Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва

Беларускія эміграцыйныя калекцыі

Дадатак да альманаху "Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва" (№36. Нью-Ёрк – Менск, 2013)

Мультымэдыйнае выданьне Укладальнік: Натальля Гардзіенка

Да калекцыіНа галоўную

Маркі й налепкі

Здаецца, той заклік у 1948 г. ініцыятара Замежнага саюзу беларускіх філятэлістаў Міколы Сільвановіча “Зьбірайма й мы!”, як і сам саюз, гэтак і не дайшлі да жыцьця. А шкада. У артыкуле аўтар зь неўласьцівым для паэты акадэмізмам (свае вершы падпісваў М. Вярба) рахаваў:

“Нашыя беларускія паштовыя маркі (бяру ўсё паводле швайцарскага каталёгу Цуштайна за 1947 г. [1]) былі ўпершыню выдадзеныя ў 1919 г., калі на расейскіх марках быў зроблены наш надрук разам зь летувіскім (“літоўскім”) друкам. Кошт на іх сёньня, паводле вышэўспомненага каталёгу, — сэрыя з 9 штук — 90 швайцарскіх франкаў, а на філятэлістычным рынку Нямеччыны — каля 9000 нямецкіх марак. Другая сэрыя была выданая, паводле каталёгу [неразборліва] [2], у 1920 г. камандзерам Беларускага армейскага корпусу Беларускай Народнай Рэспублікі генэралам Булак-Балаховічам у колькасьці 5 штук, і сёньня, паводле вышэўспомненага каталёгу, яны каштуюць два швайцарскія франкі, а на рынку ў Нямеччыне даходзяць нештэмпляваныя да 200—250 марак. Трэцяе выданьне ў колькасьці трох паштовых марак зьявілася ў 1922—1923 гг. у Коўні, выданае Эміграцыйным Урадам Беларускае Народнае Рэспублікі. У чужынцаў гэтае выданьне не карысталася ўвагаю, але для нас, беларусаў, яно дарагое, і наш Замежны саюз беларускіх філятэлістых у Нямеччыне плаціць за кажную сэрыю арыгіналу 40 мк. Шмат яшчэ было выдана паштовых марак нашымі камітэтамі на чужыне, аднак жа з прычыны малое рэклямы яны не карысталіся вялікай папулярнасьцю, і сёньня іх цяжка знайсьці, бо яны нідзе не былі зарэгістраваныя” [3].

Ёсьць што зьбіраць філятэлістам і з выдадзенага паваеннай эміграцыяй.

Ідэя ведамай сэрыі марак БНР, якую й сёньня яшчэ можна набыць у рэдакцыі газэты “Беларус”, паўстала напрыканцы 1940-х гг. у Парыжы, дзе жылі ў той час Мікола Абрамчык, Лявон Рыдлеўскі, Уладзімер Шыманец, а ў Амэрыцы гэтым займаўся Віталь Кажан.

Маркі былі выдадзеныя ў 2-х сэрыях. На першай — Старшыні Рады БНР Пётра Крэчэўскі (марка фіялетавага колеру вартасьцю ў тры талеры) і Васіль Захарка (марка чырвонага колеру вартасьцю адзін талер), а таксама Дом Рады БНР (марка зялёнага колеру вартасьцю 50 грошай); на другой — Пагоня (марка чырвонага колеру вартасьцю 25 грошай) і мапа Беларусі (марка сіняга колеру вартасьцю 10 грошай). Марка з партрэтам тагачаснага прэзыдэнта БНР, што мусіла быць у другой сэрыі, ня выйшла з-за пярэчаньняў самога Міколы Абрамчыка.

Эскізы апошніх трох марак зрабіў міністар фінансаў БНР Уладзімер Шыманец, а вось мастак першай сэрыі тым часам невядомы. Рассылацца маркі пачалі ў першым месяцы 1950 г. [4]

У 1960 г. Згуртаваньне беларускай моладзі Амэрыкі выдала марку ў гонар 40-х угодкаў Слуцкага паўстаньня. Надрукавалі яе ў чатырох колерах: чырвоным, сінім, зялёным і шэрым.

