- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На канец 1943 г., калі АН БССР размясцілася ў Маскве, у яе структуры дзейнічалі часовыя групы гісторыі, мовы і літаратуры, медыцыны, эканомікі, фізіка-тэхнічная лабараторыя і інш. У Акадэміі змаглі разгарнуць працу толькі Інстытуты торфу і сацыялістычнай сельскай гаспадаркі. У першай палове 1944 г. з санкцыі партыйнага і дзяржаўнага кіраўніцтва БССР пачалося аднаўленне сеткі навукова-даследчых устаноў Акадэміі. Гэты працэс у сувязі з недахопам матэрыяльных рэсурсаў, а таксама кваліфікаваных супрацоўнікаў расцягнуўся ў часе і з большага быў завершаны толькі ў жніўні 1945 г. Акрамя ўстаноў, якія існавалі ў даваенны час, пачалі з’яўляцца новыя: Літаратурны музей Янкі Купалы, архітэктурна-будаўнічы сектар (з 1946 г – Інстытут архітэктуры і будаўніцтва). Абмяркоўвалася і стварэнне іншых навукова-даследчых падраздзяленняў. З другой паловы 1944 г. надзённым для кіраўніцтва Акадэміі стала пытанне пераезду яе ўстаноў і супрацоўнікаў у Мінск. Першапачаткова планавалася рээвакуіраваць АН БССР у тэрмін да 1 лістапада 1944 г. Аднак, у сувязі з адсутнасцю абсталявання, пашкоджаннем працоўных і жылых будынкаў, дадзены працэс зацягнуўся. Матэрыялы дазваляюць меркаваць, што рээвакуацыя прайшла ў два этапы.