- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Першыя званочкі. Падманутыя ў сваёй ілюзіі набліжэння да сярэдняга класу беларусы грукнулі ў дзверы стабільнасці пратэстам. Падобна на тое, што ненавісная рэжыму «пятая калона» павялічвае свае шэрагі. Наш інфармацыйны імклівы век складана ўтаймаваць. Нават КДБістам, нават у Беларусі. Пагрозу ў вынаходніцтве чалавецтва — інтэрнэце — улады краіны адчувалі нездарма. Варта было пахіснуцца мілай сэрцу валадароў «чырвонага дома» ідэі стабільнасці і квітнення, як на вуліцу з пратэстам выйшлі прадстаўнікі ўчорашняга электарату, а цяпер ужо апазіцыі. У Мінску і абласных гарадах прайшла акцыя пратэсту супраць падвышэння коштаў на бензін і дызельнае паліва «Стоп-бензін». У сталіцы акцыя мела і маштаб, і розгалас — аўтааматары на дзве з паловай гадзіны паралізавалі цэнтральны праспект. І дзеянні іх не мелі асуджэння — пешыя віталі «конных» воплескамі апладысментаў. І нават вадзіцелі і пасажыры тых машыны, што выпадкова трапілі ў паток, не абураліся, а націскалі на клаксоны, далучаючы свой голас да пратэстнага гулу. І сыпаліся на асфальт і з машын, і з натоўпу дробныя беларускія купюры — на знак іх абясцэньвання, што гэта ўжо не грошы, а фанцікі.