Намаляваў марку мастак Гэнрык Архацкі; у 1950-я газэта “Беларус” друкавала рэкляму: “Pioneer Rubber Engraving Co, Inc. Henryk Archacki абслужыць вас, калі вам патрэбныя — рысункі, рэклямы, дыплёмы, клішы, матрыцы, адлівы, друкі, візытоўкі, пячаткі, фотастаты. Algonquin, 5-8575, 21 E 17 st, NY, NY 3”.

У цэнтры маркі — постаць дзецюка з узьнятым угору бел-чырвона-белым сьцягам з надпісам на ім: “Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”. Тронка сьцягу мае форму паходні, на полымі якой надпіс: “The Slucak Uprising 1920—1960”, а справа ўнізе іншы надпіс, таксама ангельскамоўны: “Freedom for Byelorussia!”. У левым ніжнім куце літары “БНР”.

Маркі былі выдадзеныя на аркушах па 20 паасобнікаў; на кожным аркушы надпіс, беларускі й ангельскамоўны: “Яны памерлі, каб жыла Бацькаўшчына — жывеце вы, каб Бацькаўшчына не памерла! Памажэце замацаваць гісторыю Слуцкага Паўстаньня — злажэце ахвяру на выданьне Слуцкага Альманаху. Наклейвайце гэтыя маркі на лістох і пачках — пашырайце праўду аб Беларусі” [5].

Найбольш вядомыя, напэўна, маркі “Пошты ЗБВБ” — Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі. Бо надта ж унікальнаю была гісторыя — ня толькі для беларусаў, але й для саміх брытанцаў. Коратка нагадаю яе.

У 1971 г. у Вялікабрытаніі застрайкавалі паштары, і Гай Пікарда ад імя ЗБВБ зьвярнуўся па афіцыйны дазвол на адкрыцьцё паштовай службы. Дазвол ён хутка атрымаў — спачатку вусны, праз тэлефон, 16 лютага, а на наступны дзень — і пісьмовы. Спрыяла такому простаму дазволу наяўнасьць немалой колькасьці прыватных кантораў падобнага кшталту ў краіне — больш за 200.

Пікарда сам зрабіў эскіз марак, сам надрукаваў, і ўжо 19 лютага пошта запрацавала з дапамогаю васьмі сябраў ЗБВБ. Паштовыя канторы разьмесьціліся ў памяшканьні канцылярыі арганізацыі, у прыватным клюбе і ў школе сьв. Кірылы Тураўскага. Напачатку працы было небагата, але пасьля артыкулу ў газэце The Evening Standard ад 24.02.1971, калі пра незвычайны паштовы сэрвіс даведаліся ангельцы, справа пайшла весялей.

Доўжылася гэтая акцыя — карысная для ЗБВБ і фінансавага гледзішча, і з гледзішча пашырэньня інфармацыі пра Беларусь — да 10 сакавіка, калі страйк скончыўся [6].

Паводле Гая Пікарды, былі выдадзеныя наступныя маркі:

Першая сэрыя. Малюнак Гая Пікарды накладам 300 паасобнікаў. Друкавалася па адной марцы на аркушы. Тэкст у тры радкі: “З.Б.В.Б. (10 п. ці 20 п.) Пошта”. 10 п. — чырвоная на сьветла-зялёнай паперы; 20 п. — сіняя на сьветла-зялёнай паперы.

Другая сэрыя. Выдрукаваныя ў 1920 г. маркі “Асобны атрад” з ручной надпячаткай ліловага колеру — у ніжнім правым кутку “10 п.”, зьлева — “ZBVB Post”, без зубцоў: 10 п. на 5 кап. — зялёная, 10 п. на 10 кап. — чырвоная, 10 п. на 15 кап. — ліловая, 10 п. на 1 руб. — карычневая. Наклад невядомы.

