Капэрта — абалонка для ўкладаньня, захоўваньня й перасылкі папераў або плоскіх прадметаў, звычайна лістоў. Першыя своеасаблівыя гліняныя капэрты вядомыя яшчэ з старажытнай Асырыі. На беларускіх землях нейкі час былі ў выкарыстаньні шаўковыя мяшэчкі з княскімі пячаткамі [1]. Першая ж папяровая капэрта была зробленая ў 1820 г. ангельцам Брэварам. Праз чвэрць стагодзьдзя ўласныя капэрты сталі выдавацца і ў Расеі [2], і прыйшлі на беларускія землі.
Зьбіраньне капэртаў з маркамі ці не, чыстых ці ўжываных зьяўляецца часткаю філятэліі. Што праўда, прысьвечанай гэтай тэме літаратуры значна меней, чым прысьвечанай зьбіраньню марак. Надзвычай мала публікацыяў, датычных і менавіта беларускіх капэртаў. Праўда, ёсьць каталёг капэртаў, што былі выдадзеныя ў незалежнай Беларусі [3], аднак абагульняльных тэкстаў па гісторыі беларускіх капэртаў, адметнасьцях іх выданьня й зьбіраньня вобмаль.
Яшчэ менш інфармацыі пра адметныя эміграцыйныя беларускія капэрты, што пачалі зьяўляцца ўжо ў 1950-х гг. У калекцыі Беларускага інстытуту навукі й мастацтва захоўваецца некалькі дзясяткаў капэртаў з рознымі беларускімі адзнакамі. Усе яны зьяўляюцца немаркіраванымі (ня маюць адмыслова нанесенай пазнакі аплаты). Эміграцыйныя капэрты магчыма падзяліць на дзьве групы: капэрты з арыгінальным беларускім малюнкам (ілюстраваныя капэрты) і капэрты з надрукаванай беларускай адрэсай. Пры гэтым сярод апошніх вылучаюцца капэрты з адрэсамі арганізацыяў і прыватных асобаў.
Найбольшую каштоўнасьць уяўляюць арыгінальныя ілюстраваныя капэрты, якіх у БІНіМаўскай калекцыі захавалася дзевяць.
Самая раньняя вядомая нам была вырабленая ў 1963 г. ня ўласна беларусамі, але, відавочна, з ініцыятывы суродзічаў-эмігрантаў, урадавымі структурамі ЗША. Яна адзначала 45-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР і той факт, што розныя сэнатары й кангрэсмэны выказваліся з гэтае нагоды. На капэрце была разьмешчаная чорная пячатка з адпаведным тэкставым паведамленьнем.
Празь пяць гадоў пасьля гэтае капэрты беларус з Брадфарду (Вялікабрытанія) Янка Калбаса ініцыяваў адмысловае ўшанаваньне “залатога” юбілею БНР. Так зьявілася ўжо менавіта беларуская капэрта з выявай Пагоні на фоне бел-чырвона-белага сьцягу й англамоўным надпісам [4].
Да шэрагу юбілейных капэртаў у сьнежні 1987 г. дадалася выдадзеная парафіяй Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта да 1000-годзьдзя хрысьціянства. Малюнак эмблемы зрабіла беларуская мастачка Тамара Стагановіч-Кольба. Надпісы зробленыя ў беларускай і ангельскай мовах. У паведамленьні пра выхад капэртаў зазначалася: “Канвэрты ў двух разьмерах — бюровым і звычайным — з чырвоным наддрукам эмблемы, іх трэба замаўляць у колькасьці ня меншай за 20 штук (цана за 20: тры даляры разам зь перасылкай)” [5].
У 1990 г. пабачыла сьвет юбілейная капэрта да 500-годзьдзя Францыска Скарыны. Ініцыятарам яе выданьня стаў друкар з Мічыгану Мікола Прускі. На капэрце была зьмешчаная выява Ф. Скарыны ў профіль, выкананая карычневым колерам, зьлева ад яе — чырвоны беларускі арнамэнт, а ўнізе — дзьвюхмоўны (беларускі й ангельскі) надпіс: “Ф. Скарына — беларускі першадрукар і асьветнік”. Пры гэтым, Мікола Прускі прапаноўваў ахвотным зрабіць гэткія капэрты “індывідуалізаванымі”, г.зн. дадаць аддрукаваную адрэсу адпраўніка [6]. Аналягічным чынам Мікола Прускі выдаў на пачатку 1990-х гг. і капэрту, прысьвечаную Якубу Коласу. Тут таксама прысутнічала выява паэта, зробленая ў сінім колеры, ды беларускі арнамэнт зьлева. Надпіс гэтым разам быў толькі англамоўны “Jakub Kolas — Byelorussian Literary Classic”.
У 1994 г. зьявілася новая беларуская капэрта, гэтым разам прысьвечаная 200-м угодкам паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі. Выкананая сінім колерам выява бою паўстанцаў уверсе вянчалася Пагоняю, а зь левага боку — бел-чырвона-белай стужкаю. Дзьвюхмоўны надпіс паведамляў: “Вызвольнае паўстаньне 1794 году на Беларусі” (англамоўны надпіс прадубляваны таксама вэртыкальным надпісам справа). Магчыма, што й гэтую капэрту, і наступную, таксама прысьвечаную паўстанцкай тэматыцы — гэтым разам 75-м угодкам Слуцкага паўстаньня, — выдаў той самы Мікола Прускі. Апошняя мела чорную выяву паўстанцаў зь бел-чырвона-белым сьцягам і два надпісы: уверсе беларускі, унізе ангельскі.
