- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
28 лістапада на сядзібе ТБМ адкрылася выстава твораў мастакоў суполкі "Пагоня", прысвечаная 99-тым угодкам Слуцкага збройнага чыну. Мы вырашылі адзначыць гадавіну Слуцкага збройнага чыну, і паколькі мы не заўсёды можам выстаўляць свае творы ў Палацы мастацтва, то мы выкарысталі магчымасць разгарнуць выставу на сядзібе ТБМ, - адзначыў Алесь Цыркуноў. На выставе прадстаўлены творы Алеся Цыркунова, Лявона Грышчука, Эдварда Агуновіча, Генадзя Драздова, а таксама Святланы Раманавай. Слуцкі збройны чын - адзін з яркіх момантаў барацьбы беларусаў за сваю дзяржаўнасць, -адзначыў адзін з удзельнікаў выставы. У цэнтры экспазіцыі знаходзіцца "Рэпрадукцыя Пагоні" Алеся Цыркунова. На выставе ёсць яшчэ адна яго праца "Балотны волат у смутку". Вядомы беларускі жывапісец Алесь Цыркуноў з'яўляецца аўтарам карцін на нацыянальна-патрыятычную тэматыку. У 2013- 2015 гадах спадар Алесь быў ініцыятарам адкрыцця выстаў на сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны, прысвечаных Дню Волі і іншым важным памятным датам у гісторыі краіны. Яго пэндзлю належаць партрэты М. Танка, Ул. Дубоўкі, А. Міцкевіча, Л. Лыча, У. Содаля, С. Новіка-Пяюна. Яго натхнялі вобразы Ефрасінні Полацкай, Ларысы Геніюш, Дануты Бічэль. Алесь Цыркуноў нарадзіўся ў в. Лясань Жлобінскага раёна, скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, выкладаў жывапіс у сярэдняй школе № 75 г. Менска і ў іншых установах, прысвяціў сябе станкаваму жывапісу.