- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Смуткуем разам з вамі. З 10 красавіка Польшча ў жалобе. Па трагічна загінулых у авіяцыйнай катастрофе па дарозе на Катынь. Жалобе не толькі афіцыйна абвешчанай, але і асабістай, сэрцам успрынятай як свая ўласная бяда ці не кожным палякам. Плошча перад Прэзідэнцкім палацам у Варшаве сталася плошчай тысяч знічак і мільёнаў кветак. Сум не на паказ. І слёзы не на публіку. Сцішыўся людскі гоман на вуліцах, не чуваць смеху. Польшча ў жалобе. Але і ў звычайным працоўным рытме. Ніякіх зрываў, алагічных рашэнняў, нервовай мітусні ва ўсіх сферах палітычнага, эканамічнага і грамадскага жыцця, ва ўсіх галінах і на ўсіх узроўнях улады. Дзяржаўны механізм працуе ў зададзеным рэжыме. Функцыі загінулых узялі на сябе іх намеснікі. Ніякіх палітычных інтрыг і закулісных спроб скарыстацца сітуацыяй. Палітычныя апаненты стаяць побач. Гора і смутак — адны на ўсіх. Перад тварам смерці ўсе роўныя. Перад тварам смерці ў нармальным грамадстве палітыка бярэ паўзу. Польшча ў жалобе. Здольнасць аб’яднацца, салідарызавацца ў складаныя моманты, у самоце і горы — прыкмета асабістай годнасці кожнага чалавека, аднак і прыкмета сталасці нацыі, адказнасці грамадства. Польшча пасля катастрофы дэманструе, што ў краіне створана і набыла здаровую устойлівасць дэмакратычная палітычная сістэма, сфармавалася палітычная эліта, у наяўнасці адпаведны ўзровень палітычнай культуры насельніцтва.