Адплывае спакойнае неба
Артымовіч Надзея
Увесь зборнік
Ой, ляцелі гусі
ой ляцелі гусі
грайце
завіруйма ў танцы
мы ўбачым іх крылы
вялікія
недасяжныя
дайце нам гэтыя крылы
мы ўзляцім
над шырокім прасторам
будзем смяяцца
які наш свет малы
і калі ўпадзем
на зямлю чорную
мы ўбачым
свет
вялікі
і мы без крылаў
дзе яны
гусі забралі...
ой ляцелі гусі...
***
і гэта не пара
каб прыдумаць рэальны час
або сон
так балюча ў маіх словах
ты
я знаю што заўсёды алфавіту
вучымся ад першага класа
а думка
любіць невядомае
ідзе дождж
і гэта не пара
каб сонцу смяяцца
у шклянцы цверазее віно
і гэта не пара
каб зачыніць
апошнія дзверы
не пытай
добра знаеш
смак уцёкаў ад сябе
добра знаеш
дом без даху
дзе няма слоў
горад спявае
хаўтурная песня
льецца па небяспечных вуліцах
твой прыяцель маўчыць
у такую пару
а я
пішу такія малыя словы
нават можна акрэсліць наш час
прадбачыць — немагчыма
***
свет замкнуўся
адплывае спакойнае неба
і цягнікі закрываўленыя
набліжаюцца да бязлюдных гарадоў
таўсцеюць непатрэбныя вароны
варожкі сядзяць на пустых картах
дзе агонь дзе хлеб салёны дзе жэст
твой жэст прарваны ў чужым паветры
дзе возера каменнае
яшчэ нядаўна так зялёнае
дзе ціхія вершы
дзе праўдзівая твая лірыка
дзе нашае месца глыбокае
дзе нашыя сны спакойныя
дзе мы
дзе ты
дзе я
разглядаюся
вуліцы якія пульсуюць
святло ў канвульсіі
непатрэбнасць у маіх руках
у мяне
няпрошаныя нявыйграныя дні
і голас мой дзікі
таксама непатрэбны
пяскі ляцяць удалячынь
зоры ў пажарах
рака нясе мяне ў вір
***
прарваўшы сваю дарогу
як павуцінне
уваходзіш ты ў чырвоную ноч
каралеўства мяккіх камедыянтаў
якія без стогну хварэюць
ад уласнай сілы
сілы якой кроплі хопіць
на змену пагоды
на прароцтва ў роднай хаце
на прыемны ўкол што не ратуе ад эпідэміі
дзеці блазнаў — талент
мужнее дасканалы круг
ніхто не парушыць тут
вялікага снедання
тут дзень як дзень
чырвоная ноч блазнаў...
***
Пяройдзе сон
І ты
Усё зноў зменіш...
Рассунеш мозг
Паменшыш вочы
Уключыш
Свой маленькі аўтамат
У сэрцы.
Не пачуеш ты
Ні халоднай кроплі дажджу
Ні шкілетаў
Чужых і сваіх
Слоў.
Будзеш плаваць
Датыкаць пальцам
Паўмёртвых
І паўжывых яшчэ
Пачаткаў-канцоў...
Пачатак-канец
Ёсць і няма ў тым
Адлегласці кропак
Дарогі з пытальнікаў, клічнікаў.
Пачатак-канец.
Круг
Тут можна часам
Нават паволі віруючы
Выпасці...
***
Прысвячаю ***
на гэты бераг уваходзіцца з начным спакоем
адвярнуўшыся ад сляпога сонца
з невялікім жартам
усё ў зямлі
усё ж сухое мора для нас
праўдзівы акіян у снах
белавежскае лісце як фантазія хворага
у чаканні памёрлага лекара
не прыйдзе
не прыйдуць акалечаныя словы
не заспяваюць вясёлкі праданых дзён
усё ў зямлі
зязюлі шарлатаняць над лёсам
збягаюцца адкінутыя вуліцы
калі ад’язджаем
усё ў зямлі
дзівосна над старой ракой
з чужымі смерць вартуе
усё чакае
сумныя вокны як працяглыя дажджы
і ноч
што перасуне вадапой
***
нашая размова
зарысавана лёгка ноччу
агрэта аднавокім месяцам
глядзім
як чорны час бялее
пад тонкімі пальцамі непрысутных
заіржавелі ноты нашых слоў
апранутых у элегантныя касцюмы
і толькі стук пад сэрцам
ёсць колеру жывога...
