- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Падабаецца нам гэта ці не, свет увесь час змяняецца. Ён выглядае зусім інакш, чым 20, 40, 50 гадоў таму. На нашых вачах змяняюцца пакаленні людзей. Прыходзіць новае, маладое, а старэйшае адыходзіць па ўзнагароду да Бога. Гродзенская дыяцэзія за апошнія паўгода страціла чатырох руплівых святароў. Іх змянілі новыя святары, якія нядаўна ў катэдральнай базіліцы прынялі прэзбітэрскія пасвячэнні. Выбар пераемнікаў абумоўлены ўпэўненасцю, што на зямлі няма высакароднейшага занятку, чым святарская паслуга. Яны, відаць, усведамляюць, што ніхто не можа даць чалавеку большай любові, чым святар, які ўдзяляе Хрыста, прапаведуе Яго словы, ведучы да Бога. Гэта вельмі важна, каб сучасны свет бачыў асоб, якія інакш думаюць і жывуць інакш, чым усе астатнія, асоб, якія маюць Хрыстовы пункт гледжання. Іх прысутнасць сярод люду змяняе свет і сэрца чалавека. Святары патрэбны для нашага збаўлення, бо праз іх можам культываваць сваю веру, расці ў ёй і падтрымліваць сувязь з Панам Езусам. Добры пастыр, добры святар мусіць памятаць, што ўсе без выключэння хрысціяне павінны быць сведкамі Хрыста. Ксяндзу, з-за яго функцый і пасвячэння, неабходна быць прафесіяналам, спецыялістам у тым, што робіць. Ён не можа ні на секунду забывацца, што з’яўляецца слугою Езуса, а значыць і слугой кожнага чалавека.