- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Помніць сябе пачынаю пад галасы жніўнае песні. Хутар Верасовачка. Песня тужлівая, здаецца, колецца неўсвядомленай яшчэ самотай, як іржэўе. Заходзіць сонца. Мама кажа страшную казку. Калі бацька прыходзіў з працы ці прыязджаў з руму, я любіў расперазаць яго, каб з запазухі выпаў ці абаранак, ці акрайчык, што перадаў зайчык. ...Пераезд у Вушачу помню дужа смутна. На кані паклажа і я. Чамусьць цяжка было перавезці з хутара ката. Яго, як ваўка таго, у лес, у хмыз цягнула. У Вушачы, нешта ўроілася мне, сядзеў на бальшаку і еў кашу. Нейкая цётка папрасіла пакаштаваць, плакаў, не хацеў даць. Зверху мама дадала жалю розгай за скупасць. Бацька мяне не біў. Толькі калі я пачынаў хадзіць на галаве, пытаўся: "А дзе мой чорненькі?" Гэта значыць, раменьчык. І гэтага запытання хапала. ...Пачыналася вайна. Савецкая ўлада ўцякала. Безуладдзе. Вусціш. Чуў, як пошаптам мама з бацькам казалі: у ляску пры дарозе на Арэхаўна расстрэльвалі палякаў. Мужчын, жанчын, старых, дзяцей. (Гэта рука дапамогі прасавечаных братоў паняволеным братам Заходняй Беларусі. Ачышчалі турмы сталінскія малойчыкі). Пачатак вайны запомніўся так. Наляцеў самалёт. Мы з бацькам беглі па жыце, жыта нават мяне не магло схаваць. Дабеглі да зямлянкі. ...Баба Малання, маміна мама, была уніяткай, малілася па-беларуску. Мама дужа добра шыла. Прапаноўвалі ісці ў арцель. Не пайшла. Гаспадарка, хай і невялікая, патрабавала шмат увагі. Дый за сынам трэба было прыглядаць, каб ад рук не адбіўся. Калі яна спала, пачынаю ўспамінаць і не прыпомню.