Янкі Калбасы былі надрукаваныя некалькі калядных паштовак з выявай Жыровіцкай Божай Маці (у чырвоным і сінім колерах) ды вершаванымі віншаваньнямі.

Варта адзначыць, што й найбуйнейшая ў Вялікабрытаніі беларуская арганізацыя — Згуртаваньне беларусаў — паўдзельнічала ў паштоўкавыдавецкай дзейнасьці. У 1968 г. яно выдала вялікую паштоўку да юбілею Рады БНР, а ў 1980 г. яго намаганьнямі пабачылі сьвет дзьве паштоўкі самвыдатаўскага паходжаньня зь Беларусі, аўтарам якіх быў Аўген Кулік. Абедзьве паштоўкі былі прысьвечаныя тысячагодзьдзю беларускай дзяржаўнасьці.

Найбольш шырокая дзейнасьць па выданьні беларускіх паштовак пасьля Нямеччыны разгарнулася ў ЗША, што тлумачыцца найбольшай колькасьцю беларусаў, якія апынуліся ў гэтай краіне ў паваенны час.

Асаблівае разьвіцьцё атрымала тут выдавецтва віншавальных паштовак (велікодных і калядных), якім шмат займалася Згуртаваньне беларускай моладзі ў Кліўлэндзе. Варта адзначыць, што прадукаваныя тут паштоўкі прынцыпова адрозьніваліся ад віншавальных выданьняў у Нямеччыне. У іх скарыстоўваліся “інтэрнацыянальныя” рэлігійныя ці сьвяточныя сюжэты, пазбаўленыя нацыянальнага калярыту, аднак унутры абавязкова падаваўся беларускі тэкст віншаваньня ў прыгожым аздабленьні. Часам для вытворчасьці такіх паштовак выкарыстоўваліся стандартныя лісты (кшталту фармату А4), але адмыслова складзеныя. Практыкавалася таксама ўжываньне аднолькавых клішэ-віншаваньняў для выданьня паштовак з рознымі выявамі, што значна павялічвала вонкавую разнастайнасьць прадукцыі. У 1960-х гг. такім чынам было выдадзена больш за 30 варыянтаў беларускіх паштовак [9].

Важным выдавецкім цэнтрам у ЗША быў і сам Беларускі інстытут навукі й мастацтва, які час ад часу выдаваў паштоўкі, зьвязаныя з тымі ці іншымі значнымі нацыянальнымі ўгодкамі. Прыкладам, у 1972 г. пабачыла сьвет паштоўка “Др Францішак Скарына (1485—1540)”, выдадзеная з нагоды 450-х угодкаў беларускага друку, а ў 1991 г. выйшла паштоўка з партрэтам, прысьвечаная Максіму Багдановічу (мастачка — Ірэна Рагалевіч-Дутко) [10].

Варта адзначыць, што у паваенны час пабачылі сьвет чатыры паштоўкі, прысьвечаныя Францыску Скарыну. Акрамя згаданай вышэй былі таксама: паштоўка Згуртаваньня беларускіх лекараў на чужыне, выдадзеная ў Нью-Ёрку ў 1953 г., паштоўка выданьня Яна Пятроўскага 1949 г. з аўстрыйскага Лінцу ды паштоўка Міколы Прускага, выдадзеная ў 1990 г. Усе паштоўкі скарыстоўваюць адну й тую ж гравюру з выявай Францыска Скарыны, але з розным суправаджальным тэкстам.

Выданьнем паштовак займалася й газэта “Беларус” — найбольш масавы й працяглы беларускі эміграцыйны пэрыёдык. Прыкладам, у 1980 г. пабачыла сьвет арыгінальнае выданьне, прысьвечанае беларускаму дысыдэнту Міхасю Кукабаку. На адвароце паштоўкі з партрэтам дзеяча быў зьмешчаны тэкст адмысловага звароту за яго вызваленьне (былі два варыянты выданьня, з тэкстам у ангельскай і беларускай мовах) і адрас Генэральнага пракурора СССР. Іншы варыянт гэтай паштоўкі зьмяшчаў кароткую біяграфію Міхася Кукабакі, а таксама ягоную турэмную адрэсу, куды меркавалася дасылаць паштоўкі падтрымкі [11]. Ужо ў 1990-х—2000-х выдавецтва газэты “Беларус” сумесна з БАЗА сіламі Марата Клакоцкага занялося друкам віншавальных паштовак, аўтарамі якіх былі Сяргей Капытка й Валянціна Якімовіч [12].

