Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва

Беларускія эміграцыйныя калекцыі

Дадатак да альманаху "Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва" (№36. Нью-Ёрк – Менск, 2013)

Мультымэдыйнае выданьне Укладальнік: Натальля Гардзіенка

Да калекцыіНа галоўную

Памятныя карткі

Акрамя паштовак на эміграцыі выкарыстоўваліся таксама памятныя карткі — графічныя друкі звычайна невялікага фармату, выдадзеныя з нагоды той ці іншай, часьцей рэлігійнай, падзеі. Гэткія карткі можна знайсьці ў розных эміграцыйных зборах. Раней мы ўжо зьмяшчалі публікацыю невялікай калекцыі гэткіх картак са збораў БІНіМу [1]. Спробу сыстэматызацыі інфармацыі пра іх зрабіў таксама Юры Гарбінскі [2]. Аднак само зьбіраньне тых картак на сёньня яшчэ працягваецца, і сур’ёзная аналітычная праца чакае наперадзе. Тут жа прапануем агляд невялікай калекцыі прыкладна чатырох дзясяткаў картак, што пераважна захоўваюцца ў БІНіМе. Храналягічна яны ахопліваюць час ад 1940-х да 2000-х гг.

Усе памятныя карткі можна падзяліць на некалькі групаў. Першую складаюць юбілейныя — тыя, што выдаваліся з нагоды сьвяткаваньня найчасьцей угодкаў сьвятарства. На першай старонцы такой карткі зьмяшчалася выява іконы, а на адвароце тлумачылася падзея, магла быць таксама цытата зь Бібліі. Вядомыя такія карткі з нагоды 25-годзьдзя сьвятарства а. Пётры Татарыновіча (1946) або залатога юбілею а. Францішка Чарняўскага. Нагодаю для такой карткі магло стаць высьвячэньне на сьвятара ці біскупа або, прыкладам, першая камунія, як у выпадку зь Нінай Абрамчык.

Другая вялікая група памятных картак — памінальныя — чыё зьяўленьне зьвязанае з паховінамі таго ці іншага дзеяча. Памінальныя карткі адмыслова замаўлялі ў пахавальнай установе пасьля сьмерці пэўнага беларуса. Гэта былі своеасаблівыя апошнія памяткі па памерлых. Тут на першай старонцы таксама зьмяшчалася выява іконы, а на адвароце (ці на развароце) падаваліся імя й дата сьмерці (або й нараджэньня) чалавека, словы малітвы ці біблейская цытата, часам таксама месца пахаваньня або назва пахавальнага бюро. Адной з найбольш раньніх вядомых памінальных картак можна лічыць выпушчаную з нагоды сьмерці Янкі Купалы і першай паніхіды па ім у Чыкага ў кастрычніку 1942 г., што зладзіў а. Ян Тарасэвіч [3]. Надалей памінальныя карткі прысьвячаліся пераважна эмігрантам.

Выгляд і памеры памінальных картак адрозьніваліся ў залежнасьці ад краіны. Найбольш раньнія эўрапейскія карткі былі некаляровыя, памерам блізкія да звычайнай паштоўкі. Аднабаковыя, з чорнай паласою па пэрымэтры й тэкстам пра нябожчыка ўсярэдзіне. Так выглядалі памінальныя карткі Лявона Рыдлеўскага, што памёр у Лёндане ў 1953 г., Пётры Сыча (1952) ды Барбары Вэржбаловіч (1967) зь Мюнхэну й г.д.

З Францыі паходзяць карткі вялікага памеру. Адна зь іх — з нагоды сьмерці Прэзыдэнта БНР Міколы Абрамчыка (1970) — мела тэкст у францускай і беларускай мовах на асобных старонках фармату А4. Вялікая памінальная картка, праўда, больш арыгінальна аформленая, была выдадзеная ў 1977 г. у сувязі са сьмерцю Ўладзімера Шыманца. Захавалася таксама й немалога памеру картка з нагоды сьмерці Міколы Равенскага (1953), якую можна было скласьці ў выглядзе жалобнай капэрты з чорнымі бакамі. Менавіта ў гэткіх адмысловых капэртах з тонкай чорнай стужкай па пэрымэтры й дасылалі звычайна на Захадзе сумныя весткі пра сьмерць чалавека або спачуваньні з гэтай нагоды.