***
час корміць тваю бяздомнасць
новыя ноты за жалезным небасхілам
у сухім пяску — Твой боль
жыве папараць у цёмным лесе
— зялёнасць накшталт крыжа
................
час гоніць твой просты гадзіннік
цяжарныя секунды мінуты
гадзіны ў абмароку
цвярозыя кніжкі на сваім месцы
цвярозы голас прышыты да сцяны
лёгкае цвярозае святло
старой лямпы
лісты знаёмых амаль у згодзе
зорка Венера за акном
галодны сабака ў люстры
гіпноз пасцелі халоднай
жоўты вецер пад сталом
крэслы ў тумане
крочыць цішыня
белая кніжка маніць
ілжэ гэты восеньскі час
галодны сабака ў люстры —
вось першыя дзверы
***
прачакай яшчэ
ад слова кахаю
да закаханага верша
шмат дарогі
трэба знайсці ключ да дзвярэй
зашнураваць вусны
пашукаць месца для новай жмені зямлі
выслухаць неспакойную цішыню
сказаць два словы знаёмым на іншую тэму
выйсці з цікавага сеанса
выкінуць ужо правераны білет
прасядзець ноч у цягніку
пасля вярнуцца ў свой дом
пераставіць патрэбныя лякарствы
пагаварыць з жывымі сценамі
спыніць гадзіннік
выйсці
ісці да Цябе без пытальнікаў...
***
Даспеў ледзяны агонь.
Ужо позна.
Вуліца без жалю развіталася
з бязрукім прахожым.
Неба заснула.
Дзікая цішыня ласавалася другой вячэрай.
Вецер гуляў у шалёнай стыхіі.
О, як добра
распазнаць ледзяны агонь...
Шар зямны і мы
такія малыя...
Страшна стаяць на скрыжаванні.
Чырвонае святло палюе на твой цень...
Рэцэпт на крутой сцежцы
з памылкай...
У вачах цёмна-цёмна...
Не, не жаль
Гэта толькі вока...
Цяпер
яшчэ раз прытуліцца да зямлі
адзінока...
Будаваць
веру...
З чаго? У што?
Можа варта паўтарыць гэты лёс
і белую кроў ачысціць з попелу.
Плач гарадоў узяць за добрую манету
у непадзельны дзень...
Не слухаць званоў у кепскі час.
Нараджэнне вадзяной вясны
прамаўчаць
Не хваляваць сярэдняга пейзажа.
На яве не піць сноў.
У снах забыць пра яву.
Так прытуліцца да зямлі.
Так будаваць веру.
***
разбіць слова
каб засвяціў яго нерв
цёплы сон
праходзіць праз дом зубоў
усё спіць...
калі кончыцца падарожжа
выйграны білет
варты
халоднай расы
і добрага чыстага фіялету...
твой позірк
каб мог
высушыць крыніцу музыкі
і праясніць хаця кусок дарогі...
белая лічба
няхай уцячэ з гэтага канцэрта
сцэна ў верасовым чаканні
***
з вуліц
з зямлі
з неба
з...
з пекла
... і прадчуванняў
..........
..........
..........
мой верш
Сіняя Гара
Поры году
Ніхто табе не скажа
Як адплысці за Сінюю Гару...
...............
Сіняя Гара
Не абяцае
Сіняя Гара
Як дзяцінства
Залягае памяць
Што за Сіняй Гарой?
Ці і там паміраюць кветкі
У дзень нараджэння?
Ці і там
Густы туман
Зацірае берагі краявідаў?
................
Птушка
Як страла
Праляцела
Забрала з сабой
І свой след
А цень Сіняй Гары
Утапіўся
У возеры...
