- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Гэты, трэці нумар нашага альманаху мае шматузроўневую канцэпцыю, якая складаецца з чатырох асноўных элементаў: Поўнач (Балтаскандыя), індаеўрапейцы, блізнячы міф, імперыя. Усе гэтыя элементы, звязаныя між сабою не толькі з прыхамаці ўкладальніка, маюць глыбінныя повязі, якімі прасякнутыя гэтыя, здавалася б, апрычоныя тэмы, дазваляючы зразумець іх істу ў арганічным адзінстве. Поўнач для нас выступае ў двух вымярэннях – метафізічным і геапалітычным. Метафізіка Поўначы як сакральнага полюса і вытока прымардыяльнай Традыцыі, краю, які арыентуе чалавека вертыкальна, выхоўваючы ў ім звышчалавечыя якасці, задае падставовыя параметры нашай карціны свету. Поўнач – месца тэафаніі, актыўнай боскай праявы і маніфестацыі. Поўнач – краіна лесу, паводле беларускай міфа-паэтычнай традыцыі: «Лес апасродкуе дачыненні Неба (Верху) і Зямлі (Нізу), у стэпе гэтыя дачыненні беспасярэднія, што ўласціва хутчэй раннім фазам касмагенезу. Лес семантычна маркіруе Поўнач і Верх, стэп – Поўдзень і Ніз. І, як вынік усяго, лес аказваецца максімальна прыцягнутым да сферы сакральнага» (Сяргей Санько).