- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Трэнд кругавога руху. Цягам апошніх месяцаў працэсы палітычнай лібералізацыі ў Беларусі прытармазіліся, аднак у сферы палітычнай дэмакратызацыі адбыліся змены да лепшага — гаворыцца ў першай справаздачы з серыі сістэматычных штоквартальных маніторынгаў Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. Супаставім высновы аналітыкаў з рэчаіснасцю. «Праявы патэнцыйнай лібералізацыі альбо яе дэклараваныя намеры ў такіх сферах, як свабода слова (спрошчаны парадак рэгістрацыі газет па новым законе і заяўленая адмова ад абмежавання свабоды ў інтэрнэце) і свабода асацыяцый (разгляд магчымасці адмены крымінальнага артыкула 193-1, спрашчэнне рэгістрацыі НДА), не знайшлі свайго развіцця, а ў шэрагу выпадкаў адбыўся адкат назад або быў агучаны намер узмацніць жорсткасць палітыкі», — канстатуюць эксперты. Лібералізацыя — гэта працэс, які прадугледжвае накіраванае дзеянне, то бок вектар руху. У выпадку ж Беларусі гэты рух нагадвае вальс — танец па колу. Напрыклад, сітуацыя са СМІ. Пасля вяртання ў сістэму дзяржаўнага распаўсюду некалькіх Non-Governmental выданняў і спрашчэння парадку рэгістрацыі новых СМІ лагічным выглядала чаканне далейшага прагрэсу і развіцця сітуацыі. Аднак праз колькі месяцаў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна з сумам гаворыць: «Ідзе адкат назад».