У ЗША распаўсюджаныя памінальныя карткі стандартнага невялікага памеру (60х103 мм) з каляровай выявай іконы на першай старонцы й тэкстам у беларускай ці (часьцей) ангельскай мове на адвароце. Пры гэтым, калі на сьціплых эўрапейскіх картках часта зьмяшчалі хаця б мінімальныя зьвесткі пра самога памерлага й пахаваньне, дык на больш дасканалых амэрыканскіх, акрамя датаў жыцьця, амаль што ніякай біяграфічнай інфармацыі не пазначалі. Аўстралійскія памінальныя карткі часта рабіліся складныя, большага памеру й маглі зьмяшчаць партрэт памерлага, як у выпадку з карткай з нагоды сьмерці Алега Шнэка.

Памінальныя карткі вырабляліся пахавальным бюро, і мова надпісаў на іх часьцей ангельская. Што праўда, на эўрапейскіх картках часьцей сустракаўся дзьвюхмоўны варыянт, дзе на першым месцы стаяла беларуская. Таксама варта зазначыць, што нават зьвязаныя з адным чалавекам памінальныя карткі маглі мець розныя выявы на першай старонцы. Так, у калекцыі захоўваюцца дзьве розныя карткі з нагоды сьмерці Станіслава Станкевіча й цэлых сем варыянтаў картак Антона Адамовіча. Пры гэтым тэкст на адваротным баку гэткіх друкаў быў аднолькавы.

Безумоўна, складана казаць пра вялікую інфармацыйную каштоўнасьць памінальных картак. Яны могуць дапамагчы ўдакладніць хіба што даты жыцьця ды, у некаторых выпадках, назву могілак, дзе чалавек пахаваны. Разам з тым яны сталі неад’емнай часткай эміграцыйнай пахавальнай культуры й менавіта таму вартыя адмысловай увагі. Да таго ж, часта гэткія карткі выкарыстоўваліся для падаваньня інфармацыі пра пахаваньне ў сродках масавай інфармацыі

Да памятных картак можна дадаць таксама малітоўныя. Яны маглі зьмяшчаць тэкст малітвы й выяву іконы (або толькі выяву іконы). Гэтая катэгорыя найбольш сьціпла прадстаўленая ў калекцыі карткай з “Малітвай айца сьвятога за перасьледваных”, а таксама іншай — з выявай сьв. Еўфрасіньні Полацкай (што выйшла таксама ў выглядзе вялікай паштоўкі).

Усе згаданыя памятныя карткі, як і іншыя графічныя ды інфармацыйныя друкі, выконвалі ня толькі ролю носьбіта той ці іншай інфармацыі, але й своеасаблівым чынам пазначалі беларускую прастору на Захадзе, рэпрэзэнтавалі беларусаў прыблізна гэтаксама, як гэта робяць пахаваньні на могілках. Дзякуючы тым карткам суайчыньнікі ўпісваліся ў шматнацыянальны кантэкст жыцьця прымаючых краінаў, а таксама пашыралі неабходную інфармацыю сярод сваіх.

[1] Памінальныя карткі // Запісы БІНіМ. №32. Нью-Ёрк—Менск, 2009. Уклейка.

[2] Гарбінскі, Юры. Беларускі рэлігійны друк на Захадзе: Пэрыёдыка, графічныя друкі 1945—2005… С. 520—521.

[3] Гарбінскі, Юры. Беларускі рэлігійны друк на Захадзе: Пэрыёдыка, графічныя друкі 1945—2005… С. 521.

КАЛЕКЦЫІ