- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
«Homan» («Гоман») — беларуская грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася з 15(28).2.1916 да канца 1918 ў Вільні на беларускай мове з дазволу акупацыйных германскіх улад. Выходзіла 2 разы на тыдзень лацінкай і кірыліцай (з 1.9.1916). Рэдактары В. Ластоўскі, Я. Салавей (з № 33 (125), 1917). Сацыяльна-палітычная праграма газеты набліжалася да сялянска-работніцкага сацыялізму: народаўладдзе, ліквідацыя эксплуатацыі наёмных работнікаў, ідэя кіравання грамадствам праз «усялякія таварыствы, кааператывы, прафесіянальныя работніцкія хаўрусы». Выступала за нацыянальна-культурнае адзінства беларускага народа, незалежную Беларускую рэспубліку, якая магла б уваходзіць на канфедэратыўнай аснове ў адроджанае Вялікае Княства Літоўскае. Інфармавала пра сацыяльныя і нацыянальныя супярэчнасці, унутранае і міжнароднае становішча краю. Вітала звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі і нацыянальнае самавызначэнне народаў. Найвышэйшымі каштоўнасцямі вольнага грамадства лічыліся нацыянальная незалежнасць, інтэлектуальная і палітычная свабода, родная мова і культура, сацыяльны аптымізм і хрысціянская вера.