Пушкін Алесь

Алесь Пушкін\

Нарадзіўся 6 жніўня 1965 года ў мястэчку Бобр,Крупскага раёну, Мінскай вобласьці.

У 1978 годзе паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя І. О. Ахрэмчыка. Вучыўся ў П. П. Шарыпы да 1983года, у 1983 годзе паступіў на 1 курс манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага Дзяржаўнага Тэатральна-Мастацкага інстытута. (Цяпер Беларуская Акадэмія мастацтваў). У 1984 годзе прызваны, пасьля заканчэньня 1 курса, у Савецкую Армію, служыў у 40-й Арміі, у Аўганістане. У 1986 годзе дэмабілізаваўся і аднавіўся на 2 курс БДТМІ. У 1988 годзе ўдзельнічаў у студэнцкім руху: (ІІ Вальны Сойм Маладзёвых Беларускіх Cуполак, Вільня; “Дзяды – 88”). 25 сакавіка 1989 года заарганізаваў першы пэрформанс - сьвяткаваньне 71-х угодкаў БНР, тым самым распачаўшы сац-арт у беларускім мастацтве. Тады ж і напісаў маніфэст сац-арту. Першыя выставы і перформансы ў сьценах БДТМІ (1986-1990гг.) Першы палітычны перасьлед:адміністратыўны арышт на 15 сутак,за заклікі да сьвяткаваньню “Дзядоў-88”. 14-21 ліпеня 1989 года - Мінскі гарадскі суд (судьдзя Чамрукоў) прыгаварыў за перфоманс-сьвяткаваньня 71-ых угодкаў БНР 25 сакавіка 1989года да 2-х год умоўна зь пяцігадовым паражэньнем у правох. Адбываў пакараньне, працягваючы навучаньне ў БДТМІ. У 1990 годзе расьпісвае фае канцэртнай залы Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя Ахрэмчыка. Гэта дыпломная работа. Кіраўнік і настаўнік- Г. Х. Вашчанка. Пасьля яе абароны, уступіў у Саюз Мастакоў СССР і выбраў накіраваньне на працу ў Віцебск. 25 сакавіка 1991г. - першая персанальная выстава артэфактаў дэкляратыўнага мастацтва (сац-арту) ў Віцебску (выставачная зала АНМЦ народнай творчасьці, г. Віцебск, вул. Леніна, 18). Ёй папярэднічалі пэрформансы сац-арту: “7 лістапада”, “Віцебск за кратамі”, “Вясна, Вольнасьць, Каханьне” (спасылкі на дакуманты, якія захоўваюцца ў “Архіве Найноўшай Гісторыі” БГФ “Наша Ніва”). Гэтая выстава была першым новым крокам у постсавецкім мастацтве Віцебска. Упершыню сац-арт з'явіўся ў Віцебску разам з Перабудовай, Галоснасьцю, Дэмакратыяй -- рэаліямі таго часу.(Спасылка- часопіс “ARCHE”,віцебскі нумар №3 за 2014г.) Гэтая ж выстава ў поўным складзе была перавезена ў Гародню, дзякуючы намаганьням першага куратара-мастацтвазнаўцы, арганізатара гэтай выставы, спадарыні Ларысы Міхневіч, якая на той час была старшынёй Віцебскага Фонда Культуры. Але ў Гародні дырэктар Гісторыка-археалагічнага музея Алена Андрэеўна Салаўёва ўзяла на сябе адказнасьць за закрыцьцё выставы і недапушчэньне паказа яе гарадзенцам, бо мастак не падпарадкаваўся патрабаваньням цэнзараў з абкаму КПСС зьняць некаторыя ўжо разьвешаныя працы і інсталяцыі. Таму, 6 чэрвеня 1991г. у Гародні выстава так і не адчынілася. Падчас маскоўскага путчу 1991 года (20 жніўня) вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг над Ратушай горада Віцебска. А пасьля прызнаньня дзяржаўнай сімволікі "Пагоня" і абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі - абвясьціў аб заканчэньні свайго творчага перыяда "Сац-арту", альбо "Дэкляратыўнага мастацтва" (1988 - 1991 гг.).

