У швейцарскім выдавецтве «DIAPHANES» выйшла кніга, якую «Галіяфы» рыхтавалі ў Мінску цягам некалькіх гадоў яшчэ да свайго закрыцця — зборнік «НЕТУТЭЙШЫЯ: REVERSION. Беларуская эксперыментальная драматургія («ТВЛ», «Бум-Бам-Літ»)».Кнігу ўжо можна
спампаваць бясплатна на сайце выдавецтва. Цягам месяца з’явіцца і друкаваная версія, і гэта будзе вялікі фаліянт фарматам 205×290 см і аб’ёмам 580 старонак, паведаміў
Budzma.org літаратар, мастак і кнігавыдавец
Зміцер Вішнёў.
Гэтая кніга аднаўляе «страчаныя» старонкі развіцця беларускай эксперыментальнай драматургіі — «няздзейснены праект пакалення» 1990–2000-х гадоў (
С. Кавалëў). Анталогія змяшчае п’есы
Ігара Сідарука,
Лявона Вольскага,
Змітра Вішнёва,
Іллі Сіна, Марка Ледэтэда,
Сержа Мінскевіча,
Віктара Жыбуля,
Юрася Барысевіча, Алеся Туровіча, Ягора Конева, А. Часа (
Барыса Пятровіча), Віталя Пятроўскага, Івушкі Панінай,
Вольгі Гапеевай, Ганны Ціханавай, Джэці, Алеся Бычкоўскага,
Віталя Воранава, Віктара Лупасіна (Ыванова), Адама Шостака, Усевалада Гарачкі, Васіля Дранько-Майсюка, а таксама прадмовы Алены Лепешавай і
Пятро Васючэнкі, маніфесты «Бум-Бам-Літа», хроніку перформансаў і тэатральных пастановак эксперыментальных п’ес, спіс літаратуры па тэме.
Анталогія драматургіі займела шыкоўны дызайн дзякуючы Маргарыце Сяньковай. І, вядома, праекта не было б без выдавецкай ініцыятывы «33 кнігі для іншай Беларусі», якую заснавалі Ірына Герасімовіч, Сільвія Засэ і Лукас Бэрфус. Анталогія выйшла ў серыі «МЫСЛІЦЬ МАСТАЦТВА» Інстытута тэорыі Цюрыхскай вышэйшай школы мастацтваў і Цэнтра мастацтваў і тэорыі культуры Цюрыхскага ўніверсітэта.