.........
.........
Была
Вясна
Вясна зялёная
Вясна п’яная
Вясна чырвоная
Кроплямі крыві...
Месяц
Фарбай слоў
Фарбай маўчання
Фарбай позіркаў
А потым
Фарбай масак
Замаляваў
Вялікае
Неба...
....
Было
Лета
Непрытомнае
Лета з багажом — каменняў сто
Пад небам вялікім
Жыццё салодкае...
Не стаяць
А шукаць
Выбіраць
Прадаваць
Выкупляць
Забываць
Няма зор
Няма сноў
Цяпер
Ногі
У попеле...
.........
Была восень (сон):
За Сіняй Гарой
Лістапад ападаў
Без шораху
А лісце
Нерухома завісла ў жоўтым паветры...
Згінулі шкілеты
І раптам
Хтось прамовіў
Хто?
Чыя працягнута рука?
Вока дарэмна
Шукала
Чалавека
Канец сну.
........
Зіма (або пачатак наступнай дарогі)
Дарога да дарогі
Забытай
А блізкай
Блізкай
Як адлегласць
Нажа ад цела
Дарога з песняй апошняй
З песняй
Дзе толькі музыка
А словы
Непатрэбным госцем...
...........
...........
Няма яго ўжо сярод нас
Адплыў ён за Сінюю Гару.
Асталося па ім нямнога
Адзіны чаравік (другі ў маладосці
згубіў ён на далёкай дарозе)
І гэта ўсё.
Гавораць
Яшчэ пакінуў жменю слоў
У гэтай жмені быццам
Было адно праўдзівае зярнятка...
Пра тое
Ён не сказаў
Нікому...
***
уцякаю ад вострай лагоднасці дня
уцякаю ад шаўкавістых шэптаў старых дрэў
баюся выразнасці свайго партрэту
баюся ілюзіі слоў у вершах
маўчу праходзячы чужымі вуліцамі
маўчу
.....................
кішэні насыціліся сонцам
хопіць
бяжыць вечар з хворымі вачыма
бяльмо і зруйнаванасць ночы
ноч у спакойнасці стаіць
стаіць
.....................
і гэты спакой з недаступным лякарствам
і бездань ружовай імглы
і сон з жыццядайным лекам
.....................
чалавек як камень
............
............
............
раскалыханыя прадметы ў маіх пасівелых сценах
спакойныя...
важнае першае слова
ёсць толькі цень сімвалаў
і адчужанасць вялікая
штучныя вочы ў тэатры
маленькіх людзей
капелюшы аздобленыя сухімі кветкамі
сыплецца густы пыл
квадратнае неба нада мной
вострая лагоднасць зямлі
***
з перасунутым горлам пад вецер
плыву на замкнуты востраў
пад музыку голых дрэў
гавару не
на працягласць дажджоў
на бліскучыя маскі на папяровыя пажары
на паўсляпыя люстры на манатоннасць галасоў
на глухату вушэй гавару не
на свой дзень
* * *
ад’язджаючым
ёсць такая пара перад ад’ездам
калі выходзіцца з доўгага маўчання
у спакой
неба не змяняецца
ідзеш
голас вуліцы мяшаецца з чырвоным сігналам
кава папяроса без смаку
паўслова чужым адыходзячы ад стала
і гэта ўжо нічога не значыць
пераходзіш на другую вуліцу
бетон чысты
а нагам як зломленым кветкам
хочаш злавіць толькі адзін след
хоць такога следу няма
і ступіць на іншую дарогу
трымаешся ценю свайго хоць ведаеш
што твой цень гэта не ты
добра ведаеш як мураваць памяць белай цэглай
і чытаць з акцёрскіх вачэй
добра ведаеш як замкнуць вока
пераступаючы яшчэ адзін парог
ёсць такая пара перад ад’ездам
***
З неспакойных дарог
вяртаюся ў сваё гняздо
краявід
абмыты градам поту
прывітае цябе цішынёй
У блізкіх крыніцах
пульсуе чыстая вада
а слова
ёсць словам
З родных пяскоў
з матчынай маршчыны
з цяжкай спякоты
лета
будуе
калючы шматвугольнік восені
што заўсёды прыйдзе
да цябе
да мяне
а памяці ў падарожжа
ўжо трэба наслаіцца
скібамі жывымі і мёртвымі
лугам
не ўквецішся
а жнівень
горкім будзе.
