- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Шаноўныя чытачы! На жаль, гэта здарылася. Вы трымаеце ў руках апошні нумар папяровага «Новага Часу». Прыватная друкарня «Ролл Прынт» больш не будзе друкаваць «Новы Час». Ліст пра тое, што «ў сувязі са змяненнем вытворчага цыклу і ўзнікшымі з-за гэтага вытворчымі складанасцямі» друкарня «Ролл Прынт» пасля 12 жніўня больш не зможа аказваць нам паслугі, мы атрымалі яшчэ 27 ліпеня. Вось такі падарунак на Дзень незалежнасці. З таго моманту рэдакцыя спрабавала вырашыць пытанне, каб не спыняць выхад папяровай газеты. Аднак беспаспяхова. Таму сённяшні 48-старонкавы нумар — наш развітальны. На вялікі жаль, на наступным тыдні вы, нашы самыя лепшыя чытачы, больш не ўбачыце любімую газету ў паштовай скрыні — прынамсі, не пры гэтай уладзе. Дзякуй вам, што былі з намі ўсе гэтыя гады. Што падтрымлівалі і словам, і справай. Што давалі нам сілы і натхненне працаваць яшчэ больш і яшчэ лепш. Дзякуй, што верылі нам і праглі вольнага слова. Дзякуй, што шанавалі і паважалі нашу родную мову. Кожны ваш ліст, кожнае тэлефанаванне, кожная сустрэча штурхалі нас наперад, дадавалі моцы рабіць нашу справу, падтрымлівалі веру ў тое, што мы робім нешта важнае і карыснае. Мы з вамі шмат чаго перажылі — перажывем і гэта. Бо «Новы Час» не спыняе сваё існаванне. Мы застаёмся ў інтэрнэце. І нам яшчэ больш патрэбна ваша падтрымка.