Расейцы зьнішчылі ў Харкаве выдавецтва, у якім выходзілі кнігі Алексіевіч
2024-05-24 17:20
Дыпляматы, навукоўцы, журналісты, прадстаўнікі культуры і літаратуры заходніх краін заявілі аб сваёй падтрымцы харкаўскага выдавецтва Vivat, чыю друкарню абстралялі расейскія войскі. 24 траўня ў Харкаве абвясьцілі дзень жалобы.
Расейцы ў ноч на 23 траўня разбамбілі ў Харкаве выдавецтва — 7 супрацоўнікаў загінулі, 14 параненыя. Адна ракета трапіла ў цэнтар цэху. З чатырох тысяч квадратных мэтраў зруйнавалі больш за тысячу. Гэта быў найбольшы паліграфічны комплекс поўнага цыклю ў Эўропе, у ім друкаваліся амаль усе выдавецтвы Ўкраіны.
У гэтым выдавецтве ў 2016 і 2020 гадох выдалі ўкраінскія пераклады кніг нобэлеўскай ляўрэаткі
Сьвятланы Алексіевіч — «Останні свідки. Соло для дитячого голосу», «У війни не жіноче обличчя», «Чорнобильська молитва. Хроніка майбутнього».
Прэзыдэнт Украіны
Ўладзімір Зяленскі апублікаваў
відэазапіс зруйнаванай друкарні.
«Удар Расеі па Харкаўскай вобласьці, у выніку якога загінулі і параненыя людзі, зруйнаваная друкарня і спалена 50 тысяч кніг, дэманструе, што Расея ваюе з чалавечнасьцю і ўсімі аспэктамі нармальнага жыцьця. Расейскія тэрарысты забіваюць дарослых і дзяцей, руйнуюць гарады і вёскі, пакідаючы выпаленыя плямы там, дзе некалі было нармальнае жыцьцё», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Брытанскі гісторык, экспэрт па Ўсходняй Эўропе Тымаці Гартан Эш, кнігу якога нядаўна выдалі ва Ўкраіне, заявіў, што яго шакаваў абстрэл друкарні.
«Шакаваны, калі даведаўся, што друкарня ў Харкаве, дзе толькі нядаўна надрукавалі выданьне „Рідні землі“, пацярпела ад расейскай атакі, якая прывяла да ахвяр. Мы павінны больш абараняць Украіну», — напісаў ён
на сваёй старонцы ў сетцы X (колішні Twitter).
Ягоны амэрыканскі калега, прафэсар гісторыі Ейльскага ўнівэрсытэту Тымаці Снайдэр назваў гэтую расейскую атаку яшчэ адным прыкладам «больш маштабнай палітыкі генацыду».
«Учора Расея абстраляла пэрліну сучаснай эўрапейскай культуры — харкаўскае выдавецтва Vivat, забіла супрацоўнікаў і падпаліла памяшканьне. Гэта прыклад больш маштабнай палітыкі генацыду», — напісаў ён на сваёй старонцы ў сетцы X.
Вядомая ўкраінская пісьменьніца Аксана Забужка перакананая, што друкарню разбамбілі «прыцэльна» менавіта тады, калі там рыхтавалі вялікія наклады да «Кніжнага арсэналу» — адной з найбольшых ва Ўкраіне кніжных выставак у Кіеве.
«„Фактор-друк“ разбамбілі роўна за тыдзень да „Кніжнага арсэналу“ — якраз тады, калі там тэрмінова дадрукоўваліся дзясяткі выдавецкіх навінак, як звычайна пад „Арсэнал“. Разбамбілі прыцэльна, каб гэтых кніжак не было. [...] І ўсё для таго, каб мы далей чыталі расейскае. Такое вось „принуждение к Булгакову“», — напісала пісьменьніца
на старонцы ў Facebook.
Аксана Забужка выказала спачуваньні сем’ям загінулых і выдавецтву. Яна заклікала ўкраінцаў падтрымаць выдавецтва набыцьцём кніг, якія яны раней надрукавалі.
Амбасадар Вялікай Брытаніі ва Ўкраіне Марцін Гарыс апублікаваў фота з кнігамі Vivat і паведаміў, што вырашыў падтрымаць выдавецтва так, як робяць цяпер украінцы.
«Сёньня расейскія ракеты пацэлілі ў друкарню „Фактор“ у Харкаве, дзе выдаюць кнігі выдавецтва Vivat. У адказ украінцы сёньня набываюць кнігі, я таксама. Vivat Vivat!», — напісаў ён
на сваёй старонцы ў сетцы X.
Журналісты выданьня
«Українська правда» нагадалі, што гэта ня першы ўдар Расеі па харкаўскіх друкарнях. 20 сакавіка ў выніку абстрэлаў Харкава згарэла друкарня «Гуров і К». Расейцы цалкам зьнішчылі тыпаграфію «Аврора», а яшчэ раней ад расейскіх абстрэлаў пацярпеў «Будинок друку».