Ледзяны месяц
крэсліць
кругі
усё больш кругоў...
***
задуменне
у маёй зямлі
глыбокае
трэба далікатнай рукой
вычасаць з яе ўсе колеры
і кінуць на зялёную ваду
зямля мая
з шырокімі вачыма
ляжыць на берагах
адлеглага маўчання
жменя жыцця
на маёй зямлі
гэта белы-белы пейзаж
закрываўлены брук
змывае п’яны дождж
на апраўданне тут для ўсіх
маўчанне
маўчанне
гэта белы-белы пейзаж
растуць сцены без вокан
растуць рукі жанчын
сцежкі ўсіх
да роднага неба
белы-белы пейзаж
***
разгрызаеш слыхам
вокам
словам
сваю зямлю
у матчынай крыніцы
твае сны
і жыццё
ёсць дом
дзе смерць і вясна
іграюць белыя лічбы
над табой
пад табой
сцелецца маўчанне
мчыцца мчыцца конь зялёны
вадапой
з чорным крыжам
як перайсці ўсе сцежкі
да матчынай крыніцы
чужы дзень у віне нерухомы
ноч не плыве
твая думка
завешана на матчынай яблыні...
Бацьку прысвячаю
жыццё
сатканае з чулалюдскіх нітак
не запутаных нават у цёмную ноч
твае далоні вучыліся рана
распазнаваць
што пад паверхняй блізкага
прайшоў ты з чамаданам інструментаў
рознымі дарогамі
памятаю: быў люты 1956
зімой у бездапаможнай пасцелі
твой сон не рысаваў надзеі на апошняе лета
гэтым летам твае жоўтыя настуркі
скінулі свой сонечны колер
назаўсёды
сакавік
сок твой пераліўся ў задуманае дрэва
якое даспявала сваім незалежным жыццём
і не перакананае да канца ніколі
чужым агнём
твая кніжка і цяпер для нас завялікая
зразумелы можа толькі алфавіт
а да слоў
чынаў праўдзівых
далёка
хто вучыць
хто навучыць нас слоў
што жылі ў тваім сэрцы
па табе стаіць
мой час адзінокі
***
свет укінуты ў бельскую байку
дзяцінства ў зялёных лугах
панадворак брукаваны шчаслівымі зоркамі
размаляваная бацькоўская цеплыня
у мінулых днях
лячу ў поўнае лета
перакрэсленае Непрысутнымі
усё ж Прысутнымі
у бельскім небе
пах бульбы ў кішэнях
пад языком вогнішча старых дрэў
і яснасць родных вокан
у снах
скажы чыстым вокам
што гэтая дарога нарадзілася ў сэрцы
перасунутым у недарэчны век
жывеш у недарэчнасці і сумнай смешнасці
перад доўгім падарожжам
так цёпла
нават цёплыя жалезныя дзверы
і аздобленае праўдзівасцю рэха блізкага
на старых гадзінніках багацее новы час
на бельскім небе цені тых што адышлі
мой дзень
у бельскім небе
у дзіцячай калысцы
спіць
З падарожжа
Я так баялася
І дзверы зрабіліся сцяной
Я так баялася
І ўсё прайшло
Учора падарожжа
А сёння
Няма дня
Толькі карціна ў кіно
Родны бацька прайшоў
Побач
Сябры
Мы добра гулялі
І дзверы зрабіліся сцяной
І ўсё прайшло
Заграйма
Паваражыма
У карты
У гэтым горадзе
чужым і блізкім...
***
Так проста
Стаіць цішыня.
Так проста
Дагарае чорнае лісце.
Так проста
людзі...
Адыходзіш
Так звычайна.
