Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва

Беларускія эміграцыйныя калекцыі

Дадатак да альманаху "Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва" (№36. Нью-Ёрк – Менск, 2013)

Мультымэдыйнае выданьне Укладальнік: Натальля Гардзіенка

Да калекцыіНа галоўную

Аўтографы

Аўтографы — уласнаручныя аўтарскія рукапісныя тэксты — складаюць важную частку эміграцыйных архіўных збораў наогул і калекцыі Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў прыватнасьці.

Нягледзячы на багацьце архіваў, эміграцыйныя аўтографы яшчэ не былі прадметам спэцыяльнай увагі дасьледнікаў. Можна адзначыць хіба што працу, прысьвечаную кніжным пазнакам у зборах Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лёндане Юрася Лаўрыка [1], а таксама апісаньне кніжных дарчых надпісаў у зборы Натальлі Арсеньневай, зробленае Янкам Запруднікам [2]. Іншыя віды аўтографаў на сёньня яшчэ ня сталі аб’ектам вывучэньня. І тут мы прапануем толькі агульнае акрэсьленьне зьместу калекцыі аўтарскіх рукапісаў БІНіМу, значная частка якіх захоўваецца ў адмысловай архіўнай калекцыі ў Нью-ёрскай публічнай бібліятэцы [3].

Храналягічныя межы наяўных у БІНіМе аўтографаў складаюць ня меней за 90 гадоў. Найбольш раньнія датычаць 1920-х гг., найбольш позьнія — першага дзесяцігодзьдзя ХХІ ст., і калекцыя ўвесь час папаўняецца. Новыя аўтографы зьяўляюцца дзякуючы перадачы ў Інстытут прыватных архіваў розных дзеячаў іх сваякамі, нашчадкамі. Выяўляюцца рукапісы і ў працэсе апрацоўкі збораў.

Усе наяўныя ў Інстытуце аўтографы можна падзяліць на некалькі асноўных групаў: аўтографы твораў, эпісталярыі, надпісы на кнігах, анкеты.

Улічваючы спэцыфічную скіраванасьць установы на прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, аўтографы твораў займаюць важнае месца ў БІНіМаўскай калекцыі. Тут ёсьць як рукапісы Янкі Купалы (паэма “Безназоўнае”), Уладзімера Жылкі (захаваны сям’ёй Яўхіма Кіпеля “Тэстамэнт” паэта), гэтак і багата твораў эміграцыйных аўтараў. Сярод апошніх варта адзначыць рукапісную кнігу Янкі Золка “Вершы 1945 год”, якую аўтар складаў у Бэрліне ад 16 студзеня да 2 сьнежня 1945 г. Цікавы таксама рукапісны варыянт рыхтаванай да друку кнігі Алеся Салаўя “Сіла гневу” (1948), да якой аўтар сам і малюнкі рыхтаваў. Захоўваюцца рукапісы вершаў Натальлі Арсеньневай, Уладзімера Клішэвіча, Міхася Кавыля, Масея Сяднёва, Уладзімера Дудзіцкага, Янкі Юхнаўца ды іншых. Акрамя таго, у зборах можна знайсьці рукапісы літмантажоў, зробленых Натальляй Арсеньневай у лягерах для перамешчаных асобаў у Нямеччыне, апавяданьняў Антося Галіны (Міхася Міцкевіча), “Запісак эмігранта” Лявона Савёнка й шмат іншых. Ёсьць і творы, што чакаюць сваёй адмысловай публікацыі, як, прыкладам, п’есы Аўгена Кавалеўскага. Часта можна спаткаць тэксты, набраныя на друкарцы, але падпісаныя ўласнаручна аўтарам.

Апошняе датычыць і шматлікіх эпісталярыяў у БІНіМаўскай калекцыі. Паводле спосабу напісаньня іх можна падзяліць на цалкам рукапісныя й машынапісныя з рукапіснымі подпісамі ці пазнакамі. Колькасьць апошніх стала актыўна павялічвацца ад пачатку 1990-х гг. У эпісталярных зборах можна вылучыць асобныя вялікія калекцыі Юркі Віцьбіча й Антона Адамовіча.

