Наяўнасьць на эміграцыі вялікай колькасьці арганізацый, што кантактавалі паміж сабою, са сваімі сябрамі ды іншымі структурамі й асобамі, стала падставай для зьяўленьня саліднага дакумэнтазвароту. Неад’емнай часткай апошняга сталі разнастайныя блянкі, пячаткі ды штампы. Усе яны былі носьбітамі важнай інфармацыі пра арганізацыі й асобаў, утрымлівалі арыгінальную сымболіку, дзякуючы чаму й пазначалі частку своеасаблівай глябальнай “прасторы папераў” як беларускую.
Пад блянкам мы будзем разумець спэцыфічны від друкаванага дакумэнту, што ўяўляе сабою аркуш паперы пэўнага фармату са зьмешчанай на ім пастаяннай інфармацыяй і месцам для інфармацыі пераменнай [1]. Акрамя блянкаў ідэнтыфікацыйных дакумэнтаў, пра якія ішла ўжо размова раней, у эміграцыйных архівах можна знайсьці багата афіцыйных дакумэнтаў, а таксама лістоў, напісаных на блянках. Чыстыя блянкі сустракаюцца нячаста, але ў асноўных эміграцыйных зборах: Беларускім інстытуце навукі й мастацтва, Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны ды беларускіх калекцыях Бібліятэкі й архіву Канады — яны ёсьць. Прыкладам, сярод БІНіМаўскіх папераў можна знайсьці цэлы шэраг чыстых школьных пасьведчаньняў Беларускіх гімназіяў паваеннай Нямеччыны, пранумараваных як “залучнікі”. Гэтак зьбіраў ілюстрацыйныя матэрыялы для сваёй кнігі пра беларускую эміграцыю ў Нямеччыне Алесь Вініцкі [2]. Захоўваў блянкі арганізацыяў, што сам засноўваў, Сяргей Хмара. Сёньня іх можна знайсьці ў ягоным фондзе ў Бібліятэцы й архіве Канады.
Мэтанакіраванае вывучэньне блянкаў эміграцыйных дакумэнтаў яшчэ наперадзе. Тут жа мы прапануем першую спробу сыстэматызацыі інфармацыі на падставе згаданых вышэй збораў, дзе намі выяўлена больш за 120 эміграцыйных блянкаў, што ахопліваюць пэрыяд ад 1940-х да 2000-х гг. Усе іх можна падзяліць на дзьве групы: пэрсанальныя й арганізацыйныя. Першыя ўяўляюць сабою блянкі лістоў канкрэтных асобаў. На аркушы, звычайна фармату А4, тут нанесеныя ўверсе імя й прозьвішча ды адрэса асобы. Часам, у залежнасьці ад асобы, могуць быць зробленыя пазнакі ейнага прафэсійнага ці грамадзкага статусу, як, прыкладам, на блянках царкоўных герархаў. Звычайна гэткія паперы выкарыстоўваліся для лістоў, радзей — для афіцыйных распараджэньняў, прыкладам, ад імя Прэзыдэнтаў Беларускай Цэнтральнай Рады або Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзеячы, што мелі актыўнае прыватнае ліставаньне, даволі шмат выкарыстоўвалі блянкі. Сярод часта сустраканых — лісты на блянках Вітаўта Тумаша, Раісы Жук-Грышкевіч, Барыса Рагулі, біскупа Часлава Сіповіча ды іншых.
