- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Манахі, манахіні, а таксама асобы, якія жывуць у свецкіх інстытутах, – гэта простыя людзі, узятыя з нашых сем’яў і парафіяльных супольнасцей. Яны з любоўю адказалі згодай на голас Бога, робячы адважны выбар: адрачыся ў імя Айца і Сына, і Святога Духа ад радасці і клопатаў сямейнага жыцця, ад дару сужэнства, часам таксама ад прафесіі і ў шырокім сэнсе разуметай самарэалізацыі, ад усякага валодання на карысць жыцця паводле евангельскіх парад. Яно абумоўлена жаданнем прыпадабнення да Хрыста чыстага, усім сэрцам, усёй душою і ўсім розумам звязанага з Айцом; убогага, які валодае тым, што належыць Богу, нічога не маючы ва ўласнасці, каб быць вольным, адкрытым на Провід і міласэрным да людзей; пакорнага, які праз поўную любові паслухмянасць заслужыў нам збаўленне. З упэўненасцю можна прызнаць, што не чалавек выбірае Бога, а Бог выбірае і заклікае чалавека. Ведаючы нас лепш, чым мы самі, Стварыцель заўсёды прапануе найлепшае. Разам з тым, пакідае людзям вольнасць, падказваючы чула і адначасова з глыбокай павагай. Трэба разумець, што няма “лепшага”, “горшага” ці “больш узнёслага” паклікання. Кансэкраваныя асобы былі выбраны Богам не з-за надзвычайных якасцей ці звышнатуральнай набожнасці. Запрашаючы пэўную асобу на манаскую паслугу, Пан перакананы, што такім чынам яна здолее дасягнуць падабенства з найлепшымі.