- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У гэтыя дні здзяйсняецца праўда пра тое, што “калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён” (Ян 12, 24). Перажываем гадзіну праслаўлення Збаўцы. Ён прайшоў праз смерць і ўваскрос, каб даць нам жыццё. Ахвяра Езуса Хрыста на крыжы аб’явіла аб дасканалай любові Бога да свету. Пустая магіла з’яўляецца нямым сведкам цэнтральнай падзеі ў гісторыі чалавецтва – змёртвыхпаўстання нашага Пана. Крыж у людскіх вымярэннях прадстаўляецца знакам ганьбы, знакам паражэння. Менавіта такім чынам вучні ўспрынялі смерць свайго Настаўніка. Яна вельмі іх напалохала і знеахвоціла. Змірыўшыся, вучні вярнулісяда абавязкаў, якія выконвалі, перш чым уступілі ў школу Езуса. Не зразумелі таго, што адбылося: “А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраіль” (Лк 24, 21). Чаканні вучняў разыходзіліся з вучэннем Езуса. Яны думалі ў чалавечых катэгорыях, Божая ж логіка зусім іншая. І калі Хрыстос аб’явіўся апосталам пасля ўваскрасення, крыж атрымаў для іх іншае значэнне.