Асобнай увагі патрабуюць паштоўкі зь беларускай сымболікай (савецкай ды нацыянальнай), што выдаваліся Арганізацыяй аб’яднаных нацый у розныя часы, а таксама іншымі міжнароднымі структурамі, прыкладам, Антыбальшавіцкім блёкам народаў. Прынагодныя або тэматычныя выданьні паштовак, зьвязаных зь Беларусьсю, ажыцьцяўляла таксама й Нью-ёрская публічная бібліятэка ў сувязі з выставамі, як, напрыклад, да 450-годзьдзя беларускага друку й інш.

Сярод паштовак апошніх дзесяцігодзьдзяў варта адзначыць прысьвечаныя 25 сакавіка, беларускім цэрквам у ЗША й Канадзе, беларусам у Нью-Ёрку й іншыя. Своеасаблівым рарытэтам у калекцыі глядзіцца адна з апошніх — паштоўка з выявай дошкі з малітвай “Ойча наш”, што была ўсталяваная ў 2011 г. у храме “Патэр ностэр” на Эліёнскай гары ў Ерусаліме. Паштоўка, што праўда, выдадзеная без удзелу беларусаў.

Сыстэматызуючы зьвесткі пра беларускія паштоўкі ў эміграцыйных калекцыях, трэба адзначыць, што калі зважаць на традыцыйны іх падзел на дакумэнтальныя (з фотавыявамі) і мастацкія, то пераважную большасьць складаюць менавіта апошнія. Да дакумэнтальных можна аднесьці паштоўкі з выявамі гарадоў пачатку ХХ ст. ды асобныя паштоўкі са здымкамі цэркваў ці асобаў з паваеннага часу. Цікавым прыкладам тут будзе фотапаштоўка “Беларускі мужчынскі хор “Жалейка” з Манрэалю”.

Паводле тэматыкі найперш важна падзяліць паштоўкі на рэлігійныя й сьвецкія. Сярод першых, у сваю чаргу, можна вылучыць віншавальныя (калядныя й велікодныя), паштоўкі з выявамі сьвятых або абразоў, паштоўкі з выявамі цэркваў ці рэлігійных помнікаў, паштоўкі з царкоўнай атрыбутыкай. Да апошніх можна аднесьці картку са здымкам рэканструкцыі Крыжа Ефрасіньні Полацкай, выдадзеную ў 1966 г. Варта адзначыць пэўную поліфункцыянальнасьць рэлігійных паштовак. Тыя, што ўтрымлівалі выявы сьвятых, часам выкарыстоўваліся як своеасаблівыя іконкі. Акрамя таго, некаторыя рэлігійныя паштоўкі раз-пораз ужываліся як ілюстрацыі ў праваслаўных календарах [13].

Сьвецкія паштоўкі таксама вылучаюцца разнастайнасьцю тэматыкі. Тут ёсьць паштоўкі з выявамі гарадоў, асобных архітэктурных помнікаў і проста краявідаў Беларусі, а таксама з нацыянальнай сымболікай, з партрэтамі беларускіх дзеячаў і г.д.

Магчымы й іншы падзел паштовак паводле зьместу: на віншавальныя й інфармацыйна-рэпрэзэнтацыйныя. Пры гэтым віншавальныя складаюць амаль палову ўсіх эміграцыйных збораў. Найбольш сярод іх калядных паштовак (больш за паўсотні), якія вылучаюцца багацьцем сюжэтаў: ёсьць тут паштоўкі з выявамі сьвятых ці абразоў, а ёсьць і зусім сьвецкія матывы: беларускія краявіды, птушкі, Дзед Мароз і інш. А найменш сярод віншавальных паштовак — прысьвечаных Слуцкаму збройнаму чыну. З статыстыкі зьместу калекцыяў вынікае, што зь сьвецкіх нацыянальных сьвятаў найбольш адзначалі Дзень абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Паштоўкі з гэтай нагоды зьяўляліся на эміграцыі адносна рэгулярна.

