- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Сёлета пачалася мая вышэйшая адукацыя. Вывучаю стаматалогію на Беластоцкай Медыцынскай акадэміі. На адным курсе са мной штудзіруе больш за сотню людзей. Я была ўпэўнена, што сустрэну тут каго-небудзь „сваёга”, з кім можна было б прынамсі паразмаўляць на гаворцы, а можа нават паўспамінаць белліцэй. Атрымалася аднак па-другому. Няма нікога „сваёга”. Адна дзяўчына, праваслаўная, з Беластока (напэўна ёсць іх болей — выявяцца ў час Калядаў, альбо і не выявяцца...). Адзін украінец, эмігрант з усходняй Украіны, зусім спаланізаваны, украінскую мову вывучае ад мяне. Адна дзяўчына евангелічнага веравызнання, з літоўскімі каранямі — свайго дзядулю, калі ён размаўляе на роднай мове, не разумее. Астатнія, мабыць, палякі. Мабыць, добрыя палякі і добрыя каталікі. З усяе Польшчы. Пошукі сваіх. У Гайнаўскім беларускім ліцэі не трэба было шукаць сваіх. Не было проста ніякіх „чужых”. Усе мы былі насамрэч аднолькавыя, хаця некаторыя лічылі сябе тутэйшымі, іншыя праваслаўнымі палякамі, частка беларусамі, а астатнім было „ўсё раўно”. (З. Лемеш, Быць беларусам у Польшчы, фрагмэнт)