- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пара ісьці з духам часу. Пачатак 1960-тых гадоў у Амэрыцы характэрны тым, што на палітычнай сцэне зьяўляецца й пачьгаае дзеіць новае, маладое пакаленьне, — якое ўзгадавалася й прайшло навуку ў часе й пасьля II-ой сусьветнай вайны. Гэтую „учарайшую моладзь" трапна акрэсьліў адзін зь ейных духовых прадстаўнікоў, прэзыдэнт Кэнэды: „...народжаныя ў гэтым стагодзьдзі, загартаваныя вайною, здысцыплінаваныя цяжкім і горкім мірам, прадукт нашай спрадвечнай спадчыны"... Новае пакаленьне прынесла з сабой і новы дух, які цяпер найбольш пашыраецца сярод амэрыканскіх студэнтаў. Сяньняшнія студэнты будуць заўтра фармаваць думаньне й сьветапагляд усяе нацыі; таму варта прыгледзецца, што гэта за новы дух і да чаго імкнуцца ягоныя носьбіты. Перш-наперш яны адзначаюцца вялікім зацікаўленьнем грамадзкімі й палітычнымі справамі, шуканьнем новых шляхоў да разьвязаньня праблемаў грамадзтва. Ім замала здабыць асьвету; яны хочуць выкарыстаць яе, каб зьмяніць, паправіць сьвет, кіраваны цяпер іхнымі бацькамі. Пазнаючы дасканальнасьць і тэмп сучаснае тэхнікі, студэнтам цяжка адначасна ня бачыць асталасьці ў галіне міжлюдзкіх, грамадзкіх дачыненьняў. Адылі яны не здавальняюцца дыскусіяй, а бяруць ініцыятыву ў свае рукі — вывучаюць праблемы й падаюць канкрэтныя прапановы, як іх разьвязаць.