Успаміны слыннай вільнянкі Галіны Войцік выходзяць адной кнігай
2026-05-05 22:48
Выдавецтва “Скарына” запачаткавала “Віленскую серыю”, у якой плануе выдаваць творы віленскіх беларускіх аўтараў як мінулага, так і цяперашняга часу. Першая кніга серыі — “Там, дзе мяне няма” — успаміны слыннай вільнянкі, германісткі, перакладчыцы і грамадскай дзяячкі Галіны Войцік.
Усё жыццё
Галіна Войцік (1927–2007) як даследніца
рыхтавала кнігі і праграмы пра іншых беларусаў Вільні і не мела часу
напісаць сваю ўласную кнігу. Але яна пакінула ўспаміны, якія друкаваліся
ў газэтах
“Рунь” і
“Наша Ніва”, піша
Уладзіўслаў Гарбацкі на сайце
“Новы час”. Аўтарка жадала пабачыць свае ўспаміны пад адной вокладкай. Яе мара здзейснілася толькі цяпер.
Рукапіс да друку падрыхтаваў пісьменнік Алег Мінкін. У выдавецтве кнігу дапрацавалі і дапоўнілі пасажамі з успамінаў Галіны Войцік, запісаных на радыё Сяргеем Дубаўцом. Таксама да тэксту спрычыніўся сын Галіны Войцік Яраслаў.
Ён дапамог і са здымкамі пісьменьніцы. Апрача гэтага ў кнігу ўвайшлі
публікацыі спадарыні Галіны з розных зборнікаў, прысвечаных Вільні.
Уступнае слова напісалі Алег Мінкін і Людвіка Кардзіс.
“Хто я такая? Я ніколі не любіла, калі мяне прадстаўлялі: „дочка
Зоські Верас”, „жонка Лявона Луцкевіча”, — гэта-ж не мая заслуга. Я
заўсёды хацела быць сабой, дасягаць сама не становішча — гэта мяне не
цікавіла — але пашаны й павагі за сваю працу, спачатку, як доктар навукі
ў галіне германістыкі, а апошнія гады на ніве беларускай культуры. Што
мне ўдалося зрабіць, хай судзяць іншыя”, — гучыць голас аўтаркі на старонках новай кнігі “Там, дзе мяне няма”.
Таксама ў “Віленскай серыі” рыхтуюцца творы Францішка Умястоўскага, Макара Краўцова, Уладзіслава Паўлюкоўскага, Янкі Багдановіча, Алены Цэпрынскай ды іншых аўтараў, чый лёс звязаны з Вільняй.