Наста Кудасава: Для мяне зараз галоўнае не страціць пачуццё натхнення
2023-03-24 11:17
У эміграцыі кантакт з калегамі адбываецца часцей, чым у Беларусі, а таксама стала яшчэ больш магчымасцяў для творчых сустрэч.
Пра гэта распавяла паэтка
Наста Кудасава, што часова жыве ў Польшчы праз палітычную сітуацыю на радзіме. Яна адзначыла, што галоўнае – працягваць пісаць:
– Калі казаць пра творчасць, то для мяне прыярытэтным застаецца сам факт творчасці. Для паэта найгалоўнейшае – гэта пісаць. Проста каб яно адбывалася. То бок я зараз у такім стане, калі ўсе сілы кінутыя, каб выжыць, таму што варункі даволі цяжкія, варункі новыя. І я разумею, што найперш для мяне галоўнае не нейкі набытак – кнігі, прэзентацыі. А для мяне галоўнае проста не страціць гэтае пачуццё натхнення.
Наста Кудасава дадала, што пакуль яна сама актыўна не прымае ўдзел у мерапрыемствах як выступоўца, паколькі чакае, калі фізічна будуць выдадзеныя яе кнігі. А разам з накладам можна ехаць на прэзентацыі і сустрэчы з чытачамі.
Беларускае Радыё Рацыя