- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Мы з’яўляемся сведкамі таго, як жыццё нястомна паскараецца. Ход аднойчы разагнанай машыны ніхто ўжо не адважыцца стрымаць… Чалавек рухаецца ў тэмпе, які небяспечна нарастае. Яго сэрца пульсуе ў рытме паскоранай штодзённасці, стараючыся паспець за тым, што лічыць важным. Сэрца Езуса таксама б’ецца інтэнсіўна. Жыва рэагуе на ўсе цені і бляскі зямного побыту, паскараецца перад абліччам зла і подласці, балюча ўзмацняецца ў час здрады, калі пакідаюць самыя блізкія, і разам з тым радасна гучыць у хвіліны сустрэчы з любімымі. Яно цярплівае, як сэрца маці, якая ўглядаецца ў сваё дзіця, поўнае пяшчоты і невычэрпных дароў. Гэтае Сэрца не зайздросціць, а цешыцца нават самай маленькай іскрынцы дабра, што заблішчала ў жыцці чалавека. Не выхваляецца, не імкнецца да здабыцця лаўраў. Ніколі не ганарыцца. Не шукае свайго, усё аддаючы любімаму стварэнню. Не гневаецца і не памятае зла, нягледзячы на тое, што шмат разоў было падманута. Яго песняй з’яўляецца праўда, а кожная несправядлівасць наносіць яму рану.