Праціраеш вочы.
Правяраеш білет.
Гадзіннік
звычайна
адмервае час...
***
Слова
Як цяжка цябе знайсці
У гэтым гомане
Тупее слых...
А калі прыйдзе да цябе слова
Вышапчы яго як найцішэй
Бо ў гэтым гомане
Тупее слых...
***
Апранаеш штодзённа
Свой шкілет
У мары.
Апранаеш шалёную канструкцыю
Свайго чорнага века
У розныя словы.
Словы гладкія
Словы — камяні
Словы — цені слоў.
Завешаны
У пустым маўчанні
Ты маўчыш...
***
Калі блізкі зраніць цябе
Маўчы...
Калі згасне апошні прамень надзеі ў тваім сэрцы
Маўчы...
Калі ўпадзеш у палон буры
Маўчы...
Калі тоне твая лодка
Маўчы...
Калі любіш паэзію
Маўчы, не гавары нікому...
***
Нерухома стаяць
Мае дні.
Шчыліны ў часе
Усё большыя.
Мой каляндар
Патрэсканы.
Нерухома стаяць
Мае дні
Як перапалоханы цень
чалавека...
***
Лістапад расплыўся
Як вулканічная лава
Што зраўняла прастор.
Лістапад расплыўся
Зраўняў усе мае дні.
Дні мёртвыя
Дні неспакойныя
Дні без дзён і начэй.
Мёртвы мозг цяжыць
Трохвугольнікам молатых каменняў
Пульс перастае біць...
Лістапад, я люблю цябе...
***
пасля кожнага дня пытальнікаў
чакаем слова начное
і прыдумаем сто розных слоў
на гэта адно
на памылку пройдзеных дарог
з небяспечнай хуткасцю
шукаем опіум для хворых душ
шукаем там дзе няма сэрцаў
злоўленая ілюзія ёсць праўдай нашай
так як кожная праўда ілюзіяй
з няскончаным маналогам
з чараватым маўчаннем
блудзім у сваіх ціхіх калідорах смерцяносных
адыгрываем тэатр аднаго акцёра
перад сабой
вечныя манадрамы з рэквізітам
разбітым збанком
***
Ёсць тое
і ў штодзённым першым маім слове
і ў далёкіх вуліцах.
Ёсць тое
і ў начных аўтобусах
і ў вясенніх дажджах.
Ёсць тое
і ва ўсходах і захадах сонца
і ў мокрай цішыні.
Ёсць тое
ва ўсім.
Гэта — дарога да цябе.
............
Мая дарога да цябе
простая.
Ісці проста — значыць часам
выбраць самы доўгі шлях
перайсці, пераскочыць, абмінуць
каменныя масты
палічыць календары
не знішчыць кветкі.
А яшчэ
услухацца ў рэха
у сэрца глыбока схаваць
дакладны адбітак часу мінула-цяперашняга
і злавіць мову хвіліны
з якой вандруеш Ты.
...........
І будзе пэўным толькі тое
што дарога не скончыцца ніколі
што я іду, іду, іду,
а Ты заўсёды будзеш толькі ў маіх сініх марах...
