Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва

Беларускія эміграцыйныя калекцыі

Дадатак да альманаху "Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва" (№36. Нью-Ёрк – Менск, 2013)

Мультымэдыйнае выданьне Укладальнік: Натальля Гардзіенка

На галоўную

МАТЭРЫЯЛЬНАЯ СПАДЧЫНА ЭМІГРАЦЫІ: АСНОЎНЫЯ КАЛЕКЦЫІ

Выяжджаючы на Захад у часе Другой сусьветнай вайны, уцекачы часам ратавалі каштоўныя для нацыянальнай культуры рэчы, паперы, кнігі, перахоўвалі іх у складаныя часы туляньня па паваеннай Нямеччыне ды ўрэшце забіралі з сабою ў краіны сталага жыхарства. Так на эміграцыі апынуліся рарытэты, якія невядома ці захаваліся б на савецкай радзіме. Можна толькі дзівіцца ахвярнасьці асобных дзеячаў, што замест адзеньня ці дадатковай пары абутку — таго, што цанілася ў бяздольным уцякацкім жыцьці, пранесьлі празь нягоды й захавалі асобнікі “Нашай долі” й “Нашай нівы”, старадрукі ды нават Купалавы нож. Усё тое таксама можна залічыць да своеасаблівай спадчыны эмігрантаў. Хоць, безумоўна, большую частку згаданай спадчыны складае ўжо зробленае на чужыне.

Варта адзначыць, што на пачатку 1990-х гг. частка беларускай спадчыны, якая зьберагалася эмігрантамі, стала вяртацца ў Беларусь. Розныя рэчы й дакумэнты перадаваліся ў Цэнтар імя Ф. Скарыны, Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры й мастацтва ды іншыя ўстановы.

Апынуўшыся на Захадзе ў сярэдзіне ХХ ст., эмігранты пакідалі ў краінах сталага жыцьця розныя памяткі па сабе: ад будынкаў цэркваў, сьцягоў на галоўных плошчах гарадоў ды мястэчак у Дні беларускай незалежнасьці да квіткоў на нацыянальныя імпрэзы, прынагодных паштовак, марак, значкаў… Аздобленыя беларускай сымболікай рэчы й друкі сталі натуральнай часткай эміграцыйнага жыцьця ў Брытаніі й Францыі, Канадзе й ЗША, Аргентыне й Аўстраліі. Побытавыя дробязі, яны несьлі ў сабе неад’емныя знакі беларускасьці, у мове, сымбалях, зьмесьце, самім духу й выконвалі важную рэпрэзэнтацыйную функцыю. Яны нібыта пазначалі прастору беларускай прысутнасьці, паведамляючы й чужым, і сваім: тут ёсьць беларусы.

Згаданыя рэчы для беларуса на эміграцыі былі часткай яго штодзённасьці. Звычайна іх не зьбіралі, не захоўвалі. Яны мелі практычны сэнс для інфармаваньня, для адзначэньня нейкіх падзеяў грамадзкага ці асабістага жыцьця і пасьля выкарыстаньня часта страчвалі вартасьць для спажыўца. Візытоўкі, абвесткі, квіткі ды іншае адмыслова не зьбіралі й не захоўвалі, бо ў побыце яно непатрэбнае.

З часам Беларускі інстытут навукі й мастацтва або Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны сталі зьбіраць розныя аб’екты матэрыяльнай культуры беларускіх эмігрантаў. Аднак відавочна, што частка тае спадчыны ўсё ж была згубленая.

Візытоўкі, мэдалі й значкі, паштоўкі й абвесткі, пасьведчаньні й пячаткі ды рознае іншае пераважна мела ўтылітарнае значэньне. І разам з тым усё гэта рознымі шляхамі й формамі рэпрэзэнтавала Беларусь і беларусаў на Захадзе.

У нашым мультымэдыйным выданьні прадстаўленыя 12 калекцыяў аб’ектаў матэрыяльнай спадчыны эмігрантаў, якія захоўваюцца ў зборах БІНіМу, Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны, а таксама ў беларускіх фондах ў Бібліятэцы й архіве Канады ў Атаве. Большасьць гэтых збораў несыстэматызаваная й адмыслова не вывучалася.

Прадстаўленае ў “Беларускіх эміграцыйных калекцыях” далёка не вычарпальнае. З часам і ў іншай форме, база зьвестак будзе папаўняцца і ўдасканальвацца. Гэты ж варыянт мае на мэце першасную рэпрэзэнтацыю багатай і разнастайнай матэрыяльнай спадчыны эміграцыі.

Здымкі экспанатаў у калекцыі зробленыя ў розных зборах, што пазначана ў апісанні экспанатаў. Капірайт на саміх здымках сьведчыць пра прыналежнасьць менавіта іх БІНіМу.

У апісаньнях экспанатаў у калекцыях могуць быць недакладнасьці. Таму запрашаю усіх, хто мае больш дасканалую інфармацыю, да супрацоўніцтва.

Кантактная электронная адрэса: nhardzijenka@gmail.com.

КАЛЕКЦЫІ