- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Праваабаронца: Знаходжанне мастака за твор мастацтва ў турме ўжо ёсць катаваннем. Гэта нонсэнс!
Ноччу 11 ліпеня ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзняволены мастак, рэстаўратар Алесь Пушкін. У Алеся Пушкіна была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу 11 ліпеня, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца. Паведамляецца, што ў выніку нясвоечасовага аказання медыцынскай дапамогі ў яго развіўся перытаніт, быў септычны стан і паліорганная недастатковасць. Гэта значыць, што чалавек пакутаваў некалькі дзён, але супрацоўнікі турмы не звярталі на гэта ўвагу.
Алеся Пушкіна абвінавацілі ў тым, што адна з яго карцін – партрэт антысавецкага падпольшчыка, выстаўлены ў Цэнтры гарадскога жыцця ў Гродна, парушае 130-ы артыкул Крымінальнага кодэксу («Распальванне нацыянальнай, расавай і іншай варожасці»). Падчас праверкі пракуратуры па выставе Пушкін знаходзіўся ў Кіеве. 26 сакавіка 2021 года ён вылецеў у Мінск вячэрнім рэйсам, хаця ведаў, што яму пагражае турма. Алеся затрымалі 30 сакавіка ў Жылічах (Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці), дзе мастак працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў.
За «рэабілітацыю нацызму» мастаку і перформеру, якога праваабаронцы прызналі палітвязнем, прысудзілі пяць гадоў калоніі. Вядома, што да Алеся звярталіся з прапановай напісаць заяву аб памілаванні на імя Лукашэнкі, але ён катэгарычна адмовіўся гэта рабіць, бо нічога дрэннага не зрабіў.
У 2019 годзе быў выдадзены «Турэмны альбом» з малюнкамі Алеся Пушкіна, якія былі зроблены Алесем падчас знаходжання ў ізалятарах Смаргоні і Мінска. Рэжым Лукашэнкі пераследаваў мастака за яго грамадзянскую пазіцыю, смеласць.
«Адназначна можна казаць, што віна за смерць вязня, палітвязня цалкам на тых, хто зняволіў гэтага чалавека. Само знаходжанне мастака за твор мастацтва ў турме ўжо ёсць катаваннем. Гэта нонсэнс! Тая трагедыя, што здарылася з Алесем, не аказанне медыцынскай дапамогі чалавеку, калі ён сам не можа нічога зрабіць, не можа сабе выклікаць хуткую, гэта не халатнасць, гэта – злачынства! Смерць прынцыповага чалавека ў турме «пры нявысветленых абставінах», як першапачаткова гэта агучвалася, – гэта палітычнае забойства», – гаворыць праваабаронца Алена Лапцёнак.