***
сабрана ўжо восень у празрыстых пальцах
хоць за вокнамі лета п’е яшчэ вільготныя воблакі
а коні свабодна сняць жарабячыя сны
паўзе цяжарнае сонца над нямымі пушчамі
падганяе свае промні да заходняй дарогі
рвуцца цені на позналіпеньскай зямлі
гляджу ў дні абшытыя адным пытальнікам
кульгаючы
нясу сябе
***
ікона
лістападаўскі снег
блакітны ранак
сон аднакрылы і лёгкі
у блакітным люстры
стаю
хвіліна прыгажосці
акіян хараства
хвіліна
веру ў вечнае хараство
веру ў адно нявыказанае слова
веру ў белае маўчанне
вечар у Бельску — камень і крыж
вечар у Бельску — блакітны туман
Бельск — ікона малітва сон жыццё
***
у сваіх кароткіх вершах я нічога не гавару
я ніколі нічога не сказала нікому
я нямая
я не люблю эксперыментаў над чалавекам
я аналізавала кепскія сталічыня
і правінцыяльныя біяграфіі
і гладкія лісты ад сваіх знаёмых
я крыху ведаю
мяне не хапае на сэнс маіх Бацькоў
мяне амаль няма
***
у Бельску старая музыка
лагодны час — лета
забытая царква
дайсці да Першага слова малітвы
***
ён замкнуў за сабой змучаныя дзверы
за празрыстымі дзвярыма пакінута імгла
з мэты і надзеі і смерці чакання
і белы студзеньскі снег
і піраміды зусім невысокія для цёплых катоў
за празрыстымі дзвярыма чырвоная лодка
з трыццацігадовымі снамі аб жоўтай птушцы
і старыя брукаваныя вуліцы і ясныя музеі
заўсёды чыстыя
за празрыстымі дзвярыма схаваныя партрэты
з нецярплівасцю публікі
і вусны ўсіх ад слоў усіх
за празрыстымі дзвярыма некалькі спраў
не да вырашэння тонкіх як сярэбраны волас
і час так выразна акрэслены
як граніца паміж маскай і маскай
за празрыстымі дзвярыма
пара моцна перакрунуць ключ
***
Ён хварэў
на хваробу
невялікую
Ён шукаў
толькі
крыху праўды
і пакалечыўся...
Ён не знаў
што хвароба
нішчыць яго цела
толькі кропля крыві
што асталася за яго следам
чырванее
і
крычыць
***
У яго
завялікія боты.
Ён памыліўся —
купіў
боты
на два памеры
завялікія.
І ходзіць,
і губляе іх.
Часам лепш купіць
замалыя боты.
***
мой сон тужыць за спакоем зялёным
і дзіцячым гармонікам
а тут трэцяя вясна рыхтуе першы ўрок
хто гатовы ў трэцюю вясну
чужы смех у зубах
а словы глыбока-глыбока
каб верыць сонцу
***
іржа твой цень
як музыка
ў белых пальцах
адзін неабходны верш
іржа музыка цень
адзін неабходны верш
як матчынае маўчанне
анямелы парог
верш як час
Ты
на гарызонце
плыве
твая бель
мой неспакой
у белы дзень
я думаю
што ёсць у жыцці
толькі адна
выбеленая рака
твой белы смех
маім агнём
твая постаць белая
сшытая з кожным маім днём
у жоўтым лісці
дрыжыць
пабелены блакіт
часам у маўчанні
жыве белая вясна
***
час з табой ляжыць прыкрыты блакітам
льюцца ўспаміны на мой мёртвы дом
ноч калыша тваю недакончаную кніжку
якую ты пакінуў тут
пісаў ты што любіш захад сонца
у лістападаву пару
і жоўтасць лісцяў, што ёсць зеленню
калі паміраюць дрэвы
пісаў ты што шукаеш дарогі да сваёй зямлі
дзе маўчыць памяць у пару згасання зорак
час з табой твая кніжка прыкрыты блакітам
як перспектыва маладосці кахання зямлі невядомага
***
поўдзень
а твой цягнік блукае ў вечаровым тумане
вязеш стомлены час у кішэні
у зубах
шчыміць родны дом...
***
паверхня маёй надзеі так лёгкая
як першая вясенняя імгла
паверхня маёй надзеі так чорная
як родная зямля
паверхня маёй надзеі так чырвоная
як зраненыя макі
мая надзея пасялілася
у вольнай птушцы
***
з небяспечнай лёгкасцю летняй пары
стукаю ў набалелы корань восені
глыбока
як у цяжкім сне
вярнуцца туды
пакуль вены яшчэ не парваліся
пакуль у кроплі жыцця
не ўсміхнулася смерць
***
словы крыжуюцца з караванам сноў далёка-блізкіх
бель нямее перад чэрню
зіма глыбокім вокам гладзіць сцены
страх лічыць бліскавіцы радасці
жывеш
а ў спарахнелых рамах
хтосьці піша вечны верш
і сваё жыццё другое
ужо без эпілога
разліваюцца падарожжы-хваробы
без ратунку
халодная рука
мякка чысціць забытую разьбу
з сэрцам пасябравала
разбітая думка
усё добра...