Паводле характару дзейнасьці аўтара ў эпісталярыях Інстытуту можна вылучыць лісты дзеячаў навукі й мастацтва, палітычных, рэлігійных, грамадзкіх дзеячаў з розных краін. Геаграфічна гэтыя аўтографы ахопліваюць усе краіны беларускай эміграцыі. Ёсьць тут, прыкладам, праскія лісты-звароты Васіля Захаркі (1939, 1942 гг.), лісты Міколы Абрамчыка й Радаслава Астроўскага, лісты япіскапаў Васіля (Тамашчыка), Андрэя (Крыта), Мікалая (Мацукевіча), біскупа Часлава Сіповіча, а. Язэпа Германовіча й шмат іншых. Ёсьць аўтографы Кастуся Акулы з Канады, Сяргея Шчэрбы й Хведара Кажаневіча зь Вялікабрытаніі, Міколы Скабея з Аўстраліі, а. Пётры Татарыновіча з Ватыкану, а. Льва Гарошкі з Францыі, Альбэрта Асоўскага са Швэцыі й шмат іншых.

Асобную групу эпісталярыяў складаюць лісты зь Беларусі. Яны належаць і Ларысе Геніюш, і Зосьцы Верас, і Язэпу Дылу, а таксама больш сучасным аўтарам Уладзімеру Арлову, Сержуку Сокалаву-Воюшу, Адаму Мальдзісу, Кастусю Цьвірку ды многім іншым.

Да эпісталярыяў можна далучыць і аўтографы на паштоўках, што дасылаліся на тыя ці іншыя сьвяты, або ў часе падарожжа. У зборах Інстытуту захаваліся дзясяткі гэткага кшталту ўласнаручных надпісаў розных дзеячаў.

Кніжныя пазнакі складаюць асобную цікавую групу аўтографаў у БІНіМаўскай калекцыі. Пераважная большасьць — гэта дэдыкацыйныя надпісы. Сярод найбольш раньніх — надпіс Язэпа Варонкі на ўласнай кнізе “Беларускі рух ад 1917 да 1920 году” (Коўна, 1920): “Сябру В. Ластоў[скаму] Аўта[р]. 22.IV.1920”. Можна адзначыць аўтограф Алеся Салаўя на выдадзенай у 1944 г. у Менску кнізе “Мае песьні”: “Вельміпаважанай Марыі Паплаўскай на доўгі й добры ўспамін аб нашым знаёмсцьве ў Вене. Алесь Салавей. Вена, 12. ІІ. 1945 г.”, а таксама вельмі прачулы дарчы надпіс Натальлі Арсеньневай на яе зборніку “Сягоньня” (Менск, 1944), прысьвечаны Антону Адамовічу: “Любаму сябры, на памяць аб супольна перажытых, у благім і добрым, днёх, адлюстраваных у гэтай сьціплай кнізе пад назваю “Сягоньня”. Аўтар. Абы давялося яшчэ перажыць іх нам побач шмат, стрэціцца і цешыцца, і працаваць разам. Н. Арсеньнева. Менск 5 траўня 1944 г.”

Сярод больш позьніх можна адзначыць дарчы надпіс Натальлі Арсеньневай на ўласнай кнізе “Між берагамі” (Нью-Ёрк—Таронта, 1979), адрасаваны Вітаўту Кіпелю: “Даражэнькаму Вітаўту Кіпелю, лепшаму прадстаўніку нашага тут маладзейшага пакаленьня, у знак прызнаньня кніжку гэтую падпісвае аўтар Натальля Арсеньнева. Ню Ёрк, 22.5.79 г.”.

Унікальным зьяўляецца асобнік кнігі Аляксандра Цьвікевіча “Западноруссизм” (Менск, 1929), ня толькі праз рэдкасьць самога выданьня, але й праз адразу два аўтографы: Уладзімера Сядуры й Антона Адамовіча. Апошні, безумоўна, важны сваім зьместам: “Гэтую кніжку-унікум, ня выпушчаную цэнзураю на рынак, а падараваную мне самым аўтарам у 1935 г. у г. Вятцы, ды ў часе ваеннага розруху некім экспрапрыяваную ў мяне й прывезеную аж за акіян, цяпер-жа праўна набытую Уладзімерам Сядурам — зацьвярджаю за ім на вечнасьць (на ўспамін ды знак шчырай прыязьні. Ант. Адамовіч. 28 траўня 1955 г. Нью-Ёрк”. І гэта толькі асобныя згадкі кніжных пазнакаў у зборах Інстытуту.

