- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Верасень падводзіць папярэдні вынік усёй сялянскай працы за год. У верасні ўжо вядома, як селянін перазімуе, што ў яго будзе ўзімку на стале. На Бешанковіцкім рынку ў верасні, як і ў жніўні, прадаецца ўсё. На месца чарніц і брусніц упэўнена прыйшлі журавіны. У нашым раёне іх можна назбіраць і ў Асаўцы, і ў Карабове, і ў Мамойках. Прычым ягада з кожнага балота свая, адметная формай. Каштуюць журавіны сёлета 5 рублёў за літар. Больш, чым у жніўні, у верасні прадаюць грыбы. Найчасцей гэта лісічкі, але зрэдку на рынак прывозяць і іншыя, асабліва, калі іх не шмат у лесе. Сёлета грыбоў у вераснёўскім лесе хапае, а таму на рынку іх мала: каго імі тут здзівіш? Памідоры па-ранейшаму на Бешанковіцкім рынку дамінуюць. Яно і зразумела, бо кожная сябе паважаючая гаспадыня ў Бешанковічах мае цяплічку, дый не абы якую, а сучасную, з полікарбанаду. Праўда, каштуюць тыя памідоры ў верасні не даражэй за 2 рублі за кг, але цана на іх пачынае пакрысе расці. Агуркі ў верасні таксама на рынку ёсць, і яны прадаюцца па 2 рублі за кілаграм. Толькі іх не так шмат, як памідораў. Бульба, як мы пісалі ў жнівеньскім нумары, сёлета ў цане. Ейны кошт крыху панізіўся, але ніжэй за рубель кілаграм бульбы не прадаюць. І нават оптавы гандаль не разбурае гэту цану.