З 1992 года, у складзе мастацкай майстэрні Беларускай Каталіцкай Грамады ўдзельнічаў у рэстаўрацыі і рэканструкцыі насьценнага жывапісу Магілёўскага Катэдральнага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Там жа напісаны аўтарскія фрэскі: "Сьвятая Цэцылія, патронка Музыкі і Сьпеваў","Сьвяты Арханёл Міхаіл, заступнік зямлі Беларускай","Сьвяты Антоні Падуанскі","Сьвяты апостал Іўда-Тадэўш","Глёрыя Кардыналу К.Сьвентаку",дзе ўпершыню на Беларусі былі напісаныя выявы кардынала К. Сьвёнтка,з яго блаславеньня, і Сьвятога Айца Яна Паўла ІІ. Гэта фрэска цяпер зафарбавана…

Тым часам, у выніку дапамогі з Амерыкі беларусаў-эмігрантаў, якіх заарганізаваў на гэта Сяржук Сакалоў-Воюш,мной была адкрыта 23 сакавіка 1993 года Першая прыватная галерэя сучаснага мастацтва ў Віцебску "У Пушкіна" па адрэсе: вул Суворава(Узгорская),2. Упершыню ў постсавецкім перыядзе мастацтва ў горадзе Віцебску з'явілася і аформілася, як з'ява,галерэя сучаснага мастацтва постмадэрнізму ў жывапісу і скульптуры, маладых тады беларускіх мастакоў з Мінска, Полацка, Гародні, Віцебска, тых творцаў канца 80-х - пачатку 90-х гадоў, што вучыліся разам са мной у БДТМІ. За 1993-1997 г.г. было праведзена 8 значных выстаў жывапісу, графікі, скульптуры, сучаснай фатаграфіі, пластычнага перфоманса. Усё гэта рабілася на свае заробленыя сродкі - ні Міністэрства культуры, ні арганізацыі і фонды не падтрымалі галерэю. Яна была першай лабараторыяй-эксперыментам апошніх накірункаў сучаснага мастацтва ў Віцебску , увогуле Беларусі. Куратары-мастацтвазнаўцы галерэі: Ларыса Міхневіч (Віцебск,1993-1994 гг.), Міхал Баразна (Менск, 1994-1997 гг.).

Перамога на прэзідэнцкіх выбарах А.Лукашэнкі ў 1994-м годзе, правядзеньне рэферэндумаў, адмена Канстытуцыі 1994-га году і ўсталяваньне дыктатуры аўтарытарнага прэзідэнцкага кіраваньня на Беларусі не маглі не адбіцца на лёсе галерэі. Яе дзейнасьць падверглася ідэалагічнай абструкцыі з боку гарадскіх выканаўчых улад. У выніку галерэя была зачынена пад матывіроўкай "парушэньне статута і немэтавае выкарыстаньне памяшканьня". 19 сьнежня 1995 года адбылася разьвітальная прэс-канферэнцыя ў памяшканьні па вул.Суворава(Узгорская), 2, (трэці паверх) у Віцебску. Акцыі Першай прыватнай галерэі сучаснага мастацтва ў Віцебску яшчэ праходзілі ў розных памяшканьнях Віцебска ("Арт-Уно-Дзіскус" - люты 1995 г., "Арт-Прагноз - 96" - сакавік 1996 г., ”Біяграфія”- сакавік 1997г.). Але бессэнсоўна было нешта ладзіць у горадзе, дзе аддзел культуры аблвыканкама, адзел культуры гарвыканкама, афіцыйныя гарадскія чыноўнкі і ўлады не спрыялі правядзенню падобных выставаў.

У мястэчку Бобр,на радзіме, зь лета 1995 года па просьбе і жаданьню ўсіх вернікаў праваслаўнага прыхода і па дабраславеньню Благачыннага Барысаўскай царкоўнай акругі,айца Іаанна Місеюка, я расьпісваў новаадбудаваную царкву Сьв. Мікалая-Цудатворца. За леты 1996 і 1997 гг. закончыў росьпіс царквы. Гэта самы мой значны манументальны росьпіс ў жыцьці,саы вядомы,дзякуючы шырокаму асьвятленьню ў СМІ фрэскі “Судны Дзень”, што там была… (Царква згарэла ў ноч на 17 лютага 2011года па дагэтуль невядомым,засакрэчаным прычынам.)