Сярод інфармацыйна-рэпрэзэнтацыйных найбольш было своеасаблівых “геаграфічных” паштовак, на якіх прадстаўленыя беларускія краявіды, архітэктурныя помнікі, гарады. Варта адзначыць цэлы шэраг “краявідных” сэрыяў. Акрамя ўжо згаданых вышэй праскай 1943 г., ватэнштэцкай Янкі Сурвілы 1946 г. ды каляднай ад газэты “Бацькаўшчына” 1955 г. ёсьць яшчэ сэрыя зь мінімум шасьці паштовак “Краявіды Беларусі” з трохмоўнымі назвамі (беларуска-ангельска-францускімі), што мелі хаджэньне на тэрыторыі паваеннай Нямеччыны, а таксама сэрыя фотапаштовак зь беларускай прыродай з надпісам “Viasiolych sviatau” (мінімум 5 відаў). Аднак ніякіх пазнакаў выдавецтва на згаданых паштоўках няма, і лякалізаваць іх надзвычай складана.

Сярод беларускіх дзеячаў, чые выявы зьмяшчаліся на паштоўках, найбольшай папулярнасьцю карыстаўся ў паваенны час Францыск Скарына. Як ужо згадвалася вышэй, яму былі прысьвечаныя ажно чатыры паштоўкі. Далей можна казаць пра Максіма Багдановіча (паштоўкі ў 1940-х і ў 1990-х гг.), Францішка Багушэвіча, Янку Купалу, Кастуся Каліноўскага, Пётру Крэчэўскага. У 1940-х гг. былі выдадзеныя й дзьве паштоўкі з выявамі адразу некалькіх беларускіх дзеячаў: першая, зробленая Міколам Сільвановічам, — з маляванымі партрэтамі Кастуся Каліноўскага, Ігната Грынявіцкага, Францішка Багушэвіча, Пётры Крэчэўскага й Васіля Захаркі, а другая з фотаздымкамі двух апошніх і Міколы Абрамчыка як кіраўнікоў Рады БНР. Згаданыя паштоўкі-партрэты адлюстроўвалі ўяўленьні паваенных беларусаў пра нацыянальны пантэон.

Таксама да катэгорыі інфармацыйна-рэпрэзэнтацыйных можна аднесьці паштоўкі з нацыянальнай сымболікай, выявамі сьвятых ды інш.

Важнай асаблівасьцю беларускіх эміграцыйных паштовак, найперш віншавальных, зьяўляецца шырокае выкарыстаньне ў іх цытатаў з мастацкіх твораў: вершаў, песень. Гэта спрацоўвала, напэўна, на папулярызацыю беларускай літаратуры ў эміграцыйным асяродзьдзі. Сёньня ж гэткія паштоўкі для нас могуць стаць крыніцай каштоўнай інфармацыі пра літаратурныя прыярытэты суайчыньнікаў у замежжы.

Паводле тэхнікі вырабу трэба вылучыць асобную катэгорыю самаробных паштовак, якія маляваліся ці аздабляліся непрафэсійнымі мастакамі і ў невялікай колькасьці. Часам яны маглі друкавацца нават на звычайнай паперы, як, прыкладам, віншавальныя выданьні Вацлава Пануцэвіча ад імя Галоўнага кіраўніка Згуртаваньня беларускіх скаўтаў на чужыне ў 1948 г. У пэўным сэнсе як своеасаблівыя самаробкі, але больш высокай якасьці выступалі й пазьнейшыя паштоўкі Сяргея Хмары ды некаторыя іншыя. Самастойна прадукавала ўласныя паштоўкі, як ужо згадвалася вышэй, і мастачка Івонка Сурвіла.

