- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
З турмы на пахаванне Казулін дамогся права развітацца з жонкай Ірына Казуліна памёрла 23 лютага ад раку. Ёй было 48 гадоў. Аляксандр Казулін змог прыехаць з калоніі на пахаванне ў Мінск толькі праз тры дні па смерці Ірыны. Спачатку начальнік калоніі “Віцьба-3” пад Віцебскам Віталь Агнісцікаў адмовіўся выпускаць Казуліна. (Паводле закону толькі начальнік папраўчай установы можа даць асуджанаму адпачынак тэрмінам да сямі дзён). Але ў выніку Агнісцікаў мусіў сам сесці за руль “Жыгулёў” і ўначы на 26 лютага прывезці арыштанта ў Мінск. Але перад тым Казулін пачаў сухую галадоўку пратэсту. Абвясцілі галадоўку яго дочкі Вольга і Юлія. Яны не хацелі хаваць маці ў адсутнасці бацькі. Вызвалення вязня патрабавалі прадпрымальнікі - арганізатары нядаўніх акцыяў пратэсту. Аляксандр Мілінкевіч, колішні спаборнік Казуліна на прэзідэнцкіх выбарах, лідэр Руху за свабоду, заклікаў усе дэмакратычныя сілы разам змагацца за ягонае вызваленне. Высокапастаўлены прадстаўнік Еўразвяза Хаўер Салана заклікаў да неадкладнага вызвалення Казуліна. ЕЗ, як і раней, настойвае, на вызваленні ўсіх палітзняволеных у якасці ўмовы да пачатку дыялогу з уладамі РБ.