Першы вопыт працы па афармленьню тэатральнага сьпектакля быў у 1993-1994 гг., калі ў Нацыянальным акадэмічным беларускім драматычным тэатры імя Я.Коласа ў Віцебску разам з рэжысёрам В.Масьлюком мы ставілі п'есу "Кароль Лір" У.Шэкспіра (прэм'ера адбылася 17 красавіка 1994 г.). Другі сьпектакль паводле п'есы "Фрэкен Юлія" Аўгуста Стрындберга я аформіў у тым жа тэатры ў 1997 годзе (рэжысёр А.Грышкевіч, прэм'ера 21 сьнежня 1997 г.).Працаваў у 2007годзе над пастаноўкай і афармленьнем сьпектакля Б.Шоў “Пігмаліён” у Палескім драматычным тэатру (г. Пінск). Афармляў сцэну і касьцюмы 7 Міжнароднага фестываля сучаснай харэаграфіі ў Віцебску ў 1994 годзе.

Таксама аформіў кнігі паэзіі Міраславы Лукшы (Беласток 1994г.), Людмілы Сіманёнак (Віцебск, 1997г.), Славаміра Адамовіча "Плавільшчыкі расы" (нязьдзейсьнена), А. Мельнікава “Выжывае падлейшы”, Леры Сом “Свабода слова зіма”, Сяржука Сыса “Стрэмка”.

Распрацаваў тэмы беларускіх тату. Удзельнічаў у “Дызайн-Біржы” 2003-2005гг., дзе упершыню іх і паказаў,тым самым паклаўшы пачатак татуажа ў Беларусі на нацыянальны тэмат.

У Рэспубліканскіх выставах удзельнічаю з 1986 года. Удзельнічаў у міжнародных выставах-біенале (Масква, Самара (Расія), Нямеччына, Польшча, Літва, Україна, Чэхія, Швецыя, Нарвегія, ЗША). Персанальныя выставы былі ў беларускіх гарадах: Віцебску, Мінску, Воршы, Гародні, Магілёве, Навалукомлі,Браславе, Вілейцы. А таксама Маскве, Празе, Варшаве, Львове, Кіеве, Івана-Франкоўску (Україна), Кальмары (Швецыя), Пазнані, Астродзе, Гетржвальдзе (Польшча). Працы знаходзяцца ў Музэі Сучаснага мастацтва Беларусі, гарадскіх музеях Віцебска, Воршы, Музэі гісторыі рэлігіі г. Гродна, Музэі сучаснага мастацтва г. Кальмар (Швецыя), Музее-збраёўні замка Ліў (Польшча), Беларускім Рыцарскім Клюбе, у прыватных зборах Расіі, Беларусі, Нямеччыны, Латвіі, Польшчы, Літвы, Украіны, ЗША, Швецыі, Нарвегіі. Па палітычных поглядах і перакананьнях блізкі да руху БНФ "Адраджэньне". Уваходзіў у партыю БНФ (1998 - 2005 гг).

Жыву ў мястэчку Бобр, Крупскі раён, Мінскай вобласьці, на сваёй малой радзіме. Жанаты, выхоўваю дзьвюх малых дзяцей.

