- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Вясковыя дзеці. У іх тварах, здаецца мне, ёсць штосьці ад задуменнага здзіўлення і засяроджанасці птушак, асабліва тых, што ўвасабляюць сёння Палессе,— буслоў. I асабліва ў той час, калі яны на самоце і сярод цішы дуброў, спакою вады, дрымоты зарослых альхою балацін. Птушкі і дзеці. Хоць на аддаленні адно ад аднаго, але і разам з тым у нябачнай лучнасці. I я аднолькава баюся парушыць гэта яднанне птушак і дзяцей. Мне здаецца, што менавіта ў такі момант у дзецях нараджаецца — каб пасля таго, як мінуць зімы і вёсны, абудзіцца радасцю і болем — уяўленне вечнасці, якое ў сваю чаргу дапаможа ім зразумець сябе і сваю зямлю, дапаможа не згубіцца на гэтай зямлі. Я да болю прагну ўбачыць іх твары, зазірнуць у вочы зараз, калі душа толькі-толькі пачынае адчуваць сябе, калі пачынае скручвацца нітка, якая крыху пазней аб’яднае, звяжа мінулае, сённяшняе, будучае ў адно непарыўнае цэлае. Я наіўна веру, што менавіта ў такія мінуты можна зазірнуць у іх будучае. А я жадаю ім будучага такога ж асветлена чыстага, як гэты, што дыхае свежасцю і радасцю, запешчаны сонцам і небам вясковы дубняк, праз самы край якога льецца птушыная песня, дубняк, у які яны ўжо зайшлі і з якім не могуць развітацца. Таму з такім хваляваннем і прагнасцю ўглядаўся ў іх твары. (фрагмент)