Выступаючы як афіцыйныя асобы, эміграцыйныя дзеячы карысталіся блянкамі арганізацыяў, што складаюць другую вялікую групу блянкаў. Разнастайнасьць напрамкаў дзейнасьці й геаграфіі беларускіх эміграцыйных інстытуцыяў абумовіла й багацьце іх блянкаў. У архівах можна знайсьці гэткія дакумэнты амаль з усіх краінаў беларускай паваеннай эміграцыі: ад Аўстраліі да Швэцыі. Вялікую колькасьць блянкаў (як і арганізацыяў) стваралі беларусы ў лягерах DP у паваеннай Нямеччыне. Сярод тагачасных блянкавых дакумэнтаў, акрамя згаданых вышэй школьных пасьведчаньняў, асобную катэгорыю складаюць анкеты й апытальнікі. Можна знайсьці створаныя Беларускім настаўніцкім згуртаваньнем на эміграцыі, Саюзам беларускіх вайскоўцаў, Беларускім цэнтральным прадстаўніцтвам ды Беларускім перасяленчым таварыствам пры Беларускім цэнтральным дапамаговым камітэце. У залежнасьці ад профілю арганізацыі карэктаваўся й набор пытаньняў ды іх фармулёўкі. Да стандартных пазнакаў асабістых і сямейных зьвестак у зьвязку з, напрыклад, пэрспэктывай перасяленьня дадаваліся пытаньні пра стан здароўя, веданьне моваў або “У які край хацеў бы выехаць?” ды “Чым бы там хацеў заняцца?” Настаўнікі для ўступленьня ў прафэсійную арганізацыю мусілі пазначаць ня толькі ў якіх школах працавалі ды што выкладалі, але й якія “сродкі існаваньня” яны маюць у Нямеччыне. А вайскоўцы падавалі зьвесткі пра тое, ці былі параненыя або кантужаныя на вайне. Безумоўна, цікавейшымі былі б тыя анкеты ды апытальнікі ў запоўненым выглядзе, але й чыстыя блянкі выглядаюць важнымі сьведчаньнямі часу.
У 1950-х гг. ад імя Згуртаваньня беларусаў у Канадзе ды некаторых іншых арганізацыяў час ад часу дасылаліся лісты на спэцыяльных блянках, у ніжнім левым куце якіх быў здымак аднаго з архітэктурных помнікаў (зь ягонай назвай па-ангельску) і надпісам “Byelorussia”. Вядомыя два варыянты такіх блянкаў: са здымкам Тэатру опэры й балету ў Менску ды з Катэдрай у Вільні. На жаль, невядома, хто быў ініцыятарам іх выданьня й ці былі іншыя варыянты.
Пераважная большасьць арганізацыйных блянкаў — гэта блянкі лістоў або афіцыйных распараджэньняў і пастановаў. Часта гэтыя віды блянкаў мелі аднолькавы выгляд. Традыцыйна згаданым дакумэнтам было ўласьцівае гарызантальнае разьмяшчэньне рэквізытаў, хоць сам склад апошніх меў вялікія адрозьненьні. Так, на некаторых блянках пазначалася толькі назва арганізацыі, прыкладам, Беларуская народная грамада, на іншых — назва й адрэса. Часам дадавалася таксама эмблема арганізацыі, што магла зьмяшчацца або па цэнтры, або ў левым куце дакумэнта. У асобных арганізацыях на блянкі выносілася інфармацыя пра кіраўніцтва, якая звычайна разьмяшчалася ўздоўж левага (або і левага, і правага) бакоў дакумэнта. Прыклады выкарыстаньня гэткіх звышінфармацыйных блянкаў можна знайсьці ў дзейнасьці Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня або Беларускага кангрэсавага камітэту Амэрыкі.
З пункту гледжаньня мовы блянкі можна падзяліць на аднамоўныя (маглі быць толькі па-беларуску або толькі па-ангельску ці па-француску), дзьвюхмоўныя (часьцей беларуска-ангельскія) і шматмоўныя. Апошні варыянт найчасьцей сустракаўся ў паваеннай Нямеччыне, калі надпісы на блянках, як і на пячатках ды нават на паштоўках, рабілі акрамя беларускай таксама ў нямецкай ды ангельскай, або і ў францускай мовах. У пазьнейшы час найбольш пашырыліся дзьвюхмоўныя або асобныя варыянты беларускамоўных і англамоўных рэквізытаў на блянках.
Найбольш распаўсюджаным колерам арганізацыйных рэквізытаў быў чорны. Хоць сустракаюцца й сіні ды нават зялёны, як на блянку Беларускага культурна-грамадзкага клюбу “Сакавік” у Брадфардзе.
Адрозьніваліся колерамі й выглядам і эмблемы арганізацыяў. Побач з традыцыйнымі чорна-белымі выявамі сустракаюцца й чырвоныя, як на блянку Брадфардзкага аддзелу Згуртаваньня беларусаў у Вялікабрытаніі.
Часта ўласныя блянкі побач з галоўным кіраўніцтвам мелі й рэгіянальныя структуры арганізацыяў: аддзелы, краёвыя штабы, прадстаўніцтвы, а таксама асобныя царкоўныя прыходы. Свае спэцыфічныя блянкі для рэдакцыйнага ліставаньня мелі й найбольш значныя эміграцыйныя пэрыёдыкі: газэты “Бацькаўшчына”, “Беларус”, “Беларускі голас”, “Беларускі эмігрант” і інш. Асобныя блянкі маглі мець і рэгіянальныя рэдакцыі, як, прыкладам, рэдакцыя канадыйскай старонкі газэты “Беларус”.
