ХХ стагодзьдзе са зьяўленьнем новых дзяржаваў, з актывізацыяй міграцыйных працэсаў стварыла неабходнасьць у шматлікіх дакумэнтах, якія пацьвярджалі асобу. У ранейшыя часы, жывучы ў адной мясцовасьці, беларусу ня трэба было мець адмысловых папераў пра сябе. Пры жаданьні зьведаць сьвет у ХІХ — пачатку ХХ ст. трэба было мець пашпарт. Аднак з часам колькасьць дакумэнтаў, якія выдаваліся асобе рознымі інстанцыямі, істотна павялічылася. Разнастайныя пасьведчаньні й даведкі суправаджалі беларуса ў БССР, былі вельмі важнымі ў часе акупацыі ды асаблівае значэньне набывалі пазьней, у паваеннай Нямеччыне й пры эміграцыі. Магчыма, таму ад 1940-х — пачатку 1950-х гг. захавалася ў эміграцыйных зборах вялікая колькасьць ідэнтыфікацыйных дакумэнтаў.
У калекцыі Беларускага інстытуту навукі й мастацтва налічваецца больш за сем дзясяткаў разнастайных пэрсанальных дакумэнтаў. Яны траплялі сюды найперш разам з прыватнымі архівамі асобных дзеячаў. Так, вялікая колькасьць дакумэнтаў у БІНіМаўскім зборы належыць Антону Адамовічу. Ёсьць цікавыя пасьведчаньні й даведкі, выдадзеныя Язэпу Гладкаму, Яўхіму, Марыі ды Вітаўту Кіпелям, Лявону Савёнку, Уладзімеру Сядуру, Міколу Панькову й іншым. Згаданыя дакумэнты часта выкарыстоўваюцца ў якасьці ілюстрацыяў для публікацыяў на старонках “Запісаў БІНіМ” або ў асобных выданьнях, аднак адмысловым вывучэньнем іх, таксама як беларускіх ідэнтыфікацыйных дакумэнтаў наогул, пакуль ніхто не займаўся.
Разнастайныя ідэнтыфікацыйныя дакумэнты можна знайсьці і ў Бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лёндане. Тут, прыкладам, захоўваюцца пэрсанальныя ідэнтыфікацыі беларускіх рэлігійных дзеячаў, а таксама сюды ж былі перададзеныя дакумэнты, знойдзеныя ў вопратцы трагічна загінулага ў 1954 г. журналіста Радыё “Вызваленьне” Леаніда Карася. Нягледзячы на багацьце збораў Скарынаўкі, мы найперш засяродзімся на калекцыі БІНіМу.
Варта адзначыць, што ў зборах Інстытуту зьберагліся дакумэнты ня толькі эміграцыйныя, але й уласна мэтрапольныя ранейшых часоў, тыя, зь якімі беларусы траплялі на эміграцыю. Храналягічна яны ахопліваюць пэрыяд ад 1910-х да 1990-х гг. Сярод найстарэйшых варта адзначыць пашпарт, выдадзены ў Пружанскім уезьдзе Гродзенскай губэрні ў 1911 г. Дзям’яну Давідовічу, а таксама пропуск на акупаваную тэрыторыю ў Магілёў, выдадзены ў Воршы ў 1918 г. Найбольшая ж колькасьць разнастайных дакумэнтаў, даведак, пасьведчаньняў датуецца 1940 гг., асабліва часам пасьля Другой сусьветнай вайны.