Трэцяя сэрыя — віньеткі, выпушчаныя ў Заходняй Нямеччыне ў 1950 г. з надпячаткамі, як у другой сэрыі: 10 п. на 10 грошай — сіняя з выявай скрутку з мапаю Беларусі; 10 п. на 25 грошай — аранжавая з выявай Пагоні; 10 п. на 50 грошай — зялёная з выявай Дому Рады БНР у Менску; 10 п. на талер — чырвоная з партрэтам Васіля Захаркі й надпісам “В. Захарка 1928—1934”; 10 п. на 3 талеры — ліловая: “П. Крэчэўскі 1919—1928”. Наклад невядомы.

Чацьвёртую сэрыю зрабілі як першую.

Пятая сэрыя — з выявамі гістарычных будынкаў. Наклад 1000 паасобнікаў, друкаваліся па 5 марак на адным аркушы. На ўсіх марках унізе надпіс “Пошта ЗБВБ” й зьлева (зьнізу ўверх) “Byelorussia”: 1 п., чорная на сьветла-жоўтай паперы, “Полацк” — царква Хрыста Збаўцы й сьв. Еўфрасіньні Полацкай, ХІІ ст.; 5 п., намінал чорны, сіняя на блакітнай паперы, “Супрасьль” — царква Дабравесьця XVI ст.; 10 п., намінал чорны, чырвоны на сьветла-зялёнай паперы, “Ішкалдзь” — касьцёл XV ст.; 15 п., намінал чорны, зялёная на ружовай паперы, “Магілеў” — гарадзкая ратуша ў Віцебску XVIII ст., быў памылкова пазначаны як Магілёў; 20 п., намінал чорны, чырвоная на аранжавай паперы, “Нясьвіж” — дом XVIII ст. на Рынкавым пляцы.

У якасьці гашэньняў ужываліся штэмпэлі лілёвага, чорнага ці сіняга колеру “ZBVB Post 4 Mar 1971 London N 7” [7].

Паспрабавалі аднавіць працу пошты ў 1978 г., калі ў Лёндане 19 жніўня зарэгістравалі незалежнае прадпрыемства B.Z.P. Dispatch Company — Беларуская Замежная Пошта. Мэта службы — забясьпечыць дастаўку газэтаў, лістоў, бандэроляў паміж беларускімі арганізацыямі й прыватнымі асобамі. Паведамлялася, што БЗП мае канторы ня толькі ў Лёндане, але і ў Дубліне ды Парыжы, і будзе карыстацца ўласнымі маркамі, пячаткамі й налепкамі ў беларускай і ангельскай мовах [8]. Ці меліся на ўвазе маркі з 1971 г. або плянавалася вырабіць новыя, удакладніць пакуль не атрымалася.

Напрыканцы 1972 г. да 450-х угодкаў з пачатку друку на тэрыторыі Беларусі БІНіМ стараньнямі Вітаўта Тумаша выдаў адмысловую марку з партрэтам Скарыны [9]. Марка вішнёвага колеру, партрэт абведзены рамкаю з словамі “450-я ўгодкі друку ў Беларусі. Др. Фр. Скарына, 1485?—1540. Малая Падарожная Кніжка. Вільня, 1522—1972”. Гэтую марку намаляваў Барыс Данілюк.

На аркушах зьмяшчаўся наступны даведачны тэкст: “1522—1972. 450-я ўгодкі друку на беларускай зямлі. У 1522 годзе, у тагачаснай сталіцы Беларусі Вільні, з друку паявілася Малая Падарожная Кніжка. Гэта першая кніга, надрукаваная на тэрыторыі Беларусі і ўсяе Ўсходняе Эўропы. Выдаў яе Францішак Скарына з Полацку (1485?—1540), доктар навукаў вызваленых і мэдыцыны, выдатны вучоны гуманісты, перакладнік і выдавец беларускае Бібліі. Партрэт доктара Скарыны на марцы рэпрадукаваны з дрэварыту ягонае Бібліі” [10].

Гісторыя паўстаньня гэтае маркі ды наагул пра Скарыну на марках — у лістах Вітаўта Тумаша.

“Высокадастойны Ўладыка!

Прыемна было атрымаць ад Вас ласкавы ліст з 29 красавіка с. г., у якім зацікаўленьне справаю не малое вагі — выданьнем паштовае маркі ў гонар доктара Франьцішка Скарыны. Вітаю створаны для гэтае мэты адмысловы Камітэт і зычу яму поўнае ўдачы ў дасягненьні пастаўленае сабе мэты.

