- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У бэзавым прыцемку, які пачаў асядаць на зямлю, зноў таргануліся колы. Павольна паплыў перон. Цягнік, нервова здрыгануўшыся на першым стыку, сказаў: ”Так”. І паплыў, паплыў назад ужо не перон, а ўвесь Пінск з ціхімі вулачкамі, заінелымі вербамі, з прадаўнімі дзікімі вежамі званіц, што з чыгуннай суровасцю перакрэслівалі акаём. Вячэрняя зара разлілася на паўнеба, стылая, дзіка-чырвоная, пагрозлівая. “Будзе люты мароз”, – падумаў мужчына год трыццаці.