Усе ідэнтыфікацыйныя дакумэнты ў зборах БІНіМу можна падзяліць на некалькі катэгорыяў. Да першай зь іх трэба аднесьці пашпарты — дзяржаўныя дакумэнты, што сьведчаць пра асобу й яе грамадзянства. Сярод захаваных у Інстытуце ідэнтыфікацыйных дакумэнтаў пашпартоў каля дзясятка. Акрамя згаданага вышэй пашпарту 1911 г. ёсьць аналягічны, выдадзены ў Магілёўскай губэрні ў 1913 г. Акрамя таго, ёсьць савецкі замежны пашпарт 1925 г., а таксама пашпарт Яўхіма Кіпеля 1940 г., атрыманы адразу па вызваленьні зь лягеру. Цікавы таксама нансэнаўскі пашпарт 1946 г. Варта дадаць, што ў зборах Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лёндане таксама захоўваюцца нансэнаўскія пашпарты, што належалі беларускім дзеячам Лявону Рыдлеўскаму, Льву Гарошку. Тамсама ёсьць і ўнікальны асобнік пашпарту БНР, выдадзенага на імя Янкі Чарапука-Змагара ў 1920 г. Сярод асабістых папераў Антона Адамовіча ў БІНіМе апынуліся й два ягоныя амэрыканскія пашпарты, што сьведчаць у тым ліку і пра вельмі актыўныя перасоўваньні ўладальніка ў зьвязку зь ягонай навуковай і грамадзкай дзейнасьцю. Да катэгорыі пашпартоў умоўна можна аднесьці й яшчэ адзін дакумэнт зь БІНіМаўскай калекцыі, што ня мае статусу дзяржаўнага, — пашпарт, што выдаваўся ўдзельнікам Міжнацыянальнага фэстывалю “Караван” у Таронта ў 1973 г. На гэтым мерапрыемстве былі прадстаўленыя розныя культуры, у кожнай нацыі быў свой павільён, пры адведваньні якога кожнаму госьцю ў згаданы адмыслова выдадзены “пашпарт” ставіўся спэцыяльны штамп-віза. Захаваўся гэткі дакумэнт, выпісаны на імя Раісы Жук-Грышкевіч, зь беларускаю візаю.
Асобную групу ідэнтыфікацыйных дакумэнтаў у эміграцыйных зборах складаюць “пасьведчаньні” (каля двух дзясяткаў). Да іх мы аднесьлі дакумэнтальныя сьведчаньні пра асобу, дадзеныя афіцыйнымі ўстановамі рознага кшталту. Гэтыя дакумэнты часта мелі важнасьць, роўную пашпартам. Асабліва гэта датычыць разнастайных іміграцыйных картак і пасьведчаньняў пры канцы 1940-х — на пачатку 1950-х гг. З даваеннага часу захаваліся “Асабістая кніжка” — своеасаблівы аналяг ваеннага білету, выдадзены Язэпу Гладкаму ў 1923 г., а таксама “працоўная кніжка” Марыі Кіпель з 1932 г. Важныя таксама розныя адукацыйныя пасьведчаньні, кшталту пасьведчаньня аб сканчэньні сямігодкі Вітаўтам Кіпелем у Менску ў 1943 г. або пасьведчаньня сталасьці, выдадзенага ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу ў 1946 г. Аляксандры Заруцкай. Захаваліся цікавыя дакумэнты часоў Другой сусьветнай вайны, кшталту пасьведчаньня рэдактара газэты “Голас вёскі” або папераў, выдаваных Беларускай Цэнтральнай Радай як у Беларусі, гэтак і ў Бэрліне. З паваеннай Нямеччыны паходзяць пасьведчаньні, выдадзеныя беларускімі арганізацыямі: Беларускім камітэтам у Рэгенсбургу, Беларускім Цэнтральным Прадстаўніцтвам і інш., а таксама рознымі акупацыйнымі ці міжнароднымі арганізацыямі (ІRО, Сусьветнай царкоўнай арганізацыяй (World Church Service) ды інш.).
Пра тое, наколькі важна было для беларускага ўцекача ў паваеннай Нямеччыне мець розныя паперкі, гаворыць і колькасьць пасьведчаньняў, што меў адзін чалавек, і іх характар. Пры гэтым часта яны мелі досыць фармальны характар. Так, сярод папераў згаданага Антона Адамовіча захаваліся два ягоныя прэсавыя пасьведчаньні як рэдактара газэты “Бацькаўшчына”. Пры гэтым першае, выдадзенае ІRО, датуецца 1948 г., калі дзеяч сапраўды займаў згаданую пасаду, а другое дадзенае Асацыяцыяй вольнай прэсы ў 1950 г., калі газэту рэдагаваў ужо колькі гадоў Станіслаў Станкевіч. Верагодна, зь нейкіх прычынаў Антону Адамовічу ўжо пры пераезьдзе ў ЗША важна было мець пасьведчаньне рэдактара.