Згаданыя юбілейныя капэрты адзначалі найважнейшыя даты беларускай гісторыі, шанаваныя эмігрантамі. Аднак акрамя іх былі яшчэ й іншыя арыгінальныя беларускія капэрты. Так, каля 1986 г. зьбіральнік-філятэліст Багдан Павук ініцыяваў выданьне ў Чыкага капэрты з выяваю Пагоні. Апошняя была ўзятая з адной зь першых марак яшчэ даваеннай БНР. Зьяўленьне капэрты было прымеркаванае да міжнароднай філятэлістычнай выставы Ameripex, што праходзіла ў Чыкага 22 траўня — 1 чэрвеня 1986 г. Пра апошняе сьведчыць і наклееная на капэрту арыгінальная марка выставы, і спэцыяльны штамп. Варта адзначыць, што выкарыстаная на гэтай капэрце выява Пагоні часта ўжывалася на звычайных капэртах у выглядзе налепкі.
Апошняя зь вядомых арыгінальных беларускіх капэртаў істотна адрозьніваецца ад згаданых вышэй. Яе выданьне было зьвязанае зь дзейнасьцю Парафіі Жыровіцкай Божай Маці (БАПЦ) у Кліўлэндзе. Капэрта мае назву “Вялікодны падарунак” і была, відавочна, прызначаная для зьбіраньня ахвяраваньняў на царкву. Акрамя біблейскай выявы тут была пададзеная адрэса парафіі, а таксама пазначаныя месцы для прозьвішча, адрэсы ды пазнакі сумы ў далярах, скіраванай ад адпраўніка. Час выданьня гэтай капэрты невядомы, таксама як і наклад. Зрэшты, зьвестак пра наклад няма ні па адной з прыведзеных вышэй капэртаў.
Акрамя арыгінальных ілюстраваных капэртаў на эміграцыі карысталіся папулярнасьцю й звычайныя, але з аддрукаванай адмысловым чынам зваротнай адрэсай, або “індывідуалізаваныя”. Як было пазначана вышэй, гэта маглі быць або адрэсы арганізацый, або прыватных асобаў. Сярод наяўных у калекцыі БІНіМу ёсьць “індывідуалізаваныя” капэрты Згуртаваньня беларускіх скаўтаў (нават з выявай скаўцкай лілеі), газэты “Беларус” (з 1953 і 1973 гг.), Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня й яго Нью-ёрскага аддзелу, Злучанага беларуска-амэрыканскага дапамаговага камітэту, Мюнхенскага інстытуту вывучэньня СССР, а таксама самога Беларускага інстытуту навукі й мастацтва. Сярод цікавых друкаваных прыватных адрэсаў можна адзначыць такія Аўгена Каханоўскага, Раісы Жук-Грышкевіч, біскупа Часлава Сіповіча ды Віктара Войтанкі-Васілеўскага. Згаданыя капэрты мы вылучаем у асобную групу ад тых, дзе зваротная адрэса выстаўлялася звычайным атрамантавым штампам.
У багатай калекцыі лістоў і капэртаў, што захоўваецца ў БІНіМе, ёсьць таксама шмат звычайных адмыслова “зьбеларушаных” адзінак, зь беларускімі маркамі (часам колькасьць такіх марак, наклееных адначасова, была чатыры-шэсьць) або спэцыяльна вырабленымі налепкамі. Асабліва шмат розных налепак выкарыстоўваў на капэртах сваіх лістоў у БІНіМ згаданы вышэй Багдан Павук. Тут можна знайсьці выявы Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Пагоні або адмысловую чорна-белую зьменшаную копію скаўцкай паштоўкі канца 1940-х гг.
Як відаць зь пералічанага, беларускія капэрты на эміграцыі маюць сваю гісторыю й выразныя адметнасьці. Як і іншыя паштовыя выданьні, яны, разам са сваёй непасрэднай функцыяй, выконвалі й рэпрэзэнтацыйную, выступаючы ў якасьці адмысловых, хоць і невялікіх, пазнакаў беларускай прысутнасьці на Захадзе.
[1] Гл.: Гісторыя беларускай пошты http://archive.svaboda.org/programs/atlan/2002/12/20021212191047.asp.
[2] Якобс, В. Цельные вещи в филателии. Москва, 1980. С. 11.
[3] Кудрин, В. Иллюстрированный каталог почтовых конвертов Беларуси. Минск, 2009.
[4] Юбілейныя канвэрты // Камунікат ЗБВБ. №64. 1967.
[5] Канвэрты да юбілею // Беларус. №338. Жнівень 1987. с. 8.
[6] Гл.: Беларус. №367. Люты 1990.
Колькасьць экспанатаў: 54
Колькасьць экспанатаў: 145
Колькасьць экспанатаў: 72
Колькасьць экспанатаў: 23
Колькасьць экспанатаў: 60
Колькасьць экспанатаў: 68
Колькасьць экспанатаў: 51
Колькасьць экспанатаў: 209
Колькасьць экспанатаў: 109
Колькасьць экспанатаў: 81
Колькасьць экспанатаў: 20
Колькасьць экспанатаў: 42