Адплывае спакойнае неба

Артымовіч Надзея


Ад рэдактара

Мінае 30 гадоў з таго часу, калі на старонках „Нівы” паказаўся першы верш Надзеі Артымовіч. Пасля былі іншыя вершы і зборнікі, якія выклікалі шчырае зацікаўленне не толькі беларускага літаратурнага асяроддзя. Іх аўтарка ніколі не падпарадкоўвалася ўплывам ні палітычнай, ні ідэалагічнай, ні культурнай кан’юнктуры. У яе творчай спадчыне няма вершаў пісаных дзеля чагосьці. Ёсць затое вельмі ўнутранае адчуванне свету. Часам гэта адлюстраваны словамі стан падсвядомасці аўтаркі. Напісаныя ў сямідзесятыя гады вершы як бы расказваюць пра ўражанні, пачуцці сённяшняга дня. Ёсць у паэзіі Надзі Артымовіч нейкі універсалізм, які кранае чалавечую экзістэнцыю. Кожны часам мае сон, які не дае яму спакою, пытанні, на якія не знаходзіць адказаў і цень другога чалавека, які цягнецца за ім.

Надзея Артымовіч ніколі не дбала пра рэкламу свае паэзіі, не пераўтварала яе ў тавар, захоўвала вернасць запісаным словам. Час — найбольш справядлівы суддзя місіі кожнага чалавека. Думаю, што Надзея Артымовіч можа спакойна чакаць яго ацэнкі.