- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Помніць сябе пачынаю пад галасы жніўнае песні. Хутар Верасовачка. Песня тужлівая, здаецца, колецца неўсвядомленай яшчэ самотай, як іржэўе. Заходзіць сонца. Мама кажа страшную казку. Калі бацька прыходзіў з працы ці прыязджаў з руму, я любіў расперазаць яго, каб з запазухі выпаў ці абаранак, ці акрайчык, што перадаў зайчык. ...Пераезд у Вушачу помню дужа смутна. На кані паклажа і я. Чамусьць цяжка было перавезці з хутара ката. Яго, як ваўка таго, у лес, у хмыз цягнула. У Вушачы, нешта ўроілася мне, сядзеў на бальшаку і еў кашу. Нейкая цётка папрасіла пакаштаваць, плакаў, не хацеў даць. Зверху мама дадала жалю розгай за скупасць. Бацька мяне не біў. Толькі калі я пачынаў хадзіць на галаве, пытаўся: "А дзе мой чорненькі?" Гэта значыць, раменьчык. І гэтага запытання хапала. ...Пачыналася вайна. Савецкая ўлада ўцякала. Безуладдзе. Вусціш. Чуў, як пошаптам мама з бацькам казалі: у ляску пры дарозе на Арэхаўна расстрэльвалі палякаў. Мужчын, жанчын, старых, дзяцей. (Гэта рука дапамогі прасавечаных братоў паняволеным братам Заходняй Беларусі. Ачышчалі турмы сталінскія малойчыкі). Пачатак вайны запомніўся так. Наляцеў самалёт. Мы з бацькам беглі па жыце, жыта нават мяне не магло схаваць. Дабеглі да зямлянкі. ...Баба Малання, маміна мама, была уніяткай, малілася па-беларуску. Мама дужа добра шыла. Прапаноўвалі ісці ў арцель. Не пайшла. Гаспадарка, хай і невялікая, патрабавала шмат увагі. Дый за сынам трэба было прыглядаць, каб ад рук не адбіўся. Калі яна спала, пачынаю ўспамінаць і не прыпомню. Да апошняга была мама рупніцай. Па-латышску rupnica - фабрыка, завод. Чаму латышскую мову згадаў? Бацька мамін быў латыш. Рыжанін Галвіньш - механік па млынах. ...У школе былі настаўнікі розныя. Адны ведалі тое, што выкладалі, другія не ведалі. Адных мы любілі, другіх не любілі. Нямецкую мову мы вывучалі з трэцяга класа. Першая настаўніца няйначай па начах сама вучыла літары лацінкі, бо слова Deutsch чытала як деутш. На шчасце, неўзабаве прыйшла Пелагея Філімонаўна Харчанка, якая ў свой час скончыла гімназію. ...Успамінаць можна шмат чаго. Але большае забылася, а меншае засталося. Большая частка жыцця пражыта. Засталася меншая. А над малым дзіцем болей дрыжаць. Але як ні дрыжы, колькі Бог дасць яшчэ пражыць, столькі і пражывеш. Бог - бацька. Пішу гэтыя радкі ў мамінай хаце 30 жніўня. Здаецца, у гэты ж дзень у 1954 годзе ехаў я ў Мінск па веды. І даведаўся, што толькі дома я дома. На таку майго веку зярняты дзён былі добрыя. Самым чыстым зернем, самым адборным засталіся маміны словы. З іх хлеб для душы мае...
1995
P. S. Поўны варыянт успамінаў "На таку веку майго" гл. у ІV томе Збору твораў Рыгора Барадуліна. - Мінск, "Мастацкая літаратура", 2002, с. 84 – 141.
Фота: Вадзім Грудзько p>
У сваёй паэме — «Балада Брэсцкай крэпасці» вядомы беларускі паэт Рыгор Барадулін піша пра неўміручы подзвіг савецкага народа, здзейснены пад кіраўніцтвам роднай Камуністычнай партыі. Ярка i велічна паўстаюць на старонках кнігі вядомыя i невядомыя абаронцы цытадэлі славы, сама крэпасць-Герой, яе боль... Болей »
«Свята пчалы» — выбраныя старонкі з асноўных кніг лірыкі Рыгора Барадуліна, пададзеныя ў храналагічным парадку. Заключаюць гэты зборнік радкі пачатай кнігі i тры паэмы... Болей »
Новую кнігу лірыкі вядомага беларускага паэта Рыгора Барадуліна склалі вершы, напісаныя за апошнія гады. Яны розныя па тэматыцы. Але іх аб'ядноўвае адно — любоў да Радзімы, маці і матчыных песень, да блізкіх і далёкіх сяброў. Як і ў папярэдніх кнігах, мова паэта ярка метафарычная, вобразная, асветленая... Болей »
Нарадзіўся ў сям'і Івана Рыгоравіча і Акуліны Андрэеўны Барадуліных на хутары Верасоўка, а ў 1937 г. хутар быў ліквідаваны і сям'ю паэта перасялілі ва Ушачы. Пасля вайны Рыгор Барадулінн вучыўся ва Ушацкай сярэдняй школе (скончыў у 1954 г.), затым на філалагічным факультэце БДУ (скончыў у 1959 г.) Працаваў... Болей »
Новая кніга вершаў i іхаэм Рыгора Барадуліна — вынік плённай творчай працы паэта апошніх двухтрох год, яго паездак на роднай Беларусі, на берагі Ціхага акіяна, у Запаляр'е, Прыбалтику 1 іншыя краі Радзімы. Гэта — шчыры i прачулы расказ аб усім убачаным i перажытым, аб марах i пачуцця нашага сучасніка.... Болей »
У кнігу Рыгора Барадуліна «Адам і Ева ўключаны лепшыя вершы і паэмы з ранейшых зборнікаў, а таксама новыя творы. Паэт Рыгор Барадулін належыць да пакалення пісьменнікаў, якія ўвайшлі ў літаратуру ў пяцідзесятыя гады; пакалення, на вачах якога па блакітных дарогах Бацькаўшчыны прагрымела крывавая вайна;... Болей »
Неруш — зборнік лірыкі Рыгора Барадуліна. Па розных дарогах прайшоў паэт: ад няскоранай цытадэлі Брэста да туманных берагоў Японскага мора, ад самых паўночных на зямлі гарадскіх агнёў да суровых перавалаў Паміра. Але дзе б ні праходзілі паэтавы дарогі — сэрца ягонае заставалася і застаецца на беларускай... Болей »
«Рунець, красаваць, налівацца!» Такім народным выразам у нас, у Беларусі, люструецца пара, калі расце і выспявае жыта. Рунець, красаваць, налівацца! — гэтыя словы стасуюцца і да маладосці нашай зямлі, нашай паэзіі, і да несмяротнасці і трываласці нашай вялікай справы. I гэтак жа, як гаворыць... Болей »
Рыгор Барадулін нарадзіўся ў 1935 годзе на Ушаччыне, у сям'і рабочага. У 1954 годзе скончыў Ушацкую сярэднюю школу i паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У. I. Леніна на філалагічны факультэт. Першы верш яго быў надрукаваны ў 1954 годзе ў газеце «Чырвоная змена». За вершы з нізкі «На зямлі... Болей »