- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На старонках нашага першага альманаха ты зможаш пабачыць цікавую інфармацыю па гісторыі роднага краю, даведацца аб падзеях мінулых часоў, ці, калі зьявіцца жаданьне, надрукаваць свае краязнаўчыя нататкі. Калі ты яшчэ не адкінуў прэч наш альманах й хочаш даведацца хто мы – дык слухай! Мы – харугва скаўтаў й сяброў Малога Палесься. Так называецца наша арганізацыя, якая налічвае больш за сотню сябраў, вучняў некалькіх школаў Крупскага раёну. Мы зьяўляемся тэрытарыяльнай адзінкай РГА “Аб’яднаньне Беларускіх Скаўтаў”. Нас цікавіць гісторыя нашага рэгіёну – Малога Палесься. Калі ты яшчэ працягваеш нас чытаць, то ведай, што навукоўцы-географы называюць Малым Палесьсем лясную частку сучасных Крупскага, Барысаўскага, Лепельскага, Чашніцкага, Талачынскага, Круглянскага, Бярэзінскага й Бялыныцкага раёнаў таму, што сваімі прыроднымі асаблівасьцямі яна нагадвае наша Вялікае Палесьсе. Таму нашай асноўнай задачай зьяўляецца комплекснае вывучэньне гісторыі нашай малой радзімы. У нашым альманаху мы будзем друкаваць матэрыялы, якія сабралі ў шматлікіх архіўных, краязнаўчых, этнаграфічных, фальклёрных і археалягічных экспэдыцыях за апошнія гады. Таксама на бачынах нашага выданьня можна будзе прачытаць творы нашых сяброў – навукоўцаў, бардаў, мастакоў, пісьменьнікаў, музэйных работнікаў і, зразумела, нашых землякоў.