***
прадчуванне
схаванае ў хмарах
хтось сказаў
трэба лячыць гэты дом
дзе дзень шукае дня
а ноч шукае ночы
пахне хлеб з яшчэ адным уколам
праўдзівы дождж не падае
дуэт чорна-белых ценяў
блудзіць у чырвонай пасцелі
хтось сказаў
вокны ў гэтым доме хварэюць
трэба чыстай рукой
ратаваць і вокны і вочы
прашаптаць забытую малітву
на хлеб
на соль
на вас усіх
якіх ужо няма
***
на небасхіле рассыпаны пейзажы
азначаны маёй рукой
маўчанне на астравах з часін розных
знясіленыя ногі
у натоўпе спраў і людзей
не выбіраюць новага напрамку
мне так хочацца запытаць
у заімшэлых каменняў прыдарожных
чаму крылы дзён не падымаюцца да лёту
чаму з маршчын сяброўскіх
уцякае вера
чаму ўміранне не пакідае ценю
на далонях блізкіх
чыстыя рукі пужаюць мяне
і я тады шукаю хустку
каб цела пачула крыху першага цяпла
з пейзажамі іду шукаючы слоў
сваіх слоў
а так часта рвецца іх мелодыя
калі б можна было пагаварыць
хоць з адным коласам які даспявае
і дачакацца летняга дажджу
а тут спякота
часам прыходзяць адыходзяць госці
і губляюцца кніжкі
і ўсё зарана на трэці клас
сшываю рамы сваіх вобразаў чужымі ніткамі
і бачу як крынічная вада
адплывае на бераг другі
і гэты сон — не сон
мне не дае спакою
а смех у вопратцы сваёй
так пацяшае вочы
і згорбленыя месяцы ідуць
з пустымі рукамі
прыхільна прывітаецца штодзень
самотнасць як прыпеў
шукаючы не знайду слова
каб зразумець сябе цябе
парэзаны твой час
і завялікі
і кожная ноч усё далей
ад простага адказу
і хутка цень твой
скіне плашч
***
над антыкварыятамі выказаных слоў
плывуць бронзавыя хмары
час продажы надзеі ўжо мінуў
у бяспальцых руках самотная іржа
сляды без слядоў
адзінокая сярод адзінокіх
кідаюся ў фіялетавы прастор
заснуць
і час усё меншы
для паляўнічых добрыя ночы
і цёплыя сны
варажу з вятроў
хоць усюды спакойна
павуцінне над маім небам аднаўляецца тады
калі бяздомны сабака паўтарае сваю біяграфію
ці ўласную — — —
сумненне ціхім кацянём падыходзіць
да гарбатай бярозы
у яе цяні шукае крыніцы
з пытаннем — чаму — — —
трыццацігадовыя сыны хутка губляюць
белыя кашулі
спяшаюцца ў пошуках перадапошніх колераў
бягуць па шэрых вуліцах
і ўсё ж — стаяць
бронзавыя хмары плывуць сцяной
***
гэта амаль празрыстая раніца
над ноччу зацягнутай іголкамі
тыя што адышлі не вядуць спрэчак
над салодкімі хвілінамі ўваткнуты нож
які не забівае жывых
сон нясонны нясе падарожніка
у пустую цішу, у нясон
толькі тут і цяпер
тут і цяпер не імкніся акрэсліць
нічога што ў пальцах тваіх як дотык
чытаеш доўгія калідоры насустрач сябе
лёгка адмыкаюцца замкі
асобны час у пацямнелых вокнах
збіраеш ноч як неацэнны парашок на боль зубоў
і ўводзіш свае вены ў чужыя каруселі
ляціш захутка
мо да перадапошніх старонак трэцяй кніжкі— — —
стань
яшчэ рана амаль зарана
каб прачытаць горкую жывую паперу
яшчэ спіць перадапошні дзень
не будзі белых мінут
што ажываючы — канаюць
учора ружа гаварыла —
горкія дажджы з часам саладзеюць
уцякае распрануты лістапад