Варта заўважыць, што выгляд рэквізытаў у аднае структуры з часам мог зьмяняцца ня толькі за кошт карэктаваньня адрэсы або зьмены кіраўніцтва, але й празь зьяўленьне новых варыянтаў дызайну, дадаваньня ці прыбіраньня эмблемы.
Наяўнасьць на блянку арганізацыйных рэквізытаў сама па сабе надавала дакумэнту афіцыйны статус. Аднак часта для пацьверджаньня сапраўднасьці выкарыстоўваліся пячаткі.
Пячатка — прадмет з выразанымі знакамі для адбітку іх на гліне, воску, паперы ды інш., а таксама адбітак гэтых знакаў на дакумэнтах для наданьня ім сапраўднасьці й юрыдычнай сілы [3]. Шмат эміграцыйных структураў і нават асобныя дзеячы мелі свае пячаткі. Уласна саміх пячатак-прыстасаваньняў сёньня (асабліва ад нядзейных ужо арганізацыяў) захавалася няшмат. У зборах БІНіМу ёсьць каля дзясятка гэткіх прыладаў для прастаўленьня пячатак і штампаў ад імя Рады ды Ўраду БНР, Канцылярыі Рады БНР, Задзіночаньня беларускіх вайскоўцаў ды газэты “Беларус”. Аднак далейшая нашая размова будзе прысьвечаная ўласна пячаткам у другім значэньні гэтага слова, то бок іх адбіткам на дакумэнтах.
Пячаткі-выявы можна знайсьці на дакумэнтах беларускіх арганізацыяў розных кірункаў, дый геаграфія й храналёгія іх аналягічная геаграфіі й храналёгіі блянкаў. Звычайна пячаткі маюць круглую форму, дзе па коле пазначаецца назва арганізацыі (часам у некалькіх мовах), а ў цэнтры зьмяшчаецца эмблема або нейкі дадатковы тэкст (прыкладам, пазнака гораду, у якім знаходзіцца арганізацыя, як у выпадку, напрыклад, з Кліўлэндзкім аддзелам БАЗА). Найбольш пашыранай эмблемай, што зьмяшчалася на пячатках, таксама як і на блянках (бо выявы паўтараліся), была Пагоня. Розныя яе варыянты можна знайсьці на афіцыйных дакумэнтах Рады й Ураду БНР, Беларускай Цэнтральнай Рады, Згуртаваньня беларусаў у Канадзе, Беларуска-амэрыканскай нацыянальнай Рады ў Чыкага, Фэдэральнай Рады беларускіх арганізацыяў у Аўстраліі ды іншых грамадзкіх і палітычных інстытуцыяў. Часьцей за ўсё кожная са структураў выкарыстоўвала ўласны варыянт Пагоні, аднак ёсьць і прыклады аднолькавых выяваў. Так, суполкі на розных кантынэнтах: Беларуская грамада ў Скандынавіі, Аб’яднаньне беларусаў у Францыі “Хаўрус”, Згуртаваньне беларусаў у Аргентыне ды выдавецкі клюб Пагоня й Манрэальскі аддзел Згуртаваньня беларусаў у Канадзе на сваіх пячатках і блянках ужывалі аднолькавую адметную выяву Пагоні.
Зь іншых эмблемаў, што выкарыстоўвалі сьвецкія арганізацыі, варта згадаць прыдуманую яшчэ ў паваенны час у Нямеччыне “Двупагоню”, якую актыўна ўжываў Сяргей Хмара, у тым ліку як сымбаль для газэты “Беларускі голас”. Выяву шчыта, дзе на бел-чырвона-белай стужцы ляжыць меч, можна ўбачыць на пячатках ды блянках розных структураў Беларускага вызвольнага фронту. Традыцыйныя лілеі зьмяшчаліся на дакумэнтах скаўтаў, а Аб’еднаньне беларускіх лекараў на чужыне ўжывала шырокавядомую мэдыцынскую эмблему з чашай са зьмяёй. Спэцыяльны герб меў нядоўга праіснавалы Інстытут Льва Сапегі ў Мадрыдзе. Скрыжаваныя беларускі й амэрыканскі сьцягі можна знайсьці на эмблеме Згуртаваньня беларускай моладзі ў Амэрыцы. Найбуйнейшыя навукова-культурніцкія арганізацыі на блянках і пячатках ужывалі сымболіку са Скарынавых выданьняў (ад выявы самога першадрукара ў дакумэнтах БІНіМу да знакаў сонца й месяца на дакумэнтах Крывіцкага навуковага таварыства імя Пранціша Скарыны). У Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны — свая эмблема са стылізаванай літарай “С” у вянку.
