- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Старадаўняя мудрасць кажа, што нельга злавіць чорнага ката ўначы, у цёмным пакоі, з завязанымі вачамі, асабліва, калі яго там няма. Немажліва знайсці праўду там, дзе яе не можа быць у прынцыпе. А дзе павінен шукаць свой шлях народ, які збіўся з дарогі? Мо павучыцца ў заможнейшых суседзяў? А можа паверыць тым, хто сам сябе назваў яго збаўцамі? Ці можа рухацца наўгад? А ці не лепш зазірнуць у глыбінныя далечы гісторыі, ды паспрабаваць збудаваць будучыню на падмурках, якія стваралі тыя, каго даўно ўжо няма. Бо гісторыя настойліва працягвае тлумачыць, што нашы ўнукі будуць хацець дакладна таго, за што змагаліся нашыя дзяды. Бо народ, гэта не толькі тыя людзі, якія жывуць сёння, але і тыя, хто ўжо аджыў сваё, і тыя, хто яшчэ не нарадзіўся. Кожны народ не толькі унікальны ў сваёй непаўторнасці, але яшчэ і вечны, калі не парваная таямнічая нітка, якая звязвае тых, хто яшчэ будзе, з тымі, хто ўжо быў. І будуць навечна асуджаныя пакаленні, якія ў сваіх пастановах і дзеяннях ігнаравалі волю памерлых і ненароджаных. А будучыня ёсць толькі ў таго, хто добра помніць сваё мінулае. (В. Сазонаў, І цяпер Грунвальд, фрагмэнт)