нерэчаіснымі сцяжынамі
ясна і пуста тут як пасля слова
— сяброўскага
не палі лістоў у снах нясонных
пішы да канца
пачатак тваёй дарогі быў просты і трэба
проста выясніць уласныя крокі
— потым некалькі разарваных падарожжаў
у цёмныя краі
і можаш згадзіцца на цягнікі
якія мыліліся ў раскладах
за пачаткам аблізваецца твой сярэдні час
дзіўна асірацелы
і між іншым ты сам выракся бацькоў сярэдняга часу
— — — дык пішы пра сваю віну
і не думай
што выратуе цябе сон нясонны
канец — без дасканалага акцёрства
***
берагамі неспакою ўваходжу ў бязвокі гушчар
на небе расплываецца пах азёрнай пасцелі
поўнач кідае хараство на цяжкую расу
шукаю Цябе парой залатых паміраючых пяскоў
клічу жывы вецер у цёмным шуме зраненага лесу
гляджу на разбітыя вазы сярод чужых каляін
і вось Ты — мой сон у баязлівых руках
кранае сталы цішыні пад уваскрэслымі дажджамі
мы побач — плывем у хворым подыху
кароткага святла
на малых параходах згасае наша песня
— пейзаж родзіцца ў трэцім маўчанні
***
сплю ў шэрых снягах
гэта называецца спакойнай песняй
бяззубы вечар здрадліва схапіў за валоссе
галодная поўнач у маскарадзе прысутнасці
нібы тонкасць — і ўсё далёка да чыстага маўчання
зара разгубілася на ўроку ўласнага згарання
— цёмна
***
даспяваю ў халодным валоссі
яшчэ іграю прыжмуранымі вачыма
шэрымі рукамі падкідваю няскончаныя размовы
тонкія як трэція байкі
поранак разліўся ў цёмныя трохножныя сталы
як выстаяць мне ў дзвярах
нарыхтаваных у замкнутасць сну
пачатак супакою аднаго неба і адной зямлі
і перашуканы час у аслупянелай шапцы
такая ноч — калі дрыжаць сцены
***
і з выбеленай фігуры
выбяжыць раптам чырвонае слова
як сэрца
як маці
як першы твой настаўнік
вырастуць дзверы і чатыры сцяны
якія ў залежнасці ад уласнай біяграфіі геаграфіі
па-рознаму называюць
адрываюць часам адну дошку
каб святлей цёмным вачам
або пакідаюць адну
каб святло асляпіла
гэта толькі геаметрычная фігура
з некалькіх простых
ці паралелі перасякаюцца ці не
не мае значэння
яны ж заўсёды простыя
і неадкладна ілюзорныя
як позіркі тваіх прыяцеляў
***
ізноў
разліецца спакой
і знойдзе сваё месца...
а на не-дзіцячым малюнку
вырастуць хмары цішыні...
можна будзе праверыць нават
цвёрдасць сцяны
і дакладна акрэсліць крыніцу
дзіўнай музыкі
музыкі дзён і начэй
якія не існавалі ніколі...
усё гэта ажыве
на не-дзіцячым малюнку
а пасля
вырастуць хмары цішыні
ізноў
разліецца спакой
і знойдзе сваё месца...
***
у верасовых падарожжах
змрок вачэй
у коле неба
забіць памяць
дарога памяці
сцяжына срэбналістай памяці
памяць і сон
дом і памяць
памяць памяць
магічны лес дзяцінства
перадсвітальны дождж
першае Сонца
веру
***
паэты паміраюць тады
калі першы раз
заблудзіць жывое слова
і разаб’ецца пшанічнае рэха
аб камень
паэты паміраюць тады
калі ўсміхаецца добры час для паперы
паэты паміраюць тады
калі знойдзены дакладныя адрасы
сытыя жэсты
паэты паміраюць тады
калі нараджаюцца чорныя лістапады— — —