Два новыя паэтычныя зборнікі ад Камуніката на Стральцоўскім фэсце ў Варшаве
2026-02-05 13:34
У палове лютага ў Варшаве адбудзецца чарговы Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова.
Запачаткаваны ў 2012 годзе ў Мінску, апошнія чатыры гады фестываль праходзіў у Вільні, але сёлета арганізатары вырашылі звярнуцца да новай глядацкай аўдыторыі.
Да «Стральцоўскага фестывалю» Фонд Kamunikat.org падрыхтаваў два паэтычныя выданні.
Якраз сёння выйшаў новы зборнік вершаў Валянціны Аксак «Вячэра з чужым каханкам». Пасля кнігі «Уцёкі з Палесся» (2023) гэта ўжо другая кніга аўтаркі, якую выдае Фонд Kamunikat.org.
Новая кніга
Валянціны Аксак у некаторых чытачоў можа выклікаць жаданне падкінуць паленца ў вогнішча пад аўтаркаю. Або звярнуцца да славутага полацкага ката Бальтазара, каб той нагайстрыў сякеру. Чытачы з інквізіцыі, без сумневу, так бы і зрабілі. Паэтку, якая ўявіла сябе на каленях у Хрыста, у нашы дні закон дазваляе пакінуць жывой. Спаліць можна хіба што яе творы — тыя, што, на думку абураных, выходзяць за межы цноты, бо аўтарка вячэрае — і не толькі — з чужым каханкам. І ўсё ж дзеля справядлівага выраку
варта ўважліва прачытаць напісанае між радкамі гэтай кнігі.
Валянціна Аксак нарадзілася на Нясвіжчыне, жыве ў Мінску. Аўтарка паэтычных кніг «Цвінтар»,
«Капліца»,
«Антычны дождж»,
«Віно з Каліфорніі»,
«Ружоўніца»,
«Дзікая сліва»,
«Завінены рай»,
«Кава ў арліным гняздзе»,
«Трэці Эдэм»,
«Уцёкі з Палесся». Яе вершы выходзілі ў перакладах на шведскую, літоўскую, польскую, расійскую, французскую, украінскую, англійскую, дацкую, іспанскую, румынскую, фінскую і італьянскую мовы.
Наста Кудасава — адна з найвядомейшых паэтак сучаснай беларускай літаратуры. Яе творчасць спалучае вернасць класічнай форме са смелай вобразнасцю і выключнай чуласцю да слова. Кнігі вершаў
«Маё невымаўля» і
«Побач» прынеслі аўтарцы прэстыжныя літаратурныя ўзнагароды і шырокую чытацкую любоў. Нарадзілася ў Рагачове, жыве ў Гдыні.