На Ночы расстраляных паэтаў Андрэй Мельнікаў прадставіць «Курапацкі блюз»
2020-10-30 12:05
У 2017 годзе на Курапацкай варце Андрэй Мельнікаў напісаў песню "Курапацкі блюз". Але прэзентавана шырокім колам грамадства яна будзе толькі сёння, 29 кастрычніка 2020 года,— на фоне падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне, у дзень памінання расстраляных паэтаў у Курапатах.
"У 1988-м з Курапатаў пачалося Адраджэнне беларускай даваеннай гістарычнай памяці. У тагачаснай саўковай сыстэме беларуская памяць як бы пачыналася з вайны 1941-1945 гадоў. Пра ранейшае балючае казалі хіба што грамадскія "дзівакі-маргіналы", кшталту пісьменнікаў Быкава, Караткевіча, Грахоўскага... А тут аказалася, што "дзівакоў-маргіналаў" з абуджанай памяццю выявіліся многія тысячы, прычым з розных частак грамадства. Улада 30 кастрычніка 1988-га зрэагавала так, як на той час лічыла самым адэкватным — прымяненнем газа і масавым хапуном", — кажа Андрэй Мельнікаў.
На пачатку гучыць прамова С.Грахоўскага, Курапаты, 1995 год.
Архіўныя відэа Сяргея Чырыка: Курапаты (1995) і Курапаты (1988).
Мантаж: Кастусь Елісееў.
Курапацкі трывожны блюз
загучаў у чарговы раз.
Лес спявае — я малюся...
Курапацкі трывожны блюз.
Вецер дыхае сярод крыжоў.
Пад крыжамі — сляды жыцця.
Кальцавой дарогі лязо
разразае душу наўсцяж.
Самаходаў стальная кроў
між тваіх цячэ берагоў,
Курапацкая Беларусь...
Курапатаў трывожны блюз...