З свайго боку xачу падзяліцца тут сваімі меркаваньнямі да гэтага пытаньня, паколькі яно мне ня новае, думаў пра гэта я ўжо навет колькі гадоў таму. З другога боку, і біяграфіяй ды літаратурнай спадчынай доктара Скарыны займаюся ўжо ці мала гадоў, аддаў гэтаму ці мала працы. Дзеля гэтага на пастаўленае мне Вамі пытаньне пазволю сабе даць адказ крыху даўжэйшы, ды пачну з “гісторыі”.

Доктар Скарына на марках.

Як ведама, першая паштовая марка з партрэтам Скарыны была выдадзеная Ўрадам Беларускай Народнай Рэспублікі яшчэ ў 1918 годзе, ці першым годзе паўстаньня БНР, у сэрыі марак рэспублікі з надпісам “Беларусь Почта” [11]. Паколькі мне ведама, дзеля наступу Чырвонае арміі, маркі гэтыя ня было часу пусьціць у практычны паштовы ўжытак. Ды іх усё ж рэгіструюць некаторыя паважныя філятэлістычныя каталёгі, як, для прыкладу, Michel Briefmarken Katalog 1953. Munchen, 1953. б. 61 [12]. Другую марку з партрэтам Скарыны, не паштовага ўжо характару, выдаў у 1942 (?) годзе ў Бэрліне Бэрлінскі Камітэт Самапомачы ў Нямеччыне.

Юбілей 1967 году й справа маркі.

Яшчэ два гады перад юбілейным скарынінскім 1967 г. я меў на ўвазе, што было б няблага пробываць дамагацца ад амэрыканскіх адпаведных уладаў выданьня маркі з партрэтам Скарыны да ўгодкаў, паколькі дэпартмэнт пошты выдаў маркі да юбілейных гістарычных датаў некаторым іншым народам за зялезнай заслонай, напр. чэскіх, польскіх. Адначасна я ўважна сачыў за вынікамі масавых дамаганьняў украінцаў, арганізавана праводжаных колькі год, каб была выдадзеная паштовая марка для ўшанаваньня стагодзьдзя ад сьмерці Тараса Шаўчэнкі. Ня ведаю, якія прычыны й перашкоды, але маркі гэтае ўкраінцы так і не дабіліся. Перад пачынаньнем нейкае акцыі ў справе маркі Скарыны было б важна й карысна даведацца ў кампэтэнтных украінскіх дзеячоў, якія, паводле іх, былі галоўныя прычыны іхнае няўдачы. Гэта магло б дапамагчы з самага пачатку пачынаць акцыю, маючы на ўвазе гэтыя якраз перашкоды, ведаючы якія лягчэй было б іх і перамагчы. Вось беручы на ўвагу нэгатыўныя вынікі ўкраінцаў, а галоўна, неспрыяльную вельмі агульную палітычную атмасфэру ў часе амэрыканска-савецкіх фліртаў, ды ня маючы побач і ніякога ў гэтым падтрыманьня, я справы гэтай у сваім часе й не заініцыяваў, хоць у поўнасьці ўсьведамляў, што й пры нэгатыўным выніку акцыі сам зварот у гэтай справе ў Вашынгтон ды прапаганда пра гэта ў друку былі б карыснымі зь беларускага нацыянальнага гледзішча, пра што і ў Вас, як бачу зь ліста, думка тая самая.

Сучасныя пэрспэктывы выданьня маркі Скарыны.