 

Пушкін Алесь :: Выданьні

pdf
Пушкін Алесь, Турэмны альбом

Турэмны альбом

Пушкін Алесь

Турэмны альбом беларускага мастака-нонканфарміста складаецца з малюнкаў, зробленых Алесем Пушкіным падчас адбыцьця адміністрацыйнага арышту ў ізалятарах Смаргоні і Мінска за акцыі ўшанаваньня памяці 22-гадовага змагара антысавецкага супраціву Расьціслава Лапіцкага, расстралянага ўвосень 1950 г. Неардынарная асоба мастака Алеся Пушкіна добра вядомая ў краіне і за яе межамі найперш эпатажнымі перформансамі яшчэ з часоў вучобы ў тэатральна... Болей »


ARCHE, 03 (124) 2014

ARCHE

Навуковы, навукова-папулярны, грамадзка-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс

03 (124) 2014

Нумар прысьвечаны тысячагадовай гісторыі Віцебску. Як пішуць у прадмове яго ўкладальнікі, “Віцебск гістарычна мае памежны статус. За тысячагадовую гісторыю толькі два стагодзьдзі каля яго не прабягала мяжа. Увесь астатні час віцьбічы — на франціры, што наклікала на горад бедзтвы ад захопаў і акупацый". Тэмы нумару — верхні замак Віцебску і яго археалягічнае вывучэньне, габрэйская супольнасьць у горадзе і яе заняпад, саветызацыя Віцебшч... Болей »


pdf
Малое Палесьсе, 2012

Малое Палесьсе

Гісторыка-краязнаўчы літаратурна-мастацкі альманах Друцка-Бярэзінскага Краю

2012

На старонках нашага першага альманаха ты зможаш пабачыць цікавую інфармацыю па гісторыі роднага краю, даведацца аб падзеях мінулых часоў, ці, калі зьявіцца жаданьне, надрукаваць свае краязнаўчыя нататкі. Калі ты яшчэ не адкінуў прэч наш альманах й хочаш даведацца хто мы – дык слухай! Мы – харугва скаўтаў й сяброў Малога Палесься. Так называецца наша арганізацыя, якая налічвае больш за сотню сябраў, вучняў некалькіх школаў Крупскага раён... Болей »


pdf
Малое Палесьсе, 2010

Малое Палесьсе

Краязнаўчы Альманах Друцка-Бярэзінскага Краю

2010

ЗНОЎ ВІТАЕМ ЦЯБЕ, ДАРАГІ ЧЫТАЧ! На сяньня мы маем тры штагадовікі краязнаўчага альмаху “Малое Палесьсе” (2003, 2004 і 2009гг). Мы – гэта Харугва Скаўтаў Малога Палесься, што на Крупшчыне. Як і раней, сфэра нашага зацікаўленьня – рэгіён Малога Палесься, у які акрамя Крупскага раёну ўваходзяць землі, што ляжаць паміж рэкамі Бярэзіна і Друць – Барысаўскі, Лепельскі, Чашніцкі, Талачынскі, Круглянскі, Бялыныцкі і Бярэзінскі раёны (іншымі сло... Болей »


pdf
Малое Палесьсе, 2009

Малое Палесьсе

Краязнаўчы Альманах Друцка-Бярэзінскага Краю

2009

2008 годзе Днепра-дзвінская археалагічная група Інстытута гісторыі НАН Беларусі (кіраўнік – В.І.Шадыра) у адпаведнасці з планам НДР Інстытута праводзіла палявыя даследаванні па тэме: “Матэрыяльная культура насельніцтва тэрыторыі Беларусі ў першабытную і сярэдневяковую эпохі (сістэматызацыя, класіфікацыя і інтэрпрэтацыя крыніц) і, у прыватнасці, па аўтарскаму раздзелу: “Матэрыяльная культура і заняткі насельніцтва днепра-дзвінскага міжрэ... Болей »


Пушкін Алесь, Прыватная калекцыя

Прыватная калекцыя

У гасцях у Алеся Пушкіна

У кожнай праграме Вы спаткаецеся са знакамітымі ды папулярнымі постацямі культурнага жыцця Беларусі. Яны распавядуць пра адметныя для іх рэчы: улюбёныя кнігі, музыку, фільмы. Адкрыюць перад намі свет сваіх захапленняў. Пакажуць, што іх натхняе і дадае творчых сілаў. Мы пазнаёмім Вас з самымі цікавымі падзеямі культурнага жыцця Беларусі. Падкажам, куды варта зазірнуць, і чаго ні ў якім разе нельга прапусціць. Глядзіце нас што другі паняд... Болей »