«Дзеці Аліндаркі» Бахарэвіча выйшлі ў ЗША


Раман Альгерда Бахарэвіча «Дзеці Аліндаркі» выйшаў у прэстыжным амэрыканскім выдавецтве New Directions. Кнігу пераклалі Джым Дынглі і Пэтра Рыд.

У выдавецкай анатацыі да кнігі сярод іншага сказана:

«Маніфэст выжываньня беларускай мовы і душы, „Дзеці Аліндаркі“ — гэта яшчэ і перакладчыцкі подзьвіг. Ляўрэат прэміі Ангельскага ПЭНу, раман бліскуча перададзены на ангельскай (з расейскай) і шатляндзкай (зь беларускай): і беларуская, і шатляндзкая мова ў Атлясе моваў UNESCO залічаныя ў мовы пад пагрозай зьнікненьня».

Па-беларуску раман Альгерда Бахарэвіча «Дзеці Аліндаркі» ўпершыню выйшаў ў 2014 годзе ў выдавецтве «Галіяфы», у 2015 годзе ён быў выбраны Кнігай году ў намінацыі «Проза» ў рамках конкурсу, арганізаванага беларускім ПЭН-цэнтрам, дзе ляўрэатаў выбіралі самі пісьменьнікі.

У тым самым годзе «Дзеці Аліндаркі» занялі трэцяе месца ў прэміі Ежы Гедройця (пераможцам тады быў абраны Віктар Казько з кнігай «Час зьбіраць косьці»).

У 2018 годзе ў Францыі ў незалежным выдавецтве Віржыні Шыманец Le Ver à soie гэтая кніга Альгерда Бахарэвіча выйшла ў перакладзе на францускую мову Алены Лапатнёвай. Гэта быў першы ў гісторыі раман, перакладзены на францускую непасрэдна зь беларускай мовы.

Пераклад Джыма Дынглі і Пэтры Рыд упершыню выйшаў у 2020 годзе ў выдавецтве Scotland Street Press. Беларуска-расейска-трасяначную разнамоўнасьць арыгіналу перакладчыкі перадалі камбінацыяй ангельскай і шатляндзкай (Scots) мовы, прычым перакладчыца Пэтра Рыд дадала ў тэкст шэраг чыста шатляндзкіх матываў, якія перагукаюцца зь беларускімі моўнымі і гістарычна-культурнымі праблемамі.

New Directions
— амэрыканскае выдавецтва, заснаванае ў 1936 годзе. Гэта было першае амэрыканскае выдавецтва, у якім выйшлі кнігі Ўладзіміра Набокава, Хорхе Луіса Боргеса, Генры Мілера. Сярод аўтараў выдавецтва нямала ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі: Жан-Поль Сартр, Эліяс Канэці, Пабла Нэруда, Барыс Пастэрнак ды іншыя.
Крыніца: Радыё Свабода