Так ці інакш, юбілейны 1967-мы год для справы выданьня маркі быў прапушчаны, пытаньня гэтага ніхто ў сваю пару не падняў. Сяньня, два гады па часе, да гэтага юбілею навязваць выданьне маркі было б немэтазгодна, гэта хутчэй канфузіла б і сваіх, і чужых. І міжнародная атмасфэра за гэты час не палепшала, а хутчэй пагоршала. Дзеля гэтага пачынаць у дадзеным якраз мамэнце акцыю — ня думаю, каб было б разважна, вынік яе згары ведамы. Але гэта ізноў жа ня значыць, што справу трэба пакінуць. Наадварот — рыхтаваць ужо цяпер трэба ўсё неабходнае да падобнае акцыі, каб у кажны мамэнт яе можна было б пачынаць шырокім фронтам. Можна ўжо рыхтаваць і плянаваную Вамі брашуру, а таксама, знайшоўшы адпаведных мастакоў, навет і праекты марак для выданьня Камітэтам для сваіх мэтаў і прапагандовых патрэбаў. Розныя маркі паасобныя арганізацыі вельмі часта выдаюць, ніколі не пашкодзіць, калі зробіць гэта й Камітэт.

Арыентацыйны тэрмін.

Што паўстаньне Камітэту й заданьне яго зусім на часе будзе кажнаму зразумела, калі мы сабе ўсьведамім, што ў сакавіку 1975 г. прыпадае другі важны юбілей у гісторыі беларускага [друку] — 450 год ад заснаваньня доктарам Скарынам першае друкарні на беларускай зямлі й выхаду першае друкаванае кнігі на тэрыторыі Беларусі і ўсходняй усёй Эўропы — ад выхаду ў Вільні Скарынавага Апостала. А раз так, дык пры канцы 1973 году, а найпазьней напачатку году 1974-га й трэба пачынаць энэргічную акцыю ў справе выданьня маркі Вашынгтонам і на гэты час усе гатовыя для гэтага матар’ялы павінны ўжо быць.

Зразумела, што калі б нехта хацеў, можна было б выдаць сваімі сіламі й коштам тую ці іншую марку з партрэтам Скарыны й цяпер, і навет сёлета, марку не зьвязаную зь нейкім юбілеем, а для адмысловых мэтаў, для прыкладу, марку, што скарыстоўвалася б прапагандна кажны год да “месяца беларускае кнігі й прэсы” ці чагосьці падобнага. І марка бэрлінскага выданьня не была юбілейнага характару. Але дамагацца выданьня цяпер маркі ў Вашынгтоне — гэта значыць пачынаць добрую справу ў самы неадпаведны на гэта час. За колькі гадоў, магчыма, і палітычная атмасфэра для нас зьменіцца на лепшае.

Дык, мая думка, калі цяпер якраз, у дадзены момант, публічнае акцыі не мэтазгодна пачынаць, аднак жа, ужо цяпер, трэба рыхтавацца да яе, каб на час усё было гатова. Між іншым, пры нагодзе паведамляю, што ў Радыё Свабоды прыйшоў летась з СССР ананімны ліст з запытаньнем нейкага слухача аб тым, дзе й калі маркі Скарыны былі выдадзеныя. Спэцыяліст ад філятэліі Радыя даў у перадачы адказ з паведамленьнем пра маркі БНР 1918 году ды што ў часе цяперашняга юбілею ніякіх марак на Захадзе ніхто ня выдаў. Дык ёсьць і за зялезнай заслонай людзі, што пра марку Скарыны думаюць.

Дык найпазьней на пачатак 1972 г. трэба мець гатовыя праекты й сваіх юбілейных марак, каб на юбілейны 1975-ы год яны былі ўжо надрукаваныя й разасланыя ўва ўсе беларускія асяродкі сьвету для іх прадажы й пашырэньня.

Справа інфармацыйнае брашуры.

Само сабой зразумела, што для належнага запачаткаваньня акцыі з маркай будзе адразу патрэбная й адпаведная па-ангельску брашура. І апрацоўваць яе трэба ўжо цяпер. На жаль, мушу сказаць, што мне ўзяцца за гэта цяпер немагчыма, бо маю колькі тэрміновых важных іншых працаў, што рыхтую да друку. Але магу паведаміць, што ў Мюнхэне ўжо ў наборы скарынінскі юбілейны зборнік Беларускага інстытута навукі й мастацтва, кніга каля 300 бачынаў друку. Уся кніга адведзеная доктару Скарыну й ягонай выдавецка-літаратурнай спадчыне. У ёй друкуецца й кароткая, на бачынаў больш 20-ці, мадэрная, паводле найнавейшых актавых знаходак, біяграфія Скарыны. Пісаная яна, праўда, не спэцыяльна папулярна, а больш “акадэмічна”, і для простага перакладу не надаецца. Але на падставе яе і ўсяго зборніка нехта, зь лёгкай да пяра рукой, і ў Кліўлэндзе зможа напісаць кароткую, з адмысловай арыентацыяй на марку, брашуру. Найпазьней напачатку восені кніга павінна ўжо быць на амэрыканскім кантынэнце й яна будзе да дыспазыцыі Вашага Камітэту як дапамога ў рыхтаваньні адпаведнае акцыі. Між іншым, у кнізе мае ісьці й рэпрэзэнтацыя маркі БНР з партрэтам Скарыны.