Зразумела, што наклады паштовак у розныя часы і ў розных краінах не былі аднолькавыя. Адзінкавыя самаробкі былі, безумоўна, рарытэтамі, аднак і надзвычай вялікія наклады ў некалькі дзясяткаў тысяч асобнікаў былі, бадай, выключэньнем. Тым ня менш колькасны дыяпазон можна акрэсьліць прыблізна ад 100 да некалькіх тысячаў. Найбольшымі накладамі вылучаліся віншавальныя паштоўкі беларускай моладзі ў Кліўлэндзе, якія, паводле розных зьвестак, былі ад 5 да 30 тысяч асобнікаў [14].

Паштоўкі сталі неад’емным атрыбутам эміграцыйнага жыцьця. Яны былі й даступным сродкам сувязі для суайчыньнікаў, і магчымасьцю папулярызацыі беларусікі як унутры грамады, гэтак і звонку. Беларускія паштоўкі на эміграцыі ўяўляюць сабою надзвычай цікавы фэномэн, які адлюстроўваў абставіны жыцьця ды характар сьветаўспрыманьня замежных беларусаў. Гэтыя друкі зьяўляюцца каштоўнымі гістарычнымі крыніцамі й чакаюць усебаковага й дэталёвага вывучэньня як з мастацкага, гэтак і з інфармацыйнага пункту гледжаньня.

[1] Зубкоўскі, В. Нашыя паштоўкі на Захадзе // Беларускі калекцыянер. Ворша, 1990. — №1(8). С. 3; Суша, Алесь. Філакартыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Мінск, 2003. С. 32—34; Целеш, Вячка. Мінск на старых паштоўках (канец ХІХ — пачатак ХХ стст.). Мінск, 1984. — 127 с.; Целеш, Вячка. Гарады Беларусі на старых паштоўках. Мінск, 2005. — 255 с.; У пошуках страчанага: гісторыя Беларусі ў старых паштоўках. Мінск, 2007. — 239 с. ды інш.

[2] Цярохін, Уладзімер. Рэдкая паштоўка // Беларускі калекцыянер. №2(9). Ворша, 1993. С. 4.; Цярохін, Уладзімер. Прысьвечаныя Максіму Багдановічу // Беларускі калекцыянер. №1—2 (14—15. Ворша, 1996. С. 12. Вераціла, М. Краявіды Беларусі — пражскія беларускія паштоўкі // Беларускі калекцыянер. №20. Ворша, 2000. С. 10—11.

[3] Гарбінскі, Юры. Беларускі рэлігійны друк на Захадзе: Пэрыёдыка, графічныя друкі 1945—2005. Нью-Ёрк—Варшава, 2009. С. 483—534.

[4] Вераціла, М. Краявіды Беларусі — пражскія беларускія паштоўкі…

[5] Гарбінскі, Юры. Беларускі рэлігійны друк на Захадзе: Пэрыёдыка, графічныя друкі 1945—2005… С. 494.

[6] Kipel, V., Kipel, Z. Belarusian Publishing in the West: A Bibliography = Беларускі друк на Захадзе: Бібліяграфія / Пад рэд. Юрася Гарбінскага й Лявона Юрэвіча. Нью-Ёрк—Варшава, 2006. С. 57—96.

[7] Аўтарам партрэтаў Францішка Багушэвіча й Янкі Купалы на паштоўках быў мастак Зьміцер Чайкоўскі.

[8] Гарбінскі, Юры. Беларускі рэлігійны друк на Захадзе: Пэрыёдыка, графічныя друкі 1945—2005… С. 495.

[9] Зубкоўскі, В. Нашыя паштоўкі на Захадзе…

[10] Зубкоўскі, В. Нашыя паштоўкі на Захадзе…

[11] Цярохін, Уладзімер. Рэдкая паштоўка // Беларускі калекцыянер. Орша, 1993. №2 (9). С. 4.

[12] Гарбінскі, Юры. Беларускі рэлігійны друк на Захадзе: Пэрыёдыка, графічныя друкі 1945—2005… С. 509.

[13] Напрыклад, гл. “Беларускі праваслаўны каляндар” (1968), дзе ў якасьці ілюстрацыі наклееная паштоўка з выявай Крыжа Сьв. Еўфрасіньні Полацкай.

[14] Гарбінскі, Юры. Беларускі рэлігійны друк на Захадзе: Пэрыёдыка, графічныя друкі 1945—2005… С. 530.

КАЛЕКЦЫІ