- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Што адсвяткавалі? Вось і адсвяткавалі дзень 3 ліпеня. З вайсковым парадам, маршам спартоўцаў, феерверкамі, канцэртамі, гуляннямі. З чаркай і шкваркай. З масавым зыходам гараджан на прыроду, на дачы, у вёскі. Працоўны панядзелак, што ўбіўся паміж суботай-нядзеляй і 3-м ліпеня, перанеслі, і атрымаўся доўгі выходны. На радасць усім. Усё як мае быць — свята ёсць свята. Але што ж святкавалі, які дзень? З 1944 года дзень 3 ліпеня быў адзначаны ў людской памяці і календарах як дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Працяглы час — дзень будзённы, не святочны. Не да таго было: адбудоўваліся з руін, залечвалі раны вайны. Зразумела і сімвалічная логіка надання дню вызвалення сталіцы статусу дня вызвалення краіны, хаця апошні населены пункт на тэрыторыі Беларусі быў вызвалены толькі напрыканцы жніўня. Не лагічным уяўляецца перайменавання гэтага дня ў Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі Беларусь). Тым больш, што зроблена гэта было ўжо пасля распаду СССР (у выніку якога Беларусь якраз і атрымала свой дзяржаўны суверэнітэт) і па волі першага прэзідэнта ўжо суверэннай дзяржавы.