Паколькі тэрмін угодкаў яшчэ “за гарамі”, і вельмі моцна сьпяшацца няма прычынаў, дык і раджу пачакаць на гэтую кнігу як на дапаможны матар’ял аўтарам будучае брашуры. Не забывацца трэба й на выдадзеныя раней брашуры Інстытуту пра доктара Скарыну, выкарыстаць можна й іх.

Вось гэткія мае меркаваньні ў справе Скарынавае маркі. Спадзяюся, што яны будуць карыснымі пры плянаваньні далейшае дзейнасьці Камітэту. У выпадку нейкіх паўсталых пытаньняў і патрэбаў у сувязі з гэтым у будучыні буду рады служыць усім, чым магу.

У глыбокай пашане” [13].

“Вельмі Паважаны Спадару Дэ Пікарда!

Вельмі ўдзячны за Вашыя пахвальныя словы пра скарынінскі юбілейны зборнік БІНіМ. Выбачайце, што адпісваю па-беларуску. Мая веда ангельскае мовы ў пісьме далёка недасканальная, а ад праф. Адамовіча знаю, што мова беларуская Вам добра зразумелая. Будзе Вам прыямней чытаць ліст па-беларуску, чым маё няўклюднай ангельшчынай. З свайго боку, калі б ізноў пісалі да мяне, пішэце па-ангельску.

А цяпер да “марак”. Маю дуплікаты скарынінскае маркі Беларускага камітэту самапомачы ў Нямеччыне, на жаль, толькі колераў рудога й зялёнага, і тут іх Вам перасылаю. Былі яны надрукаваныя яшчэ ў колерах чырвоным, фіялетавым, сінім і сьветла-сінім. Як можна бачыць з дасланых тут фотастатаў, апрача марак з Скарынам былі выдадзеныя й маркі з Пагоняй (сінія), зь Віленскім замкам (рудыя), князем Альгердам (зялёныя), князем Вітаўтам (сінія) ды вобразам дзяўчыны з хлопцам (зялёныя й фіялетавыя). Ці гэтыя маркі, як і скарынінская, былі выдадзеныя і ў іншых колерах — гэтага ня помню. Дык было выдадзена сем, рознага колеру, марак. Яны выдаваліся як паквітаваньне за ўплачаную складку ці за дадзеную ахвяру. Фактычны ініцыятар выданьня — тагачасны старшыня Цэнтралі БКС інж. Мікола Абрамчык. Рысункі для марак былі выкананыя ў Лодзі тамашнім сябрам БКС Зэнанам Зянкевічам. Маркі былі надрукаваныя ў 1942 г. у Бэрліне. Нейкі іх запас павінен быць у архівах прэз. М. Абрамчыка. У каго маглі захавацца яны яшчэ — ня ведаю. […]” [14].

“Дарагі Войча!

Сяньня якраз пошта прынесла Ваш “калядны падарак” — кніжку Гарэцкага. Вельмі за яе дзякую, а разам з падзякай шлю адразу сяньня ж надрукаваныя Скарынавы ўгодкавы маркі. Паколькі за гэта не ўзяліся нашыя філятэлісты, давялося справу заініцыяваць і давесьці да друку самому. Пасьля розных нечаканых перашкодаў марка, якая мела быць гатоваю на час Сустрэчы ў Канадзе, надрукаваная была толькі сяньня.

