Сяргей Шупа: Наш прыярытэт – гэта якасць зместу і формы
2023-05-17 12:29
5 гадоў – столькі ў Празе існуе беларускае незалежнае выдавецтва пад назвай „Вясна”. Яно задумана як працяг беларускага кнігадрукавання ў Чэхіі.
Выдаецца літаратура высокай якасці як у арыгінале, так і робяцца пераклады, – распавёў наш сённяшні „Госць Рацыі” рэдактар, перакладчык Сяргей Шупа.
РР: Як даўно існуе вашае выдавецтва?
– Нашаму выдавецтву сёлета споўніцца пяць гадоў. Гісторыя яго ўзнікнення была такая, я ўвесь час нешта пішу, перакладаю, часам у нас узнікалі праблемы, каб гэта неяк аператыўна выдаць. Мы жывём у Празе, а беларускія незалежныя выдавецтвы працавалі ў не зусім спрыяльных умовах. Часам на выданне кніжак мы дамаўляліся з імі ў Менску, гэтыя выданні зацягваліся на гады. Калі ў нас у 2018 годзе быў гатовы пераклад Мойшэ Кульбака „Панядзелак”, мы не маглі неяк знайсці выдаўца, мы вырашылі, чаму нам не выдаць яго самім. Жонка яна прадпрымальніца, яна музыкант, яна раней выдавала свае кампакт-дыскі, у яе быў пэўны досвед, вось так узнікла наша выдавецтва, якое называецца „Вясна”. Першая кніжка 2018 год Мойшэ Кульбак, пераклад рамана „Панядзелак”. Пасля яно неяк так пайшло, нам гэта спадабалася, мы былі задаволеныя, што можам выдаваць кніжкі так, як мы хочам і тады, калі мы хочам. Вось дагэтуль гэта сістэма працуе.
РР: З чаго цяпер складаецца ваша дзейнасць? Што ў прыярытэце?
– Нейкіх спецыяльных прыярытэтаў мы не маем, апрача таго, што мы стараемся выдаваць якасныя кніжкі, не нейкія хіты, а кніжкі, якія будуць чытацца і прадавацца, сёння, праз месяц, праз год і праз пяць гадоў. Гэта нейкая больш-менш класіка, або такія сучасныя творы, якія на нашую думку могуць калісьці стаць класікай. Наш прыярытэт – гэта якасць зместу і формы. Мы стараемся, каб нашыя кнігі выглядалі прэзентабельна з пункту гледжання афармлення, з пункту гледжання тэхнічнага выканання. У тым ліку чыста тактыльна, каб іх было прыемна трымаць у руках, зручна і лёгка чытаць. Каротка можа быць вось так.
РР: Пра якія апошнія выданні вы маглі б распавесці?
– Апошняя наша кніжка выйшла з друкарні дзён дзесяць таму, гэта раман Альгерда Бахарэвіча „Плошча Перамогі”. Гэта кніжка выйшла ўжо год таму ў электронным выглядзе. Але дзеля таго, што электронная кніжка ў нас можа быць не самы папулярны прадукт, то звычайна электронная кніжка ідзе ў дадатак да традыцыйнай папяровай кнігі. Вось у гэтым выпадку папяровай кнігі не было і неяк таму гэтая кніга не мела дастатковага розгаласу. Нам падалося, што гэта як раз мусіць быць запоўнена, тым больш нядаўна прыйшла інфармацыя, што Купалаўцы збіраюцца паставіць спектакль паводле гэтай кнігі. Вось мы вырашылі гэтую кнігу выдаць у тым ліку і папяровае выданне. Гэтая кніга выйшла вельмі добрая. Гэта трохі такі новы Бахарэвіч, не зусім падобны да Бахарэвіча старога, таму мы ўсім гэтую кнігу горача рэкамендуем. Перад гэтым у нас папярэдняя кніга была, гэта першы наш досвед навуковага выдання. Гэта быў пераклад біблейнай „Песні песняў”. Прычым у гэтым выданні сам пераклад займае старонак пяцьдзясят, а сто старонак займаюць навуковыя прадмовы і каментары, якія напісала наша славутая біблеістка Галіна Сініла. За такую кнігу не сорамна і перад навуковай грамадскасцю. Гэта кніга выйшла ў праекце, якія я думаю будзе мець працяг, „Новая беларуская Біблія”. Сабралася такая каманда, у якой я і працаваў, як перакладчык, якая збіраецца выдаць новы пераклад Бібліі, які будзе разлічаны на шырокія колы незалежна ад рэлігіі. Новы навуковы салідны пераклад нас сучасную беларускую літаратурную мову, на ўзроўні біблеістыкі 21-га стагоддзя.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
З апошніх выдадзеных кніг – гэта
Альгерд Бахарэвіч „Плошча Перамогі” (2023), „Песня песняў” (2022),
Джордж Оруэл. „1984” (2022) (Выд. А. Янушкевіч),
Тацяна Сапач „Гаспадыня восеньскага дому” „2022),
Мойшэ Кульбак „Усе вершы і паэмы” (2022) і гэтак далей.
Беларускае Радыё Рацыя