Творчасць Надзеі Артымовіч убераглася ад інерцыі, уласцівай айчыннаму вершаскладанню; яна піша вершы не таму, што ўмее пісаць, а таму, што, па сутнасці, яны ўжо напісаны, і напісаны самой сутнасцю: яна дае ім выявіцца, вымавіцца, вымалявацца, вытлумачыцца, зрабіцца прысутнымі, і калі гэта здараецца, то ў Бельску грае „старая музыка”, а ў свеце дзейсніцца свята, у якое прысвячаемся і мы.
Сваімі „кароткімі” вершамі яна закранае, асягае, урэчаіснівае тое нешта, што не мае наймення і што ў прадмеце праяўляецца як прымета, у назоўніку як прыметнік і найменнем яму становіцца сам верш.
У падаснове яе твораў угадваецца сістэма, і тыя настойлівыя лічэбнікі, якія раз-пораз аб’яўляюцца ў яе вершах, ускоснае пацвярджэнне гэтаму.
Учытваючыся ў вершы Надзеі Артымовіч, прыходзіш да інтуітыўнай высновы пра таемную роднасць мастацтва і навукі, паэзіі і матэматыкі, да адчування, што паэзія – сколак ці галіна нейкай старажытнай веды, калі рэчаіснасць мыслілася і спасцігалася інакш, чым цяпер, і была (а можа, насампраўды ёсць і цяпер) інакшай.
Ёсць паэты, у творчасці якіх за вершамі не відаць паэзіі. У творчасці Надзеі Артымовіч, наадварот, увесь час заяўляе аб сабе істота паэзіі.
Яе вершы тым і таму істотныя: за іхняй вонкавай несамавітасцю тоіцца глыбіня невымоўнасці, якая, аднак, углядаецца ў нас знаёмымі вобразамі і прамаўляе знаёмымі галасамі. І, можа, урэшце, якраз таму, што вобразы і галасы вынікаюць з глыбіні невымоўнасці, яны аказваюцца знаёмымі.
У сплытчэлым і спрасцелым свеце ўсё больш выказанага і ўсё менш месца для выказвання. Гэтае месца амаль што ўжо выспа.
З „горлам, падстаўленым пад вецер”, безабаронным і гатовым вымавіць слова, якое само захоча вымавіцца (і таму менавіта г о р л а м), Надзея Артымовіч скіроўваецца на сваю, зберажоную ёю ад наступу сушы, выспу.