Марка выдадзеная лістамі, па 20 марак на лісьце, ды з інфармацыйнай даведкай уверсе ліста ў мовах ангельскай і беларускай. Усе маркі аднаго колеру; побач дзіркаваных будуць, для жадаючых, і недзіркаваныя. Цана за ліст — 2.0 дал., за адну марку — 10 цэнтаў. Яшчэ друкарня не пасьпела зрабіць дзіркаваньне. Як будуць гатовыя — вышлю колькі аркушоў для патрэбы вашага музэю.

З надпісаў на марцы лёгка зацеміць, што ўскладзена на яе колькі заданьняў. Першае й найважнейшае — адзначыць важныя культурна-гістарычныя ўгодкі. Рэч другая — адзначыць угодкі, дата якіх выяўленая працаю беларускіх навукоўцаў за межамі свайго краю. Трэцяе — прыгадаць, што дайшло да гэтага ў тагачаснай сталіцы Беларусі, у Вільні, ды што Вільня — беларускае места. Чацьвёртае — паказаць для “рэспублікі”, БССР, што маркі ў патрэбе можа выдаць і эмігрaцыя, хоць сама рэспубліка з сваёй “сувэрэннасьцю” гэтага зрабіць ня мае й права, калі б і хацела б. Гэта мо змусіць дзеячоў БССР дамагацца ад Масквы, каб пры першай нагодзе Скарынаву марку ўсё ж выдалі б і ў СССР; Івану ж Фёдаравічу выдалі ўжо колькі. Пятае — на марцы даць рэпрадукцыю арыгіналу з партрэту Бібліі, а не няўдалае яго прарысоўкі, як гэта зроблена на скарынінскай марцы БНР 1918 году.

Дык на марку ўскладзены вялікі ідэйна-прапагандовы нацыянальны “багаж”. Тое-сёе з гэтага яна напэўна зробіць. Пра марку плянуецца перадача ў СССР праз радыё Свабода. Пра яе маюць друкавацца артыкулы ў чужамоўным, філятэлістычным і нефілятэлістычным друку.

У глыбокай пашане,

Ваш” [15].

У 1985 г. у калябарацыі Аляксандра Асіповіча-Асіпчыка (ідэя маркі) й вядомага філятэліста, бадай, найбуйнейшага калекцыянэра беларускіх марак у Амэрыцы Багдана О. Павука (малюнак) была выдрукаваная марка да, як паведамляў надпіс на аркушах, тысячагодзьдзя навяртаньня беларусаў у хрысьціянства. Побач з надпісам стаялі даты: 988—1988. Марка ўяўляе сабой цёмна-чырвоную выяву Еўфрасіннеўскага крыжа з датаю 988, ахопленую полымем, а наўкола крыжа надпіс: Bielarusia’s Millennium Christianity. Марку надрукавалі з пэрфарацыяй і безь яе — па тысячу паасобнікаў.

Напрыканцы кароткага агляду варта таксама зазначыць, што маркі зь беларускай тэматыкай выдаваліся й небеларускімі арганізацыямі. Гэтак, у 1983 г. украінскае філятэлістычнае таварыства ў Амэрыцы (Бафала, штат Нью-Ёрк) з ініцыятывы Багдана Павука надрукавала марку з выяваю абраза Жыровіцкае Божае Маці [16].

У параўнаньні з афіцыйнымі маркамі (хоць і пералічаныя вышэй нельга цалкам аднесьці да гэтае катэгорыі) значна больш было выдадзена віньетак (ад франц. vignettes, ці, як звычайна іх называюць на Захадзе, cinderellas). Яны наклейваліся на капэрты побач з афіцыйнымі маркамі і ўяўлялі сабой або копіі старых беларускіх марак (прыкладам, “Асобны атрад”), або былі адмыслова зробленыя да ўгодак ці адлюстроўвалі пэўныя сымбалі (Пагоня (1975, 1980), Вітаўт і дата 1430, “Гадавіна 1-га сьцягу ў Ватэнштэце, 1945—1947”, Анёл і словы “Раство”, “Byelarus” (Чыкага, 1979), скаўцкі знак з словамі “Bielaruskija Skauty” (1984). Большасьць з іх зрабілі згаданы вышэй Багдан Павук і Біл Леш з Каліфорніі, таксама зьбіральнік беларускай філятэліі. У справе выданьня яны кантактавалі з Аляксандрам Асіпчыкам, Сяргеем Хмарам, Аляксандрам Лашуком.

