- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Чорны панядзелак Беларусі. 12 чалавек загінулі, 204 чалавекі пацярпелі, 157 шпіталяваныя ў выніку тэракту ў мінскім метро. Міф стабільнай і бяспечнай Беларусі падарваны. У найноўшай гісторыі краіны ўжо было некалькі надзвычайных здарэнняў, калі пацярпелі выпадковыя людзі, — выбухі ў Віцебску ў 2005-м і ў Мінску ў 2008-м годзе. Але іх маштаб і колькасць ахвяраў несуразмерныя з тэрактам у метро. Летальных зыходаў тады, на шчасце, не было, а выбух на Дзень незалежнасці следства ўвогуле класіфікавала як «хуліганства». Цяпер адчування абароненасці і бяспекі няма, бо выявілася, што ахвярай можа стаць абсалютна любы чалавек, калі карта ляжа не на яго карысць. І страшна аказацца на месцы сівога інтэлігентнага выгляду мужчыны, які з трывогай пытаўся пра сваю дачку ў прыёмным пакоі бальніцы: «Яе паказалі па тэлебачанні. Чорненькая, як я, нідзе — няма, аб’ездзіў усе бальніцы, няма. А яе ж паказалі па тэлебачанні...» Трагедыя выявіла лепшыя рысы беларусаў. Хто моцна не пацярпеў, вярталіся ў метро і дапамагалі выносіць параненых, кіроўцы маршрутак і таксі не ўзвінцілі кошты, а адвозілі людзей бясплатна, на станцыях прыёму донарскай крыві выстройваліся ў чэргі.