Цікавасць да беларускага павільёну на Кніжным кірмашы - вялікая
2023-05-27 11:41
З чацвярга па нядзелю ў Палацы навукі і культуры ў Варшаве будзе праходзіць кніжны кірмаш.
На ім свой стэнд маюць незалежныя беларускія выдаўцы, якія цяпер дзейнічаюць за межамі Беларусі. Выдаўцы падзяліліся сваімі ўражаннямі: амаль усе наведвальнікі стэнду выходзіць з купленымі кнігамі, а пазітыўны водгук ідзе не толькі ад беларусаў, але і палякаў.
-Беларусы прыходзяць, іх вельмі радасна бачыць. Яны «галодныя» на кнігі. Я бачу, што мы з калегамі можам даць вялікі выбар для чытання. Падабраць кожнаму да сэрца, мастацкую ці навуковую літаратуру, вершы. Таксама цікава, што падыходзяць польскія і замежныя выдавецтвы, наладжваюцца кантакты. Гэта прыязны кантакт. Беларусь цікава на ўзроўні міжасабовай камунікацыі. Няма дыскрымінацыі і негатыву. Усе гатовыя дапамагчы, падзяліцца кантактамі. Я не спадзявалася сустрэць такога спрыяння. Як толькі кажаш, што мы з Беларусі і выдаем кнігі па-беларуску, а гэта крытычна важны момант, усе дэманструюць вельмі добрае веданне нашай сітуацыі і с прыязнасцю адгукаюцца, – гаворыць Кацярына Андрэева з «Гутэнберга».
Андрэй Янушкевіч расказвае, што незалежныя выдаўцы не баяліся, што ў павільён ніхто не прыйдзе:
-Яшчэ калі толькі мы думалі пра беларускі павільён на кніжным кірмашы ў Варшаве, то у нас, у выдаўцоў, не было шмат апасенняў, боязі, што ў нас не будзе наведвальнікаў. Мы ведаем, што ў Варшаве жыве шмат беларусаў, па продажах мы ведаем, што яны цікавяцца кнігамі на беларускай мове. Нашай задачай было прапанаваць вялікі асартымент: навінкі, класіка, бестселеры, усё, чым мы можам пахваліцца. Мы ўжо тут другі дзень, я бачу, што колькасць наведвальнікаў вельмі высокая. 9 з 10 чалавек выходзяць з павільёна з купленымі кнігамі. Гэта значыць, што людзі прыходзяць мэтанакіравана, а значыць справа развіваецца.
Беларускі стэнд – гэта таксама сустрэчы з аўтарамі: Сяргеем Тарасавым,
Уладзіміра Арловым,
Андрэем Хадановічам, Паўлінай Скурко, Святланай Курс,
Настай Кудасавай,Сафіяй-Святланай Дземідовіч, Аляксандрам Кудрыцкім, Дзмітрыем Гулецкім,
Алесем Аркушам, Васілём Дранько-Майсюком.
У далучаным гукавым файле слухайце размову з выдаўцамі.
слухайце аўдыё