Прынцыповыя адрозьненьні ў зьмесьце пячатак мелі рэлігійныя арганізацыі. Тут найчасьцей у якасьці асноўнай эмблемы выкарыстоўваўся шасьціканцовы крыж. Зрэшты, еўфрасіньнеўскі крыж ужывалі ў сваіх пячатках ды блянках і некаторыя сьвецкія арганізацыі, прыкладам, Беларуская незалежніцкая арганізацыя моладзі ў Францыі або Беларускае студэнцкае згуртаваньне ў Лювэне.
Акрамя пячатак арганізацыяў былі яшчэ й тыя, што належалі прыватным асобам, такім як Прэзыдэнт БЦР або герархі БАПЦ. Іншыя ж выкарыстоўвалі часьцей не пячаткі, а штампы.
Штамп — тут: прыстасаваньне для перанясеньня на паперу нейкай пастаяннай інфармацыі, а таксама адбітак, зроблены гэтым прыстасаваньнем. Адрозьненьне штампаў ад пячатак палягае ў іх неафіцыйным і больш утылітарным характары й зьмесьце. Найбольш пашыранымі на эміграцыі былі штампы з пазнакай паштовай адрэсы, што актыўна выкарыстоўваліся ў лістах і на капэртах. Гэтыя штампы маглі належаць як інстытуцыі, прыкладам, БАЗА, так і прыватнай асобе, прыкладам, Палікарпу Манькову. Захаваліся цікавыя штампы Канцылярыі Рады БНР або “Толькі для сяброў Рады БНР” ды іншыя.
І блянкі, і пячаткі са штампамі як носьбіты пэўнай інфармацыі пра тыя ці іншыя эміграцыйныя ўстановы ці асобаў зьяўляюцца каштоўнымі гістарычнымі крыніцамі. Яны фіксуюць дакладныя зьвесткі, актуальныя для канкрэтнага часу й краіны, што дазваляе ўдакладняць інфармацыю зь іншых крыніцаў. Пры часта фрагмэнтарнай захаванасьці эміграцыйных архіваў, блянкі й пячаткі могуць падаваць унікальныя зьвесткі. Так, дзякуючы блянкам ды пячаткам са збору Міколы Сільвановіча можна даведацца пра існаваньне Беларускага лягеру DP у нямецкім Хэрэнбэргу, зьвесткі пра які не трапляюцца ў іншых крыніцах. Акрамя таго, вывучэньне адлюстраваных на блянках і пячатках эмблемаў можа дапамагчы зразумець адметнасьці й багацьце эміграцыйнай сымболікі, яе характар ды зьменлівасьць, адлюстраваньне ў ёй асаблівасьцяў сьветапогляду й эстэтычных прыярытэтаў эмігрантаў.
[1] Параўнай: Блянк — ліст паперы з друкаваным загалоўкам установы, прадпрыемства, або з часткова надрукаваным тэкстам, астатняя частка якога запаўняецца пры неабходнасьці (Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. Мінск, 1996. С. 89).
[2] Вініцкі, Алесь. Матар'ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гадах. Лос-Анжэлес, 1968. Ч. 1. — 194 с.; Ч. 2. — 119 с.
[3] Штыхаў, Георгі, Цішкін, Іван. Пячатка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 1. С. 24—25.
Колькасьць экспанатаў: 54
Колькасьць экспанатаў: 145
Колькасьць экспанатаў: 72
Колькасьць экспанатаў: 23
Колькасьць экспанатаў: 60
Колькасьць экспанатаў: 68
Колькасьць экспанатаў: 51
Колькасьць экспанатаў: 209
Колькасьць экспанатаў: 109
Колькасьць экспанатаў: 81
Колькасьць экспанатаў: 20
Колькасьць экспанатаў: 42