- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Непадрыхтаваны, чалавек чэрствай душы, няўражлівы на свет, не зразумее ні яе жыцця, ні яе паэзіі. Яе словы-тропы, словы-творы, словы-сімвалы можна ўспрыняць толькі на хвалях сэрца, зразумець не розумам, а душой, пры чым душой тонкай і лёгкаранімай. Каб зразумець яе паэзію, трэба ўмець успрымаць думкі сэрцам, інакш словы, зложаныя ў вершы яе душой, пазастануцца толькі словамі, якія не маюць глыбейшага сэнсу, сувязі ды пераказу. Паэзія Надзеі Артымовіч складаная і простая адначасова. Адначасова зразумелая і таямніча глыбокая, глыбокая настолькі, што мала хто здолее дасягнуць дна гэтай глыбіні. Вершы Надзі, народжаныя бяссонніцай яе душы, трапляюць у сэрцы выбраных, а трапіўшы, застаюцца ў іх назаўсёды. Аўтарка неахвотна чытае публічна свае вершы, каб, як сама кажа, не накідаць аўтарскай інтэрпрэтацыі, бо яе вершы падобны хоку, дзе ў некалькіх словах завязаны цэлы свет, падзеі, здарэнні, пачуцці. Чытаючы яе вершы кожны адкрывае свой сэнс, сваю мелодыю, якую граюць струны яго душы. (Н.Г.)