Вялікую важнасьць і ў даваенны, і ў ваенны, і ў паваенны час мелі таксама розныя афіцыйныя даведкі. Некаторыя маглі часам замяняць ідэнтыфікацыйныя дакумэнты, як, прыкладам, дадзеныя насельнікам DP-лягераў. З даваеннага часу захаваліся даведкі прыкладам, Яўхіма Кіпеля пра сяброўства ў прафсаюзе працаўнікоў асьветы ў 1930 г., або Язэпа Гладкага пра навучаньне на літаратуразнаўчым факультэце Менскага вячэрняга пэдынстытуту ў 1931—1935 гг. ды інш. З часоў лягераў для перамешчаных асобаў захаваўся шэраг даведак, выдадзеных настаўнікам Беларускай гімназіі імя Я. Купалы. Да катэгорыі даведак мы аднесьлі й так званыя ашурансы, у якіх беларусам, што выяжджалі ў ЗША, запэўнівалася праца й утрыманьне. Прыклады гэткіх папераў таксама можна знайсьці ў зборах БІНіМу.
Асобна сярод ідэнтыфікацыйных дакумэнтаў мы вылучылі дыплёмы й граматы. Часам яны маглі сьведчыць пра асобу даволі ўмоўна, як, напрыклад, віншавальныя дыплёмы ў гонар 25-годзьдзя творчай дзейнасьці Натальлі Арсеньневай, што падаравалі ёй выкладчыкі й вучні Беларускай гімназіі, а таксама (асобна) Беларускі акруговы камітэт у Рэгенсбургу ў 1946 г. Захаваліся й афіцыйныя дакумэнты такога кшталту, як дыплём Беларускага дзяржаўнага вышэйшага пэдагагічнага інстытуту, дадзены Марыі Кіпель у 1935 г., або дыплём магістра права, дадзены Вацлаву Пануцэвічу ў Віленскім унівэрсытэце ў 1939 г. Ёсьць таксама дыплём Акадэміі навук аб наданьні ступені “доктара філёлёгічных навук” Уладзімеру Сядуру, выдадзены 5 чэрвеня 1941 г. Ён сьведчыць пра абарону аўтарам 15 траўня 1941 г. дысэртацыі на тэму “Горкі як гісторык рускай літаратуры”. Гэты дакумэнт тым больш унікальны, што на эміграцыі выказвалі сумневы ў праўнасьці навуковай ступені Ўладзімера Сядуры. Сярод іншых дыплёмаў можна згадаць паваенныя скаўцкія, што выдаваліся асобам ці цэлым арганізацыям за ўдзел у розных мерапрыемствах, а таксама шматлікія дыплёмы Беларускай Цэнтральнай Рады й Рады БНР аб наданьні чарговых вайсковых званьняў і ўзнагародах эміграцыйных дзеячаў. Адметнай таксама была “Грамата фундатару”, якой у 1972 г. было прапанавана ганараваць асобаў, што давалі шчодрыя ахвяры на царкву Сьвятога Духу БАПЦ у Дэтройце.
Найбольш колькаснай сярод ідэнтыфікацыйных дакумэнтаў зьяўляецца катэгорыя сяброўскіх легітымацыяў (сяброўскіх картак — membership cards) — больш за тры дзясяткі. Амаль усе такія дакумэнты зьяўляюцца сьведчаньнем сяброўства ў беларускіх арганізацыях на чужыне. Найбольш раньняя такая сяброўская картка датычыць 1930-х гг. і дзейнасьці Хаўрусу беларусаў у Францыі. Наогул, геаграфія гэтых дакумэнтаў найбольш разнастайная. Тут прадстаўленыя краіны найбольш колькаснай беларускай эміграцыі: Аўстралія, Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Нямеччына, Францыя. Найбольшая колькасьць сяброўскіх картак, як і іншых ідэнтыфікацыйных дакумэнтаў, паходзіць зь Нямеччыны, што тлумачыцца разнастайнасьцю беларускіх арганізацыяў, створаных у другой палове 1940-х гг. у мясцовых лягерах DP. У асобную групу тут можна вылучыць скаўцкія легітымацыі, якія існавалі як у выглядзе звычайных пасьведчаньняў асобы, гэтак і ў выглядзе адмысловых “скаўцкіх кніжак”, дзе было каля дзясятка старонак і мела фіксавацца разнастайная актыўнасьць ды посьпехі канкрэтных скаўтаў. Акрамя скаўтаў шматстаронкавыя сяброўскія кніжкі мелі пазьней удзельнікі Беларуска-амэрыканскай нацыянальнай рады ў Чыкага (1959), Беларускай праваслаўнай царквы Сьв. Еўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры ў 1950-х гг. На пачатку 1950-х жа адмысловыя “Кніжачкі беларускага эмігранта” былі распрацаваныя ў Радзе БНР і меліся быць уручаныя ўсім беларусам на чужыне (якія мусілі плаціць падатак на БНР).
