- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Настаўнік даў вучням хатняе заданне — кожнаму намаляваць якуюсь кветку. Марыйцы спачатку заданне падалося лёгкім. Дзяўчынка добра малявала, да таго ж ведала і любіла мноства самых розных кветак. Ранняй вясной яна любіла дзьмухаўцы і лотаць, улетку — смолкі і валошкі, увосень — вяргіні і астры... Якая ж з гэтых кветак самая прыгожая, самая любімая? За акном цяпер не вясна, не лета і не восень, а сцюдзёная зіма, белыя гурбы снегу, і адзіныя кветкі — тыя, што намаляваў мароз на ваконным шкле. Дзяўчынка думала-выбірала ўвесь вечар і потым, у ложку, засынаючы, таксама думала. Ад гэтага ёй прысніўся сон. Прысніўся заліты сонцам, запоўнены птушыным спевам празрысты летні дзень, поплаў, які нагадваў дарагі стракаты дыван, — столькі на ім было кветак... I калі яна, босая, лёгкая, ступала па гэтым мяккім дыване, кветкі схіляліся да яе і хваліліся кожная сваёй прыгажосцю. Вядома, гэта быў сон, таму кветкі і маглі размаўляць. (фрагмент)