Спэцыфічны від аўтографаў у БІНіМаўскім зборы — анкеты, што запаўнялі сябры арганізацыі пры ўступленьні. Анкета ўяўляла сабою блянк са стандартнай заявай на прыняцьце ў сябры Інстытуту з паданьнем асабістых зьвестак: прозьвішча й імя, псэўданімаў, адрэсы, даты й месца нараджэньня, навуковага (творчага) стажу, ступені, асноўных публікацыяў. Ня ўсе анкеты запоўненыя ад рукі, ёсьць і машынапісныя, але ва ўсіх прысутнічае подпіс сябры. Сярод наяўных у калекцыі дзясяткаў анкетаў ёсьць анкеты Станіслава Станкевіча, Гіпаліта Паланевіча, Уладзімера Шыманца, Міколы Равенскага, Эміля Цяўлоўскага й шмат іншых. Гэтыя анкеты каштоўныя ня толькі як аўтографы, але й як крыніцы часам унікальнай інфармацыі пра беларускіх эміграцыйных дзеячаў.

У зборах БІНіМу ёсьць і некаторыя аўтографы, што немагчыма аднесьці да нейкай групы. Прыкладам, сярод папераў Антона Адамовіча былі выяўленыя сшыткавыя аркушы са сьпісамі. Сем зь іх пазначаныя як “Сьпіс прысутных на сэмінары аб беларускім фальклёры”, а чатыры — як “Сьпіс прысутных на лябараторных занятках паэтыкі”. Датуюцца яны кастрычнікам — сьнежнем 1928 г., часам навучаньня Антона Адамовіча ў Белпэдтэхнікуме. У кожным сьпісе ад 15 да 25 чалавек, прычым прозьвішчы запісаныя самімі ўдзельнікамі заняткаў. Фактычна, гэта аўтографы, і сярод іх прозьвішчы такіх асобаў, як Міхась Зарэцкі, Пятро Глебка, Паўлюк Трус, Тодар Кляшторны, Сяргей Серада (Дарожны) і г.д.

Аўтографы са збораў Інстытуту выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы публікацыяў на старонках Запісаў БІНіМ, а таксама пры выданьні збораў твораў эміграцыйных аўтараў (прыкладам, Уладзімера Дудзіцкага, Янкі Юхнаўца, Лявона Савёнка [4]). Акрамя таго, рукапісы рэгулярна перадаюцца ў архівы й музэі мэтраполіі. Так, рукапісы вершаў Алеся Салаўя ды Ўладзімера Дудзіцкага разам з рэдкімі эміграцыйнымі кніжнымі выданьнямі былі перададзеныя ў Музэй гісторыі беларускай літаратуры. Найбольш эміграцыйных аўтографаў са збораў Інстытуту перадаецца ў Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры й мастацтва, дзе ёсьць ужо шэраг эміграцыйных калекцыяў. Такім чынам БІНіМ робіць свае калекцыі аўтографаў даступнымі для дасьледнікаў.

[1] Лаўрык, Юрась. Беларускія кніжныя пазнакі ў зборах Бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лёндане. Лёндан: Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны, 2001. — 58 с.

[2] Запруднік, Янка. Архіў Натальлі Арсеньневай // Запісы БІНіМ. №29. Нью-Ёрк—Менск, 2005. С. 181—188.

[3] Юрэвіч, Лявон. Беларускі цуд у Нью-ёрскай Публічнай Бібліятэцы: http://nn.by/?c=ar&i=25315.

[4] Гл., напрыклад: Дудзіцкі, Уладзімір. Творы. Мінск, 2010. — 398 с.; Юхнавец, Янка. Паэзія. Мінск, 2012. — 616 с.; Савёнак, Лявон. Творы. Мінск, 2012. — 350 с.

КАЛЕКЦЫІ