- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Паважаныя чытачы! Пераадольваючы зразумелыя цяжкасці, звязаныя з унікальнасцю беларускай сітуацыі, дзе вядучае выданне, прысвечанае гісторыі культуры, не толькі акуратна выплочвае ўсе падаткі як звычайны ўдзельнік эканамічнай дзейнасці, але і не падтрымліваецца дзяржавай, мы чарговы раз прыходзім да вас. Прыходзім са спазненнем, бо, шчыра прызнацца, папросту не можам утрымліваць адпаведны штат супрацоўнікаў, каб гарантаваць больш рытмічную працу. Магчыма, вас суцешыць хоць бы такая інфармацыя: індывідуальныя падпісчыкі і пакупнікі ў шапіках атрымліваюць “Спадчыну” ўдвая танней сабекошту, а ведамасныя — па сабекошце, але без нацэнак — дзякуючы заніжаным коштам, якія выстаўляе рэдакцыя, разумеючы сваю задачу — падтрымаць развіццё ведаў пра нашую найбагацейшую культуру ў часы, калі дзяржаўным дбаннем народ даведзены да скрайне высокіх пакупніцкіх магчымасцяў. Часткова з гэтае прычыны два бліжэйшыя нумары — гэты і наступны — вельмі індывідуалізаваныя і асабістыя па падборы публікацый. Бягучы прысвечаны спажывецкай культуры Беларусі ў рэтраспектыве, тэме, асабіста блізкай сэрцу аднаго з найбольш актыўных чальцоў нашае Рэдкалегіі Алеся Белага.