Лявон Юрэвіч

[1] Хутчэй за ўсё маецца на ўвазе Europa:Briefmarken-Katalog Zumstein. Bern: Zumstein & Cie. або дадатак да яго Berner Briefmarken-Zeitung. Journal philatélique de Berne. Bern: Briefmarkenhaus Zumstein & Cie.

[2] Празь невыразны друк газэты расчытаць назоў каталёгу не ўдалося.

[3] Сільвановіч, Мікола. Зьбірайма й мы! // Бацькаўшчына. №4 (7). 15 лютага 1948. С. 3.

[4] Падрабязьней гл.: Кажан, Віталі. Маркі Беларускай Народнай Рэспублікі // Беларускі калекцыянер. №1—2 (12—13). Сакавік 1995. С. 4.

[5] Запруднік, Янка. Маркі да 40-годзьдзя Слуцкага Паўстаньня (Зь беларускага жыцьця) // Бацькаўшчына. №15 (499). 10 красавіка 1960. С. 4; Беларускія маркі // Бацькаўшчына. №34 (518). 4 верасьня 1960. С. 4.

[6] Падрабязьней пра пошту ЗБВБ гл.: “Пошта ЗБВБ” — “ZBVB Post” у Ангельшчыне // Беларус. №167. Сакавік 1971. С. 5; Я. З. Маркі БНР у афіцыйным ужытку ў Ангельшчыне // Беларус. №172. Жнівень 1971. С. 5; Пра беларускія маркі ў “Новым Рускім Слове” // Беларус. №191. Сакавік 1973. С. 4; Палчанінаў, Р. Пошта Згуртаваньня Беларусаў Вялікай Брытаніі // Беларускі калекцыянер. №1—2. 1992. С. 5; Pauk, B. The British Postal Strike and the Byelorussian Post // Ukrainian Philatelist. Vol. 44. 1980. P. 28—29.

[7] Пікарда, Гай. Сьпіс марак. Гашэньні. Брытаніі // Беларускі калекцыянер. №1—2. 1992. С. 5.

[8] Беларуская Замежная Пошта // Беларус. №259—260. Лістапад—сьнежань 1978. С. 8.

[9] Вітаўт Тумаш і раней спрабаваў выдаваць маркі. Гэтак, у 1955 г. “Абежнік БІНіМу” (№5) паведамляў пра пляны Ўправы выдаць адмысловыя маркі да юбілеяў “Нашай Долі” й “Нашай Нівы”. Праект двухкаляровай сэрыі меўся складацца з трох марак: “Нашай Долі”, “Нашай Нівы” ды з партрэтам братоў Луцкевічаў.

[10] Угодкі друку адзначаныя маркай // Беларус. №189. Студзень 1973. С. 3.

[11] Падрабязьней гл.: Васілеўскі, Юрка, Сёмуха, Алеся. Да гісторыі сэрыі марак “Беларусь. Почта” // Беларускі калекцыянер. №1—2 (12—13). Сакавік 1995. С. 3.

[12] Напэўна, Вітаўт Тумаш мае на ўвазе выданьне: Michel Briefmarken-Katalog. Leipzig : Verlag des Schwaneberger Album, 1953.

[13] Ліст Вітаўта Тумаша да ўладыкі Васіля (Тамашчыка) ад 10.05.1969 г. Усе падкрэсьленьні належаць аўтару ліста. Захоўваецца ў архіве БІНіМу.

[14] Ліст Вітаўта Тумаша да Гая Пікарды ад 11.05.1971 г. Захоўваецца ў архіве БІНіМу.

[15] Ліст Вітаўта Тумаша да айца Лява Гарошкі ад 22.12.1972 г. Захоўваецца ў архіве БІНіМу.

[16] Ікона на паштовай марцы // Беларус. №315. Студзень 1984. С. 4.

КАЛЕКЦЫІ