Сярод іншых сяброўскіх легітымацыяў варта згадаць выдаваныя рознымі вайсковымі арганізацыямі (Згуртаваньнем беларускіх камбатантаў у Вялікабрытаніі, Згуртаваньнем беларускіх вэтэранаў, Беларускім вызвольным фронтам), прафэсійнымі асацыяцыямі (Саюзам беларускіх журналістаў, Згуртаваньнем беларускіх лекараў на чужыне), царкоўнымі структурамі (праваслаўнымі таварыствамі, асобнымі парафіямі), БАЗА й яе аддзеламі, Згуртаваньнем беларусаў у Вялікабрытаніі й беларускімі клюбамі ў Манчэстэры ды Брадфардзе ды інш. Па сяброўскіх картках можна вывучаць геаграфію й зьмест беларускай дзейнасьці на эміграцыі.
Варта адзначыць, што ідэнтыфікацыйныя дакумэнты ў калекцыі БІНіМу зьберагліся як пэрсанальныя (з пазначанымі дадзенымі канкрэтных асобаў), гэтак і ў выглядзе незапоўненых блянкаў, па якіх не заўсёды можна зразумець, у які час яны выдадзеныя.
Згаданыя дакумэнты вылучаюцца сваім выглядам: ад невялічкіх картак кшталту амэрыканскай іміграцыйнай карткі да вялікага фармату аркушаў кшталту дыплёму магістра права Вацлава Пануцэвіча або дыплёму аб наданьні чарговай вайсковай рангі ад імя Рады БНР. Ёсьць тут і напісаныя ад рукі даведкі, і прыгожыя, выдадзеныя ў друкарні сяброўскія кніжкі, і якасна выдадзеныя пашпарты.
Усе разгледжаныя ідэнтыфікацыйныя дакумэнты зьяўляюцца важнымі крыніцамі інфармацыі пра канкрэтных асобаў, якім яны выдадзеныя, дазваляюць удакладніць пэўныя зьвесткі іх біяграфіяў. Разам з тым, тыя пасьведчаньні, дыплёмы, сяброўскія карткі распавядаюць пра эміграцыйныя арганізацыі й асяродкі. Агульная колькасьць і характар такіх дакумэнтаў у той ці іншы пэрыяд гавораць пра асаблівасьці жыцьця на чужыне. А захаваныя матэрыялы з даэміграцыйнага часу ёсьць цікавымі сьведчаньнямі агульнай беларускай гісторыі, яе сувязі з падзеямі выгнаньня.
Захаваныя ў эміграцыйных зборах ідэнтыфікацыйныя дакумэнты вартыя адмысловага вывучэньня як важныя гістарычныя крыніцы і ўнікальныя сьведчаньні часу й лёсаў.
Колькасьць экспанатаў: 54
Колькасьць экспанатаў: 145
Колькасьць экспанатаў: 72
Колькасьць экспанатаў: 23
Колькасьць экспанатаў: 60
Колькасьць экспанатаў: 68
Колькасьць экспанатаў: 51
Колькасьць экспанатаў: 209
Колькасьць экспанатаў: 109
Колькасьць экспанатаў: 81
Колькасьць экспанатаў: 20
Колькасьць экспанатаў: 42